Паважаныя сябры! Рады паведаміць Вам, што нарэшце выйшаў другі палескі нумар часопісу «Архэ» з маім даволі ёмістым артыкулам пра Гарадную. За паўтара году, якія прайшлі з моманту напісаньня артыкулу, я адшукаў багата новых сьведчаньняў гісторыі мястэчка. І цяпер, мусіць, артыкул выглядаў бы трохі іначай. Затрымка ў выхадзе палескага нумару была зьвязаная з рэпрэсіямі супраць часопісу, на рэдактара якога была заведзеная крымінальная справа. Дзякуй Богу, цяпер справа закрытая як беспадстаўная, і мы зможам надалей чытаць цікавыя матар’ялы пра гісторыю і культуру нашых продкаў.
Прапаную тут зьмест і ўводзіны да артыкулу. Цалкам можаце зь ім азнаёміцца ў папяровай вэрсіі, якая прадавацьмецца ў «Акадэмкнізе», праз прыватных распаўсюднікаў або кантакты на сайце «Архэ».
.
Мястэчка Гарадная: ад майдэборыі да сельсавету
Сьветлай памяці
маіх дзядоў прысьвячаю
Уводзіны
У канцы 80-х гг. ХХ ст. звычайны
гарадэнскі хлапчук пры разьбіраньні старое хаты на Паповай (Майскай) вуліцы ў
Гарадной знайшоў тоўсты том рукапісаў бяз вокладкі. Прынёсшы яго дахаты, ён разам
з бацькамі пачаў учытвацца ў прыгожы почырк на вельмі тонкай паперы. Тут зьмяшчаліся
знаёмыя прозьвішчы ягоных дзядоў, якія хадзілі ў Варшаву і Пецярбург дамагацца
нейкіх вольнасьцяў, каралеўскія прывілеі на майдэборскае права і мноства іншых
дакумэнтаў, нібы адмыслова сабраных пад адною вокладкаю. Назаўтра кнігу
аднесьлі настаўніку Вярэнічу, які потым зьехаў жыць у Столін, дзе працаваў
дырэктарам школы. Калі школьнік стаў студэнтам і зразумеў важнасьць
знойдзенага, то паехаў шукаць рукапіс да былога настаўніка. Той сьцьвярджаў,
што нібыта аддаў кнігу ў Столінскі музэй, але там яе не было. Неўзабаве Вярэніч
памёр… «Дэржалі в руках свою Гісторыю і нэ
змоглі вдэржаты!» — са скрухаю кажа праз 25 год кіроўца хуткае дапамогі,
бацька таго хлапчука. І праўда, уласных гістарычных дакумэнтаў у самой Гарадной,
на жаль, не захавалася.
Даўняму мястэчку Гарадная Пінскага
павету Берасьцейскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, як знакамітаму і
адзінаму цяпер цэнтру ганчарства, прысьвечана багата дасьледаваньняў і літаратурных
твораў такіх аўтараў, як Дзьмітры Георгіеўскі, Яніна Арынжына, Уладзімер Угрыновіч,
Сяргей Мілючэнкаў, Уладзімер Караткевіч, Юры Лабынцаў, Яўген Сахута, Вольга Лабачэўская
і інш. Але, відаць, няма аніводнага сур’ёзнага тэксту пра гісторыю мястэчка
Гарадная ў кантэксьце агульнай гісторыі краіны. Сухія артыкулы ў мностве тыражаваных
апошнім часам энцыкляпэдый хібяць шматкроць паўтаранымі памылкамі і супярэчнасьцямі,
а спасылак на дакумэнты ў іх амаль што няма. У мінулым годзе мізэрным накладам выйшлі
ўспаміны колішняга настаўніка Гарадэнскае школы Фамы Вячоркі, напісаныя ім напрыканцы
жыцьця і выдадзеныя цяпер ягоным сынам, кандыдатам пэдагагічных навук Палескага
дзяржаўнага ўнівэрсытэту Георгіем Вячоркам[1]. Зроблена
вялікая справа, бо ва ўспамінах зафіксавана тое, чаго ніколі не перададуць
архіўныя дакумэнты — дух і фарбы часу. Дзякуючы пошукам яшчэ аднаго сына Фамы, галоўнага
архітэктара Пінску Аляксея Вячоркі, я змог прачытаць архіўную справу пра
камандзіраваньне землямера Гумніцкага для вызначэньня межаў мястэчка Гарадная ў
1848 г .[2] На
аснове гэтай справы я паспрабаваў больш падрабязна аднавіць гісторыю змаганьня
мяшчан Гарадной за свае землі і вольнасьці ў канцы ХVІІІ
— пачатку ХІХ стст., якая раней зьмяшчалася ў адзін энцыкляпэдычны сказ.
Колькі гадоў таму я вырашыў дакумэнтальна
скласьці свой радавод. Па мэтрычных кнігах і рэвізскіх сказках, якія
захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Менску, я здолеў
даволі хутка дайсьці да дзявятага калена. Высьветлілася, што ўсе мае дзяды
прынамсі ад 1717 г .
нараджаліся, шлюбаваліся, нараджалі і выхоўвалі процьму дзяцей, гадавалі ўнукаў
і паміралі ў сябе на радзіме — у мястэчку Гарадная. І жонак яны бралі, як правіла,
з Гарадной. Гарадэнцы, паводле сьведчаньняў і прыкладаў маіх сваякоў, заўсёды
ўнікалі шлюбаў з выхадцамі з гэтак званых «мужыцкіх» вёсак, то бок з тых,
жыхары якіх былі калісьці ў прыгоне. За ўсім гэтым стаяла такая моцная
традыцыя, што любыя адступленьні ад правілаў асуджаліся мяшчанскаю грамадою.
За што «городэнцы» так любілі сваю «Городну»,
што не жадалі яе пакінуць нават у найцяжэйшыя часы? Чаму так зьберагалі сваю
ўнікальную гаворку ад уплываў нават навакольнага паляшуцкага мора? Адкуль гэты
гонар за сваю мінуўшчыну? На гэтыя пытаньні я паспрабую адказаць, сабраўшы ў
адным артыкуле зьвесткі з гісторыі мястэчка і сьведчаньні знакамітых
падарожнікаў ды дасьледнікаў у розныя часы.
Твоя пропозиція, земляче, "па-беларуску трэба пісаць гарадэнец" виглядає як пропозиція писати по-польську sołoma. В кожної мови є свої системні риси. Польській мові не властиве повноголосся, тому така вимова буде вимагати для її носія додаткових зусиль. Вимовити білорусу назву мого рідного міста, Бересть, та ще з призвуком "и" білорусу тяжко. В нашій мові передньоязичні д і т тверді (день, тепер, тепло, десять), а в білоруській мові палатальні [д'] і [т'] змінились у м'які африкати [дз'] і [ц']. Тому для білоруса буде натуральній казати гарадзенец, а гарадэнец сприйматиметься як не до кінця адаптоване запозичення.
ReplyDeleteПараўнаньне лічу некарэктным. Прозьвішча Солома і па-польску будзем пісаць Sołoma. Але параўнайце: Horodno - horodeński i Grodno - grodzieński. Першы несыстэмны выпадак ужываўся і тады, калі Гарадная была ў складзе Польшчы, калі Вы намякаеце на сучасную дзяржаўную прыналежнасьць. Палякі, дарэчы, пасьлядоўна ўжываюць «h», які таксама несыстэмны для польскае мовы, для пазначэньня нашага фрыкатыўнага «г» ў уласных назовах і пазычаньнях з нашых моваў.
DeleteПа-другое, я ўжо пісаў, што «гарадзенец» - жыхар Горадні (Гародні) над Нёманам. Каб не было блытаніны, для жыхара Гарадной зручна ўжываць «гарадэнец», што бліжэй да аўтэнтычнага саманазову. Я прыхільнік няпоўнае адаптацыі палескіх тапонімаў ў беларускую мову, асабліва цьвёрдых «д», «т». Сам кажу і пішу: Лапатын, Відыбар, Дывін, Дэрэўня (Дзераўная)...
Delete