10/12/2015

Рака Цменка (Гарадэнка)

Валер Кісель
  
  Пра раку з гіпатэтычнай назваю «Гарадэнка», якая працякала каля гарадзішча ў Замкавішчы і суднаходна звязвала старажытную Гарадную з галоўнай гандлёвай артэрыяй Палесся, падрабязней ужо пісаў тут даследнік з Пінска Георг Вячорка. З таго часу мною адшукана яе назва на момант меліярацыі ў канцы 19 ст. і яе адлюстраванне на мапе 18 ст. У другой палове 19 ст. на Палессі працавала маштабная Заходняя экспедыцыя пад кіраўніцтвам інжынера Жылінскага. Мэтамі экспедыцыі было вывучэнне і асушэнне гэтага абшару ў сувязі з будаўніцтвам палескіх чыгунак. Менавіта тады пачаліся грандыёзная змены гідрагеалагічнага аблічча Пінскага Зарэчча. Многія рэкі часткова ці цалкам памянялі свае абліччы, бо былі каналізаваныя. Каналізацыя рэк – гэта змяненне (спраставанне, пашырэнне) іх рэчышчаў з мэтаю палягчэння спуску вады для меліярацыі забалочаных зямель.