Частка 1. Ад рэформ Тызэнгаўза да выгнання лясных стральцоў Сандэцкага
Злева Матэвуш Бутрымовіч герба "Тапор" |
Да сярэдзіны 18 ст. пасля вялікіх войнаў жыццё ў
магдэбургскім мястэчку Гарадная наладзілася. Павысіўся попыт на прадукцыю гарадэнскіх
ганчароў, якая развозілася на падводах і чаўнах ва ўсе бакі Рэчы Паспалітае. Посуд
прадавалі альбо мянялі на збожжа, соль і г. д. Заможныя гарадэнцы мелі
ўрадлівыя ворныя землі за балотам Марочным (каля Калоднага, Нячатава,
Жаўкіняў). Дзейнічала цэхавая арганізацыя рамеснікаў, рэгулярна абіраўся
магістрат. Кожны новы манарх пацвярджаў гарадэнскі Прывілей на самакіраванне. Аднак
набліжаліся перамены, якія так моцна падарвалі матэрыяльны дабрабыт вольных мяшчан,
што яшчэ на пачатку 20 ст. сведчаннем этнографа Ісака Сербава “гарадняне
лічыліся найбяднейшым народам на Палессі”.