03/03/2013

1912. Гарадная 100 год таму

Славуты беларускі этнограф Ісак Сербаў ня мог не пабываць у Гарадной. Ягоныя 27 фотасьведчаньняў Гарадное перад Першаю сусьветнаю вайною захоўваюцца ў бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту. Вось якімі ён убачыў мястэчка і местачкоўцаў улетку 1912:
Вуліца мястэчка

Улетку 1912 г. на даручэньне Паўночна-Заходняга Аддзелу Імпэратарскага Расейскага Геаграфічнага Таварыства я для зьбіраньня матар’ялаў па этнаграфіі аб’ехаў амаль што ўсё Палесьсе.
Экскурсія мая доўжылася 2 месяцы, менавіта ад 8-га чэрвеня да 12-га жніўня. Увесь шлях гэтае паездкі агулам складае прыблізна 1800 вёрстаў, зь якіх звыш 1000 зроблена на калёсах і да 800 чыгункаю, параходам і аўтамабілем. Пры гэтым запісана да 300 вусных народных твораў: песьняў, казак, загадак, прыказак, замоваў, паданьняў і легендаў; пакладзена на ноты з голасу болей за 80 народных мэлёдыяў і ўрэшце зроблена да 600 фатаграфічных здымкаў.
Сяло Радчыцы
З Плотніцы я зноў скіраваўся на поўдзень старадаўнім трактам на старажытны горад Гародна. У паўдарозе ў с. Радчыцах мяне затрымала содняў на двое вельмі цікавая пясьнярка, бабухна Праксэда Стрэльчук, з голасу якое ўдалося запісаць да 30 народных песень. 70-гадовая тыповая старая ў сваім нацыянальным строі і намітцы да такое ступені разьвесялілася, што зухавата кінулася ў скокі пад прыпеўку:
Бабуся Праксэда Стрэльчук
з Радчыцку

Як пемэр мэй небэжчык,
Поховала журбу ў гэршчык.
Чэрапэчком накрыла,
Шчоб по ёму не тужыла!
Як на мэглыцы вэзла,
Шчо корэўка рэўла.
А як з мэглыцы ішла,
То й музыкі наняла!
Ту-пу, ту-пу, ногэю,
Ту-пу, ту-пу другэю!
Ту-пу, ту-пу обэма,
Шчоб я нужды не мэла!..
Хвала Богу, шчо я дна,
Шчо небэжчыка нэма!
Хвала Богу – я ўдова:
Вольна моя голова!..


Балота Морач
Паміж Гароднам і Радчыцамі ад Перадкарпацьця цягнецца ў паўночна-ўсходнім напрамку велізарнае балота Морач,  якое за Прыпяцьцю зьліваецца з аднайменным балотам на Сярэднім Палесьсі. Пра гэтае балота на ўсім яго працягу захавалася багата розных паданьняў, але ўсе яны ўрэшце зводзяцца да аднае агульнае думкі, што некалі на гэтым месцы існавала вялікае мора, па якім плавалі караблі і зьдзяйсьняліся перамяшчэньні народаў. Але вось нейкая паўночных краін каралева ў час падарожжа морам страціла адзінага свайго сына, за што разгневаная каралева і пракляла грозную стыхію. Пасьля гэтага заклятае мора стала сохнуць і паступова пераўтварылася ў балота Морач.
На дарозе перад Гароднам цераз шырокае гала пракладзеная, відавочна ў найдаўнейшыя часы, доўгая земляная грэбля, на якую ўлетку гарачым поўднем выпаўзаюць папесьціцца на сонейку ўсялякія  гады. З гэтае нагоды тут склалася легенда, нібы ў даўніну гэтыя гады неаднаразова перагароджвалі шлях варожаму нашэсьцю на Гародна. Асноваю да складаньня легенды пра гадаў сталася па ўсёй вераемнасьці тая акалічнасьць, што часьцяком і ў наш час які-колечы ўпарты вуж, расьцягнуўшыся праз увесь насып, не жадае саступіць дарогі падарожніку і нават ударамі хваста і шыпеньнем лякае коней.
Капаюць гліну
Кладуць гліну на калёсы

Дзеці носяць дровы да горна
Выраб цэглы
М. Гародна
Гістарычнае Гародна цяперака ўяўляе сабою шэрае непагляднае мястэчка, што згубілася сярод сыпкіх пяскоў на адкрытай палескай раўніне. Самы цэнтар мястэчка займаюць жыды, а на ўскраінах разьлегліся тыповыя вясковыя вуліцы, заселеныя нашчадкамі старажытных гараднян. Народ гэты ў найвышэйшай ступені працавіты, спраўны. Усе яны ад даўніх часоў займаюцца ганчарным рамяством. Гародна ня толькі абслугоўвае сваімі вырабамі ўсё Палесьсе, але забясьпечвае імі нават Кіеў і Варшаву. Але, да жалю, саматужнікі ня маюць уласнае камэрцыйнае арганізацыі, здаюць свае тавары розным пасярэднікам за бесцань і таму жывуць у скрайняй галечы. На ўсім Палесьсі гарадняне лічацца найбяднейшым народам. Хаты іх старыя, падворкі абламаныя, пустыя, як кажуць, бабыльскія. Землі іхнія нядаўна зь нейкае абмылкі прададзеныя з аўкцыёну, здаецца, па паўрублёвіку за дзесяціну. З гэтых земляў склаўся буйны маёнтак, які пасьля выбаркі лесу перайшоў ужо ледзь ня ў пятыя рукі. Новы ўласьнік маёнтку, нейкі паляк, цяпер ацэньвае голую зямлю ў 200-300 руб. за дзесяціну. Гарадняне ўсё яшчэ спадзяюцца, што ім чамусьці вернуць іхнія землі, дапамогуць іх праваслаўнаму рускаму мяшчанству. Таму яны ў кожным прыежджым схільныя бачыць пасланца, камандзіраванага ад найвышэйшае ўлады абсьледаваць іх гарапашнае жыцьцё-быцьцё. Каб не патрапіць у якую-колечы непрыемную гісторыю, я сфатаграфаваў найважнейшыя моманты вырабу глінянага посуду і пасьпяшаўся зьехаць на Гарынь.

Ад Гародна да Давыд-Гарадка
Па цяжкіх сыпучых пясках насілу я дацягнуўся на ноч у с. Церабяжова. Але аказалася, што год таму тут цэлае лета праседзеў сп. Сержпутоўскі, камандзіраваны Акадэміяй навук на Палесьсе для зьбіраньня матар’ялаў па этнаграфіі…[1]


Ярмола Мірановіч фармуе гаршка.
Справа сусед Халімон Вяроха
Ганчар Лігор Гмір з суседкаю Ярынаю Яроміч
Лігор Гмір і купец Янкель
Палажка Яроміч (36 г.) і Васыль Гмір (36 г.)

Што гэта за непрыемная гісторыя ў якую мог патрапіць Сербаў у Гарадной? Ці пагражалі яму гарадэнцы? Наўрад ці, бо не ахарактызаваў бы жыхароў мястэчка ў параўнаньні з суседзямі ў пазьнейшай сваёй працы такім чынам:
…Так, напрыклад, на ўсім Палесьсі вядома, дзе народ здаўна адметны ці сваёй грубасьцю і схільнасьцю да крадзяжоў, ці хітрасьцю і разбэшчанасьцю. Найбліжэйшыя паміж сабою суседзі, лагішынцы і целяханцы, у сваім характары зусім не падобныя адныя на адных. Першыя зь іх гаваркія, праўдзівыя, сумленныя і гасьцінныя, а другія, наадварот, хітрыя, хлусьлівыя, грубыя і зладзеяватыя. Нарэшце, обраўцы і давыд-гарадчане вядомыя сваім вытрыманым характарам, заразумеласьцю і гонарам, а гарадэнцы і кажан-гарадчане слынуць сваёю дабрынёю і мяккасэрдасьцю[2]
Гарадэнскія дзеці
Ячмэнь таўком. Палажка Яроміч (30 г.) і Ярына Яроміч (67 г.)


[1] Сербов И. А. Поездки по Полесью 1911 и 1912 года. Вильна : издание Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества, 1914. С. 46-47. Пераклад з расейскае.
[2] Сербов И.А. Белоруссы-сакуны: Краткий этнографический очерк. Петроград, 1915. Пераклад з расейскае.

4 comments:

  1. З найвялікшай цікавасцю пазнаёміўся з матэрыялам аб Гарадной Шукаю матэрыялы пра в. А Пакуль беспаспяхова

    ReplyDelete
  2. пра в АЛЬПЕНЬ

    ReplyDelete
    Replies
    1. Пра Альпень матэрыялаў не маю. Ці чыталі Вы кнігі Уладзіміра Ліпскага? Памятаю, што там узгадвалася шляхецкая ваколіца Ольпень у сувязі з Цюхаямі-Ліпскімі і творам «Пінская шляхта».

      Delete
    2. Тут цэлы сайт пра Ляшкевічаў. Апісваецца і Альпень: http://leszkiewicz.narod.ru/olpien.html

      Delete