23/03/2014

1670. Прывілей Гарадной на магдэбургскае права

Валер Кісель
Кароль Міхал Вішнявецкі

Уночы з 23 на 24 верасня 1793 нямы Гарадзенскі сойм маўкліва пагадзіўся з анэксіяй другое часткі Літвы-Беларусі Расійскаю імперыяй. Другі падзел Рэчы Паспалітае прайшоў па лініі Дзвінск–Пінск–Збруч. Можна сказаць, што іншага выбару ў дэпутатаў не было. У Горадні над Нёманам размясцілася вялікая колькасць расейскіх войскаў. Паслоў, што прыбылі на сойм, актыўна запужвалі ці прапаноўвалі хабар. Становішча моцна нагадвала сёлетнюю сітуацыю ў Крыме. Хоць прайшло 220 гадоў, метады імперыі ніяк не змяніліся. Але якая справа да гэтага была гарадэнцам? Ужо праз 4 дні пасля анэксіі, 28 верасня 1793 ў места Пінск тэрмінова з’явіўся бурмістр мястэчка Гарадная Дмітро Кісель, каб актыкаваць прывілей на магдэбургскае права 1670 года.