Валер Кісель
Гарадная – літоўскае мястэчка. Як такое можа быць? – спытае паспаліты чытач. І
праўда – сёньняшняя Літва аж за 300 км на поўнач ад Гарадной! Але так было не
заўсёды, а для маштабу нашае гісторыі дык было зусім нядаўна. Па-першае, мястэчка Гарадную заснаваў
на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1592 року пінскі стараста як прадстаўнік
дзяржаўнае ўлады гэтае краіны дзеля забесьпячэньня вялікага абшару Літвы
ганчарным посудам. Па-другое, вялікія
князі літоўскія надавалі Гарадной асноўны дакумэнт, якім ганарыліся гарадэнцы –
прывілей на майдэборскае права. Па-трэцяе, ад свайго пачатку Гарадная жыла паводле Літоўскага Статуту, жывая гаворка
гарадэнцаў дагэтуль вельмі блізкая да мовы Статуту, здаецца, нават бліжэй за
беларускую мову. Па-чацьвертае, у
Гарадной з часам усталявалася грэцкая царква ў «сьвятой Вуніі» з Рымам як і
пераважна паўсюль у тадышнім ВКЛ. Па-пятае,
у лёсе Гарадной гралі лёсавызначальную ролю славутыя літвінскія роды:
Радзівілы, Агінскія, Бутрымовічы, Орды, Скірмунты ды інш. Чаму завяршэньнем
літоўскага часу я ўмоўна пазначыў 1863 год, а не 1793 – другі падзел Рэчы
Паспалітае?