16/08/2016

Пінск і Пінскае Палесьсе

          Юзэф Ігнацы Крашэўскі 
Крашэўскі ў маладым веку
Калі ў іншым месцы для адкрыцьця новых і неапісаных краін трэба плысьці як Рос[1] праз крыгі, або йсьці да вытокаў Нілу, не адкрыўшы якія столькі цікаўных загінула. Калі ў іншым месцы падарожнікі мусяць вельмі даўно вядомыя, бачаныя, апісаныя, зьбітыя рэчы паўтараць кожнага разу на іншы манэр, або выдумляць нябылае. Калі аж да стомы павымалёўваныя, патлумачаныя, апяяныя вершамі і берагі Райну, і горы Шатляндыі, і швайцарскія шале́ і каскады. Калі новых зьвяроў натуралісты мусяць ужо шукаць ажно ў глыбіні зямлі і ўваскрэшваць памерлых, новыя расьліны здабываць з бурштынавых слаёў. У нас на Славяншчыне, дзякуй Богу, яшчэ ўсё ў некранутым стане, чакае апісаньня, агляду, вымаляваньня, клясыфікацыі і ацэнкі. Паляс[2] ці Штэрн[3], Гумбальт[4] ці А. Думас, Пуклер-Мускаў ці Токвіль, тут кожны сваё падарожжа мог бы з карысьцю зарганізаваць, для кожнага знойдуцца цікавыя і нечапаныя матар’ялы. Я ня ведаю, чаму дагэтуль нястомны Коль, які ўжо аднойчы быў у Адэсе, да нас яшчэ не прыехаў? Меў бы два тамы балбатні і показак як зь нічога. Возьмем, напрыклад, Пінск і Піншчыну, бязьмерна цікавую глухамань: хто ж яе з гледзішча своеасаблівага аблічча, хто з гледзішча гандлёва-прамысловага ўспамінаў, апісваў?
Памыляюся, Контрым тут быў як эканаміст. Мы ж падобна першыя занураемся ў гэты невядомы край з крывою ласкаю вандроўніка, які шукае толькі адметных рысаў, маляўнічых краявідаў і старых успамінаў.
Я хацеў распачаць з таго, што выехаў з Пружаны[5] – але хто з вас, любыя чытачы, такі моцны ў геаграфіі, каб ведаць Пружану? Аднак жа гэта нават сёньня павятовае мястэчка, і павет немалы, бо ў ім ёсьць Белавеская пушча, зубры і даўняя калёнія Карпінскага, Красьнік.
Адкладзема аднак Пружану на потым, а едзьма да Пінску. Такім чынам я выехаў з тае нязнанае вам, а мне дасканала знаёмае Пружаны, і падарожжа майго апісаць немагчыма, бо была б гэта найнуднейшая лягамахія, якую хоць калі вы чыталі, а я пісаў. Чаму ж так? Край лесу, пяску, балота, раўнін; убогі народ, брудныя жыды, самі падзёртыя і іншых абдзіраюць; дрыготкія ды паламаныя масты, грэблі, едучы якімі зубамі ад страху звоніш, каб усе косткі не парассыпаліся – сумныя сасновыя лясы, нават сосны рахітычныя, гарбатыя, кульгавыя, на дарозе поўна карэньня, невымерныя брады, непраеханыя пяскі, часам крыж на раздарожжы, старая цэркаўка, падпертая на мыліцах,  могліцы з надмагільнымі дамкамі, што нагадваюць паганскія часы, і г. д., і т. п. А вёскі? Хаты напалову ў зямлі, худы і паўголы люд, жоўты, так у дыме правэндзіўся, дзеці з раскудлачанымі валасамі, ашчацінелыя худыя сабакі – напраўду нічога цікавага. Не дзівуюся тым Немцам, Ангельцам і Французам, якія выпадкова наш край адведваючы, такія страшлівыя апісаньні пакінулі: у нас больш ёсьць беднасьці выгляду, чым істотнае нястачы, мы – неахайныя. Чужаземец, бачачы абарванае дзіця, якое яшчэ вуснаў ад сала не абцерла, мусіць з павярхоўнасьці рабіць выснову, што яно можа тыдзень ня ела, так як нехта зь іх, бачачы сялян зь сярмягаю, на адзін толькі рукаў нацягнутаю, напісаў, што ў гэтым краі ёсьць мноства людзей, якія напэўна ад суворых маразоў рукі пастрачвалі!
У мястэчку Хомску я заўважыў толькі новы касьцёл, які ўзьнесла набожная думка; шкада, што не прыгажэйшы крыху. Будаўніку не ўдалося. Каля Безьдзежу помнік забітаму ваяру.
Нарэшце, набліжаемся да Пінску, зоркі тутэйшага навакольля, сталіцы гэтага краю, места, якое зь Белым (па-летувіску – Балтыйскім) і Чорным морам мае сувязі, якое сядзіць як жыд-банкір на вялікім гасьцінцы, па калены ў балоце, над вадою, на мяху солі, з калітою рублёў. Здалёку найперш паказваецца табе вежа былога езуіцкага касьцёлу. Паўсюль, дзе гэты ордэн уваткнуў крыж, свой сымбаль, ягоныя ґмахі і сёньня яшчэ распазнаюцца вялікасьцю, пышнасьцю, раскошаю нават сваіх развалінаў.
Едзем пяскамі. А  вось і карчомка пад самым местам. Перад ёю спынілася раскошная запрэжка зь венскім экіпажам, у залацістых шорах коні, у яскравай ліўрэі людзі, а з экіпажу выглядаюць твары двух ці трох маладых вясёлых хлопцаў.
Вазьніца, зьняўшы белыя рукавічкі, пайшоў нешта паправіць каля вупражы. За экіпажам спынілася таксама малая каламажка, на якой люшні шнуркамі, саломаю і сенам парэгуляваныя. Каламажка засьцеленая самаробным кілімком, яе вязе хлопец у капоце, саламяным дзіравым капелюшы, цягнуць канякі адкормленыя, але нярослыя, а шляхціч у шарачковым сурдуце, вусаты, выйшаў з яе трохі пераапрануцца, каб прыстойней неяк уехаць у сваю сталіцу.
Спыніўся і я – гляджу: дзіўная супярэчнасьць! Гэта нібы ўчорашняя Літва, гаспадарлівая і шляхоцкая, і другая, сёньняшняя, што безгустоўна апранаецца і шумна марнатравіць, не аглядаючыся на заўтра. За шляхцічам, які абудзіў маю цікавасьць позіркам, кінутым ім на экіпаж, я ўвайшоў у пакойчык. Запылены стары сурдут ён мяняў на другі, трохі сьвяжэйшы, дастаны з-пад свайго кілімка. Мы павіталіся па-братэрску, па-даўняму, а экіпаж ужо зьнікаў у смузе пескаватага пылу, калі я прамовіў:
         Што за чароўная запрэжка і коні! – я сказаў гэта, незнарок паглядаючы праз вакно.
         А чароўны, – мовіў шляхціч сьмеючыся, – бацька зьбіраў грошыкі, сынкі трацяць жменямі. Я знаў нябожчыка бацьку, добры быў чалавечышча, хадзіў у капоце, мосьці дабрадзею, як я, а вазіў з сабою заўсёды дзежку бігасу і густа гатаваныя яйкі, для таго, каб панове сынкове шасьцёркаю на шампаны маглі езьдзіць.
Уздыхнуў стары і зьнік з маіх вачэй.
Паехаў і я за ім, і валачыліся мы да Пінску: удалечыні паказваліся сьцірты, рады таполяў, корчмы, нейкае падабенства зьвязаных ветракоў-пакутнікаў, нарэшце справа калёна са скульптурамі Пана Езуса, Марыі Панны і сьвятога Яна. Шляхціч і я зьнялі шапкі, хацелі прачытаць даты на сьцяжку-ветраніку, але дарэмна – нейкія гіерогліфы.
Наблізіліся да шлягбаўмаў: Стой! Прыйшоў паважны Ізраільцянін зь вялікім ражном, не чапляючы павозкі дабраўся зь ім да нас нешчасьлівых, шляхціча і мяне штурхаў, памучыў нашыя клункі, шукаў і нюхаў каля нас гарэлкі. Няможна яе ўвезьці хіба ў страўніку. Аглянутыя дастаткова, мы ўехалі, нарэшце, павозка, шляхціц і я на шырокую вуліцу, гразкую, абстаўленую двума шэрагамі хатаў. Сям-там бліскаў мураваны дом, які сабою ганарыўся і нібы казаў: прэч з дарогі халупы і развалюхі!  Дзе-нідзе новы, драўляны, усьмешлівы і рады сам сабе, рэшта – пахіленае, старое, крывое і чорнае просіцца, здавалася, пра выбачэньне, што яшчэ стаялі, запэўняючы, што неўзабаве адыйдуць. Тут каля нас цягнуліся доўгія рады чумацкіх хурманак, падводаў з-пад Кобрыню, з-пад Пружаны, з усяго навакольля на колькі дзясяткаў міляў навокал, якія везьлі збожжа, а забіраць адтуль меліся соль, дзёгаць, жалеза і т. п.
Павозка і каламажка мінулі тыя хуры, а па зьнятых сялянскіх шапках я пазнаў, што адзін транспарт належаў да павозкі, а другі да пакрытае кілімком каламажачкі; першы меўся прамантачыць, другі зашпіліць каліту.
Жыды, правадыры тутэйшага гандлю, блыталіся паўсюдна, ані разьмінуццца зь імі; віліся бы мухі на дождж, у найразнастайнейшых строях: лісах, янотах, вавёрках, баранох, з бародамі тысячы фарбаў: жоўтымі, крывавымі, шэрымі, чорнымі, белымі і нават без бародаў; у шапках, капелюшох, панчохах, чаравіках, пантофлях, дзіравых ботах і басанож.
Едзем далей праз ажыўлены рынак, а справа ўзносіцца фізіяномія паезуіцкага касьцёлу і валы значна старэйшага за яе замкавішча пінскіх князёў. Гэта нам нагадвае, што мы мусім хоць у колькіх рысах гісторыю ваколіцы і места распавесьці чытачом.
__________
Зараней аднак сабе скажам, што тут небагата даведаемся, бо калі б мы нават найстараньней адпільнавалі ўсе кронікі, у якіх пра Палесьсе і Пінск ёсьць згадка, то невялікую атрымалі б здабычу.
Палесьсі або Палесьсе ёсьць значна шырэйшае, чым тая ягоная частка, якую мы тут апісваем. Ёсьць, бадай, некалькі розных Палесьсяў, а гісторыя, адсочваючы ў іх даўнія пасады Яцьвягаў, Языгаў, Мэтанастаў, Гетаў, ня ведае нават, з-за расьцягнутасьці краю, называнага Палесьсем, дзе іх дакладней шукаць. Краі, пад назовам Палесься вядомыя, расьцягваліся ад Русі і Дняпра, ад Валыні да Прусіі, Мазовіі і Літвы, займаючы частку даўніх ваяводзтваў Падляскага, Берасьцейскага, Наваградзкага, Кіеўскага, Валынскага і Холмскае зямлі. Частка Берасьцейскага ваяводзтва доўга звалася выключна Палесьсем (tractus polesiensis). Тым жы імем называе Кромэр сёньняшняе Падляшша, а Стрыйкоўскі, зьмяшаўшы Падляшша і Палесьсе, Валынскае Палесьсе Падляшшам называе. У Холмскай зямлі цягнулася ад Холму да Ратна; у Валынскім [ваяводзтве] ад Луцку да старадаўніх літоўскіх межаў; у Кіеўскім каля Радамышлю і Оўручу край называюць Палесьсем таксама. Суседняе зь Піншчынаю і Мазыром ёсьць Наваградзкае Палесьсе; Піншчына сама звалася Літоўскім Палесьсем. Нарушэвіч робіць выснову з імя краю, што ўсю працягласьць Палесься мусілі займаць Яцьвягі (выключаючы Кіеўска-Валынскае Палесьсе).  Аднак жа, калі іншых сьлядоў іх побыту не знаходзім, а зь іншых крыніцаў мы бачым тут Крывічан і Драўлян, то нельга гэтага дапусьціць.
Усё ж значную частку злучаных паміж сабою Палесьсяў займалі Яцьвягі, пазьней гэтак жорстка вынішчаныя, што іхнага сьледу на гэтай зямлі не засталося, ані мовы, якая ад славянскіх зусім адрозная, мусіла быць блізкая да летувіскае, будучы зь ёю ў сваяцтве.
Яцьвягі-Палешукі, на якіх нападалі Палякі і Русь двума стагодзьдзямі перад Казімерам Вялікім, сталіся сьціснутыя заваёвамі суседзяў. Уладзімер Сьвятаслававіч у Х ст. ўзяў на іх частку Валынскага Палесься, якое паволі на Русь ператварацца і хрысьціянскую веру прыймаць пачало. Баляслаў Харобры ірвануў іх ад Прусіі; ён жа, ідучы на Кіеў і здабываючы яго, забраў ад Русі заваяванае ёю Палесьсе. Яраслаў, кіеўскі князь, які да Мазовіі цягнуўся за Мечыслава ІІ, частку Падляскага Палесься засяліў сваімі русінамі. Гэта мае быць пачаткам Русі на Падляшшы.
Казімер І, пабіўшы Палешукоў у зьвязе з Маславам, вярнуў Польшчы раней польскае Палесьсе. Пазьней Сьвятаполк Кіеўскі зноў спрычыніўся да зьнішчэньня Палешукоў; ён заняў Валынскае Палесьсе. На Русі, якая ўжо валодала Палесьсем, Гедымін заваяваў Пінск зь вялікімі абшарамі, якія належалі Пінску над Прыпяцьцю, ажно па Дняпро. Літва завалодала ім, і ў пазьнейшых падзелах Пінск дастаўся Нарымонту Гедымінавічу. Ці Васіль, пінскі князь у 1387 року, прысягаючы вераю Уладыславу Ягайлу і Ядвізе, ад Нарымонта паходзіў? Мы ня ведаем. Тое Пінскае княства зьнікае ў пазьнейшым паступовым зліцьці краю ў згуртаванейшую цэласьць і разьмяркоўваецца на Карону і Літву. Да 1520 року[6] Літоўскае Палесьсе непадзельна належала да юрыздыкцыі троцкага ваяводы, каля таго часу Жыгімонт Стары ў Торуні стварыў Падляскае ваяводзтва і для яго частку Палесься заняў. [Іншыя Палесьсі да Валыні, а з Валыньню да Кароны належалі ]
У дванаццатым стагодзьдзі славутая была выправа Казімера Справядлівага на Яцьвягаў-Палешукоў у 1192 року. Ён уварваўся з сваімі войскамі ў Падляскае Палесьсе, нягледзячы на перашкоды, які яму стваралі недаступныя балоты і пушчы. Факт і падрабязнасьці тае выправы паказваюць дух і характар Яцьвягаў. Калі помсьцячыся за спусташэньні на Мазовіі, ішоў ужо Казімер да Дарагічына, зьлякаліся ўяўна Яцьвягі за свае галовы і бажніцы, выйшлі, ахвяруючы яму мір, падданства, а для пэўнасьці даючы закладнікаў ад сябе.
Заспакоены, прыняў іх Казімер, войска неасьцярожна разьмясьцілася на пастой, а час сыходзіў. Яцьвягі, карыстаючыся з прамаруджаньня, парабілі ў некаторых месцах засады, на якія наважыцца змаглі, пападсякалі дрэвы, пазавальвалі дарогі, і, не зважаючы на жыцьцё закладнікаў, бо ж моцную мелі веру ў несьмяротнасьць[7] і зь песьнямі на вуснах каналі, ударылі на Палякаў. Трэба было ратавацца ўцёкамі, якія з усіх бакоў былі перанятыя; Палешукі атачалі войска і ў пень схопленых выціналі. Даведзеныя да крайнасьці, палякі роспачна кінуліся на тлумы барбараў і пабілі іх. Князёк Яцьвягаў прынёс падарункі і прысягнуў на вернасьць. Няспынныя войны з суседзямі і перавага Польшчы зьнішчылі ўрэшце Яцьвягаў дашчэнту; а бязьлюдны край Русьсю засяліўся. [Суседняя Русь пасялілася ў ім.
Потым, аднак, імя Палесься з высяканьнем лясоў і большым засяленьнем краю, новымі яго падзеламі, ужо да большае часткі зямлі адносіцца пачало. Тое Палесьсе, якога тут некаторыя рысы акрэсьліваем, назіраем ад Пінску да Луцку і Алыкі][8]
Агульны назоў краю сам у сабе мае відавочную этымалёгію, узятую зь ягонага разьмяшчэньня; мы ня ведаем, хто падказаў Мальтэ-Бруну паходжаньне назову дзіўнае і зусім фальшывае: «Балоты, якімі залітае, – піша ён , – падобныя мору, далі гэтаму краю імя Палесься.»[9] Па–лесьсе – гэта выразна край пад лесам разьмешчаны, зарослы лесам і такім яно было ў сутнасьці.
-----
Балоты над Пінай і Ясельдай, што атачаюць Пінск, мноства рэк і рачулак, якія прарэзваюць іх, далі нагоду для своеасаблівага паданьня, аднаго з найдзіўнейшых, якое стварыла людзкая кемлівасьць і неспакойная цікаўнасьць. Паданьне гэтае можа крануць геолягаў, якія ў ім угледзяць пацьверджаньне якойсьці тэорыі – абвяшчае яно, што вельмі і вельмі даўно, Чорнае мора (Euxyn) ажно пад Пінск падыходзіла і злучалася сюдою з Балтыйскім, пакуль нейкі магутны кіеўскі манарх, засмучаны такім масывам вады, расьсек горы, спусьціў затрыманае мора і засталіся адно нядошлыя яшчэ калюгі, сёньняшнія пінскія балоты[10]. Гэтая казачка вырасла з разьмяшчэньня краю і ягонага выгляду падчас бязьмерных веснавых паводак, якія затапляюць велізарныя прасторы балотаў і прырэчных лугоў. У той час насамрэч край выглядае як мора, а бедныя паўзатопленыя вёскі – нібы дробныя на ім выспы.
На доказ, што тут даўней было мора, Жанчынскі падае якары, выворваныя на палёх. Але дзе, калі, кім? Ня піша.[11]
Першая згадка Пінчукоў у Нестара знаходзіцца каля 1097 року, калі іхны зь Берасьцянамі Мсьціслаў, сын Сьвятаполка, для абароны [места?] Ўладзімера ад Давіда паклікаў і зь імі злучыўся. Хто быў першазаснавальнікам Пінску? Якое тут было першаснае паселішча? Мы ня ведаем. Трэба вызнаць, што цудоўным чуцьцём, каля зьбегу столькіх рэк, у месцы, на будучыню для гандлю гэтак важным, заснавальнік абраў месца гэтае другое Вэнэцыі. І, несумненна,  Пінск сваім пачаткам таксама вінен нейкай купцы людзей, што ўцякалі ў лясы і балоты ад непрыяцеля – ад наездаў.
У ХІІІ ст. Пінск быў прытулкам Войшалка і забойцаў Таўцівіла. Войшалка, якога такая жахлівая сьмерць у хуткім часе чакала ўва Ўладзімеры ад рукі князя Лева. У той самы час мова йдзе ў летапісцаў пра пінскі грэцкі манастыр, але невядома, ці ў самым месьце, ці, што імаверней, у ваколіцы ўзвышаўся. Сховішча ў Пінску даводзіць, што на той час сюды літоўскае панаваньне распаўсюджвалася. Там, дзе пазьней паўстаў езуіцкі касьцёл, было ўжо напэўна абароннае замкавішча, якое найбольш вакольныя воды ахоўвалі ад нападаў. У палове XIV ст., сталіца малога ўдзелу, які складаўся з Мазыру, уласна Піншчыны і часткі Валынскага Палесься, Пінск дастаецца з падзелу Нарымонту Гедымінавічу, народжанаму каля 1277 року. Але ж Нарымонт нядоўга тут валадарыў: доля клікала яго на Русь, дзе ён прыняў хрост, пасяліўся каля Ноўгараду з нададзенаю ў ім уладаю намесьніка і там памёр. Здаецца, што ніводны зь ягоных сыноў не атрымаў у спадчыну па ім Піншчыны, якая перайшла да некага з Альгердавічаў, таму што Васіль[12], пінскі князь, у 1386 року ў Луцку, падпарадкоўваючыся Ягайлу, называецца ягоным братам. (у 1387 року паўсюль завецца: dux de Pińsko.) Пасьля яго, хоць яшчэ з гэтым тытулам знаходзім колькі князёў, у хуткім часе гэты ўдзел часткаю да Берасьцейскага, а часткова да Наваградзкага ваяводзтва пераходзіць.
Пад Пінскам, або прынамсі паблізу гэтага места, славуты вайскаводца, князь Канстанцін Астроскі, разьбіў болей за дваццаць тысяч Татараў, якія крыху раней ваколіцы і сам Пінск таксама сплюндравалі і зьнішчылі.
За казацкіх хваляваньняў цяжкая доля напаткала места, а менавіта ў 1648 року, за здрадніцтва і падтрыманьне боку бунтаўнікоў спаленае.
Пазьнейшыя пісьменьнікі даюць яму 4000 насельніцтва і ўспамінаюць пра купцоў русінаў, якія вялі гандаль з Масковіяй і Нямеччынаю. Старавольскі менавіта нават збожжавы гандаль, сёньня гэтак важны для Пінску, узгадвае.
Старадаўняя тутэйшая грэцкая катэдра мае недастаткова высьветленую гісторыю. Няпэўная кроніка пінскага манаха Мітрафана[13], вельмі даўняя, ужо прымушае здагадвацца, што тут быў манастыр у пачатках напэўна ХІІІ ст., што і ўцёкі Войшалка пацьвярджаюць.
У 1146 року чытаем, што Пінскім і Тураўскім епіскапам быў уладыка Яўхім. Паўторна, а хутчэй па-новаму, рускае епіскапства ў Пінску заснаваў Вітаўт, а Казімер Ягайлавіч зацьвердзіў у 1448 року. Гэтую катэдру займалі: Акушка Пэлчыцкі, Лявонці, Гогаль ды іншыя, ужо вядомыя ад 1596 року ўніяты.
Пінск меў некалькі каталіцкіх касьцёлаў і кляштараў, як то: Францішканаў, вельмі старадаўні, а можа найпершы з каталіцкіх, і парафіяльны найдаўнейшы, што вельмі падобна з прычыны раньняга ўсталяваньня гэтых манахаў у Літве; Пляменьнікаў ці Камуністаў (Clericorum saecularium in commune viventium), не цяперашніх аднак жа; Дамініканаў, якіх муры дагэтуль няскончаныя стаяць; Базыльянаў; і Езуітаў капліцу, а пазьней касьцёл. З гэтых ордэнаў, як усюды так і тут, наймагутнейшым свайго часу быў езуіцкі, вялікі ордэн Ляёлы, супраць якога багата сказаць можна, а за ім тое толькі, што Польшчу і Літву ў XVI ст. ад сухога і памерлага пратэстантызму абараніў. Муры іхнага касьцёлу велізарныя, сёньня яшчэ пануюць над местам, лічацца за дзіва будаўніцтва, хоць паводле сутнасьці была гэта і ёсьць адно вялікая маса цаґлін, моцна і трывала склееная ў безгустоўным гусьце XVIII ст.; веліч ёй надае толькі пэўны характар. Гэты ордэн усё, нават свае будоўлі, меціў ды клеймаваў. Калі сёньня недзе яшчэ ўгледзіш велічэзныя муры і ґмахі, высока ўзьнесены касьцёл, так абы ўвагу зьвяртаў, то не пытай чый: пэўне езуіцкі.
Прытым яны валодалі характэрным стылем архітэктуры гнуткае, арнамэнтаванае, ґзымсаванае, поўнае дробных аздобаў, нішаў, пілястраў, выступаў, вянцоў і вазонаў, па якой іх лёгка пазнаць. Часам у гэтым стылі нават здараецца нешта пекнае, сьведчу драўляным алтаром іхнага колісь касьцёлу ў Горадні.
Прымусіла задумацца мяне тут адна рыса, якая добра вымалёўвае характар ордэну. У палове касьцельнага вакна, замураванага ад вуліцы, намалявана дзьве постаці нібы ў размове міжсобку. Каго ж, думаеце? Двух ксяндзоў? Зусім не: двух Туркаў разьмясьцілі ў касьцельным вакне. Некаторыя кажуць, што гэта два чаляднікі, забітыя ў часе будаўніцтва касьцёлу; але ўбраньне цалкам гэтаму пярэчыць. Напэўна думка, якая гэты вобраз брату ордэну натхніла, была паказаць мінаку:  мы навяртаем няверных. Напраўду, рочнікі літоўскіх Езуітаў поўныя падобных навяртаньняў. Адзін з гэтых няверных у белай з ружовым чалме нібы сьвежы прыбылец, другі, ужо ранейшы катэхумэн , убога, па-шэраму ўбраны. Іхныя рухі паказваюць жывую гутарку, намагаюцца дзівіць магутнасьці ордэну і зь бязьмежнаю любоўю пазіраць на аграмадныя муры, на раскошны касьцёл.  Тыя два Туркі надта прыцягнулі маю ўвагу; я ўпэўнены, што касьцёл размалёўваць мусіў брат або тэрцыяр ордэну, бо чужы так бы ягоным духам не пераняўся.
Езуіцкі калегіюм быў закладзены тут князем [Альбрэхтам] Станіславам Радзівілам, віленскім біскупам[14], канцлерам Вялікага Княтва Літоўскага. Яны мелі тут сваю друкарню; аднак яшчэ ў XVII ст. багата сытуацыйных твораў, прамоваў, панэгірыкаў пінскі калегіюм друкаваў у Вільні, што як лічыў Бандтке[15], адтуль напэўна паходзяць, бо пышных шрыфтоў і элегантных друкарскіх аздобаў не было.
У гэтым жа касьцёле Езуітаў спачывалі парэшткі дабраславёнага Андрэя Баболі S.J., якія пазьней, пасьля скасаваньня ордэну, з дазволу ўраду забралі з сабою ў Полацак.
Сьвяты Андрэй Баболя, нарадзіўся ў старадаўняй шляхецкай і пабожнай сям’і ў 1591 року, уступіў у ордэн у 1611. Навіцыят прайшоў у Вільні, пазьней перапакладзены быў ужо ў Бабруйскай рэзыдэнцыі; але прагнучы чыннага жыцьця, асабліва пакліканы да навяртаньня, выпрасіў сабе напэўна, што яго ў ваколіцах Пінску, у Янаве і суседніх вёсках і мястэчках задзейнічалі для місіі, якую выконваў зь непараўнаным прысьвячэньнем дваццаць шэсьць гадоў.
У 1657 року, у часе казацкіх хваляваньняў у Янаве, палі ахвяраю нянавісьці людзей усе каталікі; у Пінску і Нясьвіжы шасьцёх Езуітаў загінула. Андрэй Баболя знаходзіўся на той час у вёсцы Магільне пад самым Янавам (іншыя пушуць, што ў Янаве), дзе яго натоўп застаў за адправаю сьвятое імшы і жорстка, па-барбарску замучыў. Ягонае цела потым доўга ляжала ў магілах, не было нават думкі пра кананізацыю. Толькі ксёндз Ґадэбскі, пінскі рэктар, і луцкі біскуп Аляксандар Выгоўскі, першыя пра тое падумалі. Апошні несапсаванае цела Баболі ў 1712 року з паспалітых могліц да асобнага побач склепу перанесьці загадаў. Луцкі сынод 1726 року ўзгадвае ўжо гэтыя парэшткі Андрэя ў Пінску, пра кананізацыю якога Езуіты настойліва клапаціліся ў Бэнэдыкта ХІІІ. Але ж працэс працягнуўся і за панаваньня Бэнэдыкта XIV, пакуль яго сьвятым і пакутнікам вызналі. Аўгуст ІІ ў 1726 року, яшчэ перад кананізацыяй, з парады Асалінскага, кароннага падскарбія, прыціснуты болем у назе, ахвяраваў магіле пакутніка залатую нагу.
Мясцовае паданьне абвяшчае, што сьвятога Андрэя пачалі мучыць каля Аговы[16], дзе пабудавалі мураваную калёну ў знак памяці; але закатавалі ажно на рынку ў Янаве насупраць касьцёлу.
Касьцёл ушаноўвае ягоную памяць ў дзень 16 траўня. У Пінску і Полацку раздаюць каля ягонага надмагільля шапачкі зь белае ядвабнае матэрыі, з выбітаю на іх выяваю сьвятога і сьведчаньнем, што пацертыя былі аб цела пакутніка.
Яшчэ адно паданьне з часоў будаўніцтва касьцёлу, бо дзе ж іх шукаць? Ня знойдуцца гэтыя кветкі на руінах мінуўшчыны сьвежымі яснымі фарбамі. Падчас будаўніцтва калегіюму меўся тут быць вельмі набожны брат, які шмат дзівосаў рабіў моцнаю вераю і моцнаю малітваю, ажно ксёндз рэктар, праз ордэнскую пакору ці для выпрабаваньня паслушэнства, забараніў яму іх болей. Ведаем досыць, як сьляпога вырачэньня ўласнае волі абавязвалі езуіцкія правілы; паслухмяны брат спыніўся ў цудах. Але калі аднойчы мінаў фабрыку, чуе крыкі пра паратунак, бачыць аднаго з работнікаў, які ўпаў з рыштаваньняў і ляціць.
         Ратуй! Ратуй! – крычаць яму прысутныя, зьвяртаючыся ўсе.
         Ня маю на тое дазволу ад ксяндза рэктара, – прамовіў пакорна, – але чакайце, пайду папрашу яго.
Ледзьве прамовіў – Чакайце! – работнік завіс у паветры і чакаў так, пакуль міранін вярнуўся ад рэктара з нададзенаю згодаю на ратаваньне. Тады ўкленчыў брат, памаліўся, перахрысьціўся, і муляр лёгка, павольна спусьціўся долу…
Ува ўсім гэтым апавяданьні адно толькі відавочнае, што Езуіты гэтак моцныя ў сваёй купцы, гэтак згуртаваныя і зьяднаныя духам, што ўсяму зьдзейсьненаму, можа, былі абавязаныя самаадрачэньню і сваёй волі. У гэтым паданьні народ пераказаў нам сваё разуменьне спружын езуіцкае магутнасьці.
[Пакінутая калегіюмам бібліятэка і рукапісы дасталіся пінскім школам. Рукапісы падобна самыя аскетычныя трактаты ўтрымліваюць (1840)]
_______
 Частка места, супрацьлеглая нашаму ўезду, называецца Каралінам; гэты дадатак да Пінску таксама гразкі як і сам Пінск, гэты Каралін памятны толькі тым, што даў назоў жыдоўскай сэкце, іначай званай Хасыдаў або Кітайцаў і Каралінцаў. Мы ня ведаем, ці яе пасьлядоўнікі яшчэ знаходзяцца ў Пінску. Хасыды цьвердзяць, што кожны жыд мае дзьве душы: адную ў левай каморцы сэрца, другую ў мозґу, і што яны паміж сабою ў няспыннай барацьбе і змаганьні. Гэтая навука пра шматлікасьць душаў ня толькі ім уласьцівая, і ня ёсьць новаю; знаходзім яе ў далёкай старажытнасьці і ў сярэднявеччы колькі разоў зьяўлялася. Малітве Каралінцаў спадарожнічалі ґвалтоўныя хваляваньні і ўдаваная, калі шчыраю не магла быць, весялосьць. Рабіны насілі белыя строі і заглыбляліся ў таямнічых камбінацыях кабалы. Вельмі сумняюся, ці Каралінцы існуюць яшчэ сёньня, бо ў агульнасьці сэкты і адрозьненьні паміж імі паўсталі. Тое пэўна, што яшчэ ў XVIII ст. ў Вільні і дзьве школы, і дзьве разьніцы, і два супрацьлеглыя табары складалі Каралінцы і жыды ўсеагульнага вызнаньня; цяпер ужо пра тое не чуваць.
Трэба нам патрапіць на бераг і бачыць гэты найважнейшы орган мескага жыцьця і адзіны, можа, у нашым краі. Тут прыстаюць караблі з сольлю, а адплываюць з гарэлкаю, збожжам, вугалем, абадамі, смалою і дзёгцем.
Позірк на бераг вельмі нагадвае адзін з тых знакамітых краявідаў пахмурнае Галяндыі, у якіх па-за бясформавымі дамамі на паверхні высоўваюцца шчоглы[17] караблёў па-над комінамі сядзіб, на беразе ляжаць разьбітыя чаўны, тырчаць сухія і паламаныя лодкі з голымі бакамі, на сухой ужо зямлі абапертыя, мноства рознага роду чаўноў, барак, бочак, канатаў. Для нагадваньня, што мы ўдома, маем вельмі адметных Пінчукоў у старых апанчах, у чорных паясох са скуранымі торбамі, цалкам ім уласьцівымі на плячох, з крэсівам у руцэ, люлькаю ў зубох, доўгім і грубым каўтуном, абапертых на вёслах, разгружаючы баркі. Усё ж гэта не Галяндцы зусім, але калі б тут для іх знайшоўся які Астадэ, які Ван Ґоен, як бы прыгожа ўдаліся на малюнку!
Жыды чакаюць ля берагу гасьцей, што высядаюць, і абіванікаў, пакрытых паветкаю (у іншым месцы нібы хто павозкаю прыехаў) або зусім някрытых, жыдоўкі запрашаюць да суседніх корчмаў, партовыя фактары распытваюць пра прадукты.
Фонам гэтае карціны балота і вада, а далей пяскі і пахмурнае нібы Галяндыі неба: прасякнутае сольлю цяжкое паветра як над морам, амаль салёнае.
Зычыў бы нейкаму з нашых мастакоў, які пачуваецца ў сілах, замест копіі нічога ня вартае флямадзкае карчомкі зрабіць прыгожую выяву берагу ў Пінску. Ён мог бы выбраць веснавую часіну, калі ільды патаялі, крыгі ўжо сыйшлі, гандаль ажыў: калі натоўпы сабраліся на ўзьбярэжжы, а плыты і баркі плывуць вітаныя і дабраславёныя ўладальнікамі; калі ўсё бруднае, запэцканае гразёю, самабытнае насельніцтва Пінску стаіць над вадою і жыве надзеяй прыбытку, рухам промыслу і гандлю. Колькі ж эпізодаў маглі б зьмясьціцца на гэты краявід, поўны разнастайнасьці! Там жыды, тут сяляне, там-сям панове; на пярэднім пляне адчыненая брудная і маляўнічая карчма, зь якое выйшаў п’яны і сьмяецца зь іншымі, хоць ужо нічога ня бачыць як іншыя, далей каваль у чорным хвартуху, з абцугамі ў руцэ, таксама п’яны і вырачыўшыся наіўна; дзеці, бахуры, худыя вулічныя сабакі, якія карыстаюць з усеагульнага занятку, вадавоз жыд са сваёю сьветлакашчаваю канягаю, і багаты Ізраільцянін, зразумела пан Рабіновіч, у сабалёх, у чорным сурдуце, у рукавічках, з трысьцінкаю, паглядаючы фанабэрыста, з гары на ўсіх і ўсё, і чуючы сябе каралём Пінску з ласкі меху рублёў і галавы, што імі кіруе.
Мы паставілі б гэтую карціну нароўні з Арлоўскага польскага мястэчка кірмашом. Дагэтуль мы ня ведаем, хто апроч пана Кулешы нават краявід Пінску намаляваў, гэта зь ягонае гуашы нашая віньета паказвае самое места і езуіцкія муры.
Ці ж ня праўда, што карціна, якую мы прымроілі, стоячы на беразе, магла бы быць вельмі займальная; нагэтулькі мастак здолеў на столькіх абліччах уразнастаіць выраз, на жаль! Адзін у натуры! Бо чаго ж іншага прачытаеш на тварах, акрамя неўтаймаванае прагі прыбытку, акрамя надзеі заробку, акрамя хцівасьці і прагнасьці? Ад старога жабрака, якога адзіная барка разьбілася колісь разам з надзеямі і лёсам, якому цяпер застаўся кій, торба, жаль, успамін і няпэўная людзкая літасьць, для дзіцяці бахура, якое выглядае хвіліны, калі з-пад шпэктарскага кулака выйдзе і пачне гандляваць, – усё гэта дыхае прыбыткам, грашыма, сольлю, гарэлкаю, скурамі, жытам, смалою і надзеяй выгоднага продажу. – Але як, якім чынам адзін выраз на розных тварах зьмяняе вялікае для назіральніка поле. – Той думае, гэты ўжо цешыцца, іншы пахмурна глядзіць у прышласьць, бо за яе трывожыцца прадчуваньнем, сёй-той ажыўлены да сьмеху і разьюшанасьці, той халодны і маўклівы. І той жабрак, абаперты на кій, які зьдзекуецца, здаецца, зь людзкіх надзеяў і з шкадаваньнем паглядае на шчасьлівых, ці ня добрая ж то постаць на першы плян карціны, побач Рабіновіча?
Хочучы ўсё агледзець, я ўвайшоў і ў краму пана Ніселя, які карыстаецца тут рэпутацыяй Фіярэнтынія Віленскага, Шафнагля Бэрдычаўскага або Штыфляў Адэскіх, знайшоў у ёй мноства драбніцаў, звышнямецкіх і вельмі займальных. Нісель вельмі цешыцца з сваёй крамы, не сумняюся, што ад часу, калі яго бачыў, мусіў яшчэ вышэй узьняцца і гандаль, і гандляр.
Паводле старога звычаю шмат палескіх абшарнікаў маюць тут свае дамы і нават адзін зь іх, пана Скірмунта, мураваны, досыць прыгожы, можа, як на Пінск занадта элегантны здаецца, як фарсун на вёсцы саромеецца сваёй прэтэнзійнай архітэктуры побач зь іншымі дамкамі, якія стаяць бесцырымонна як скрыначкі на паліцах. Апроч таго, маюць тут дамы князі Любецкія і іншых багата.
Але я толькі што ледзь не забыў пра найвялікшую ў Пінску адметнасьць, пра якую безумоўна ўспомняць кожнаму новапрыбыламу жартаўлівыя жыхары, як у Парыжы Ангельцам кажуць пра ўваход унутар Люксорскае іголкі. Гэтая адметнасьць, старажытнасьць, славутасьць, гэта пінскі палядыюм, гэтая асаблівасьць асаблівейшая ад усіх, якія можна дзесьці пабачыць, ад сабакі Муніта, ад Альбіноса, ад Бэрнскіх мядзьведзяў, ад нахіленай вежы ў Пізе, ад Лёнданскіх докаў, ад Парыскіх крамаў, ад чаго хочаце, нарэшце. Гэтае стварэньне даволі тут распаўсюджанае, але самабытнае і ўласьцівае Піншчыне, вуж ня вуж, рыба ня рыба, падобны нечым да абаіх Уюн, жыхар надпрыпяцкіх балатоў і равоў, кароль і прапрадзед усіх уюноў, які сягае часу, калі тут яшчэ два моры цалаваліся; – уюн прыкаваны на ланцугу, дзесь каля якогась мосту…
Калі ў прастаце духу паверыш у гэты міт і сымбаль, пра які жартаўлівы Пінчук будзе табе апавядаўшы з найвялікшаю сур’ёзнасьцю; зь якою ж радасьцю потым (навучыўшыся гэтай містыфікацыі ад прадзедаў), будзе з табою блукаўшы па ўсім месьце, хадзіўшы, кружляўшы, нібы заўсёды шукаў гэтага славэтнага ўюна, пакуль, нарэшце, са сьмехам памучыўшы, скажа табе: – prima aprilis!
Амаль кожнага, хто быў у Пінску, мусова выпрабаваць, ці гэткім чынам павядзецца на ўюна. Гэта старадаўні іхны вялікі абрад, гэтае краіны ўюноў, магчыма таямнічыя рэшткі паганскае пашаноты карыснага стварэньня! Багата ж прастадушных і цікаўных злавіцца мусіла на вуду дзеля вялікае радасьці і шчасьця Пінчукоў.
Уюн альбо piskorz (ophidia) у вялікай колькасьці знаходзіцца па балатох і равох Піншчыны і Палесься. Падобны да паўзуна, і хто б ня ведаў ягонага характару, то мог бы меркаваць пра вялікія жахі, такую ўражлівую мае міну. Ядуць жа яго сырым, згатаваным і вэнджаным, а Жанчынскі[18] ўзгадвае і відавочцы пацьвярджаюць, што сушаны ўжываецца ў некаторых месцах для асьвятленьня памяшканьня. Узгадайма тут дарэчы з гэтае нагоды, што ў некаторых мясьцінах бязьлеснае Ўкраіны і Валыні сяляне з такою ж мэтаю карыстаюць сушаныя сьцёблы зёлак дзіванны, якія мочаць , калі сушаць каноплі, абіраюць ад грубай кары, а корань паляць як сьвечкі. Каля Пінску таксама мае быць сталіца чарапах[19], і Баянус напэўна мусіў вывучаць іх тут.
Тутэйшыя сяляне, шчыра кажучы, ня маюць вялікае рэпутацыі розуму, Пінск – гэта ў нечым нашая Бэоцыя. Доказам гэтага тое, што бедны свой краік, як Кітайцы, амаль за цэнтар і агмень сьвятла прывыклі лічыць. Кожныя паўроку маюць ускладненыя паводкамі сувязі са сьветам, жывуць напаўдзіка, ня цямячы, чаго ж бы гэтаму жыцьцю не ставала!
Знакамітая ёсьць прыпавесьць:
         А скуль чоловік?
         Я нэ чоловік, я Пыньчук.
 Адсюль звычайна жартаўлівыя Кобрынцы, Пружанцы звышцывілізаваныя, і т. п., завуць іх не людзьмі, але Пінчукамі. Напрамілы Божа, што ж яшчэ трэба зрабіць у гэтым краі, колькі гадоў чакаць патрэбна перш, чым тут ясьнейшае сьвятло зазьзяе! Але ёсьць ужо надзея, што за крамамі галянтэрэі, фартэп’янамі і тым падобнымі цацкамі ўвойдуць і кніжкі, і ўцісьнецца зародак думкі. Можа, нейкая прамысловасьць тут ужо разьвідняе, адчыняе да гэтага дарогу. Фабрыкі цукру, сукна, палотнаў адчыняюцца; суднаходзтва новымі палепшанымі каналамі, ачышчанымі рэкамі, і г. д., запэўніваюць у гэтым. Была спроба крамы, закладзенае кампаніяй акцыянэраў, але яна не працягнулася. Да падобных таварыстваў мы яшчэ замаладыя падобна і не дасьпелі; прыемна аднак прыгадаць, што пра гэта нехта падумаў, што захацеў паспрабаваць.
_______
Пінскі павет дзеліцца на дзьве часткі: Зарэчча і Загародзьдзе, паміж якімі пасярэдзіне Пінск, гэты літоўскі Лівэрпуль, з часам усё слушней заслугоўваючы насіць такі назоў, сядзіць паважна нібы гаспадар, усьміхаючыся на абодва бакі. Зарэчча – найпусьцейшая і часта недаступная палова павету і гэтым самым найцікавейшая. Дзеляць яе рэкі, апаясваючы адусюль сваёю сеткаю і крыжуючыся сярод нязьмерных балатоў і зарасьцяў.
Мноства рэчак, рачулак, ручаёў, рукавоў, каналаў, брадоў прарэзвае гэты куток краю. Налічыш тут, іншыя прамінуўшы: Стыр, Піну, Прыпяць, Стублу, Случ, Стаход, Струмень. Да Піны пад Пінск зьбягаюцца ад усходу: Ясельда, Горынь, Ветліца, Тур’я, ад захаду Стыр, Стаход, Лукавеж, Лань, Гарадэнка. Гэтыя ўсе разам злучаныя завуцца Прыпяцьцю[20]. Апроч чарапах і ўюноў, тут таксама сталіца ракаў, якіх колісь поўны човен каштаваў царскі грош, а капу куплялі за шэлег.
Каменьчыкі, якія знаходзяцца ў раках[21], піша наш Жанчынскі, званыя ракавымі вачыма, так тут шчодра зьбіраюць, што адзін шляхціч з-пад Пінску завёз дзьвесьце камянёў у Гданьск. Даўней гэтыя каменьчыкі эмпірычная мэдыцына лічыла вялікімі лекамі, ад атрутных укусаў, ад паморку, ліхаманак і замест бэзаару.
Прыпяць (Borysthenes minor – Diaborysthenes), разьліваючыся шырока як Вісла, упадае ў Дняпро. Ловяць у ёй асятроў.
Веснавыя і восеньскія паводкі, надоўга перарываючы амаль цалкам або ўскладняючы камунікацыі, робяць гэты закутак дзічэйшым за суседнія, але час, гэты вялікі цудатворац, паволі ўступіць і сюды з паходняю асьветы, з жыватворнаю думкаю. Цяпер, або нядаўна яшчэ, апісаньне Старавольскага, падрыхтаванае болей за дзьвесьце гадоў таму, магло фізычна і маральна дастасоўвацца да гэтага краю, мала што зьмененага за два стагодзьдзі. Паслухайма, што працавіты Старавольскі пазьбіраў пра Пінск:
Прасторны Пінскі павет, піша ён, мае ўласных земскіх і гродзкіх ураднікаў; залішне сьціснуты лясамі, заліты балатамі, адзначаецца багацьцем рыбы, мёду і зьверу; родзіцца ў ім і збожжа някепска, а тутэйшыя прадукты высылаюцца ў Сілезію, Прусію і Ґданьск. Мае Пінск места людзей хітрамудрых і гэтак шырокім гандлем занятых, што часта з таварам у Масковію і Нямеччыну чыняць выправы. Большая частка грэцкага веравызнаньня; маюць свайго епіскапа, і г. д.
Пра закутак, схаваны ў балатох, даўней распаўсюджваліся найдзіўнейшыя зьвесткі, бо рэдка хто адважваўся яго наведаць: я бачыў яго, часткова прынамсі, ува ўсіх чатырох порах року, і заўсёды мне гэтае дзікае, самотнае, ціхае Зарэчча адначасна паэтычным здавалася. Без сумненьня, калі прыйдуць пажаданы гандаль з асьветаю, то спудзяць паэзію. Але большасьць так цудоўна безь яе абыходзіцца ўмее!
І нават цяпер хто ж яе тут шукае, хто ж яе бачыць у гэтых лозах, чаратох, у гэтай вадзе, якая снуецца па нязьмерных балатох, засеяных стагамі? Хто ж яе адгадае ў поўным жалю сьпеве кнігаўкі, лазьнюхі[22] і бугаёў? У слупох камарэчы, якія стаяць над балатамі на пагоду? Хто яе адчуе, плывучы ўвесну ўначы па залітых навокал і морам паўсталых прасторах? Для мяне гэтае начное перасоўваньне па разьлітай вадзе, спакойнай, засеянай адно плавіцамі і абіванікамі, наладаванымі людзьмі, якія спяшаюць на кірмаш, у люстры якое адбіваецца поўня, што стаіць на небе як маяк гэтага колькітыднёвага акіяну, гэтае ціхае плаваньне ў такім новым краі мела чароўнасьць і прывабнасьць невыказныя. А яшчэ калі я ўночы падплываў да берагу пад старым гістарычным замкавішчам, ад якога толькі зялёныя валы засталіся, калі ўгледзеў езуіцкага волата з трыма вежамі і сотняю пярэстых каміноў, а здаля шчоглы са сьцяжкамі гружаных барак – я быў так узрадаваны, як іншы падарожны, дасягнуўшы доўгачаканых клясычных руін Акропалю.
Калі ўзыйшло сонца, кірмаш распачаўся, мноства чаўноў, шэрагам пастаўленых на беразе, распачалі продаж сена, драўніны і іншых запасаў. Я з подзівам глядзеў на гэты рух, гэтае жыцьцё, і збольшага яшчэ прыглядаўся тым сьмельчаком, што сярод моцных хваляў і ветру на тонкай і вышчарбленай плавічцы рушылі на возера, стоячы і працуючы жвава вяслом, не зважаючы на тое, што лодка пад іх нагамі прагіналася і перахілялася як ліст. Такі вадзяністы край мае таксама мноства родаў чаўноў для праезду і перавозу прадуктаў, якіх не даведацца было б грэхам для ахвотнага спазнаць Піншчыну. Разам з водамі яны да рысаў ейнага аблічча належаць. Найменшая лодачка называецца плавічка, плоская, зробленая з аднаго бервяна і чалавек у ёй плыве стоячы. Яна ня можа ўзяць амаль ніякага грузу, хіба скураны кош Пінчука. Большая крыху за яе – гэта плавіца[23], а менавіта даўжэйшая.
Найчасьцей ужываны для малых транспартаваньняў і падарожжаў – гэта сярэдняга памеру абіванік, інакш званы шугалеяй, або агульна чаўном. Робіцца ён з аднаго распаранага дубу, з хваёвымі абіўкамі ці абкладзінамі, а ў сярэдзіне выбіваецца шкабкамі і заліваецца смалою. Такі абіванік (ад абіваньня) можа несьці ад 100 да 300 пудоў грузу, то бок ад 4 да 12000 фунтаў. Вялікія абіванікі, званыя чарнобыльскімі дубамі[24], нясуць да 16000 фунтаў. Калі такім абіванікам плыве пан грамадзянін у Пінск, то ставяць пасярэдзіне будку для аховы ад дажджу, вільгаці ці сьпёкі, званую поклет. Канструкцыя яе невымерна простая; колькі сагнутых кіёў, умацаваных упоперак іншымі, на кіёх цыноўка, палатно і скура, на самы верх рагожа, плеценая зь сітніку. Гэтая трава, калі яшчэ маладая, служыць сялянам за ласунак, высмоктваюць зь яе слодыч, якую канец маладога парастку мае.
Чарот (трысьнёг), які тут займае такія велізарныя прасторы балатоў, і сёньня таксама прыдатны, таму што цудоўна і лепей за салому пакрывае стрэхі (але таксама лепей за салому гарыць), а зрэзаны ўзімку па лёдах, дае дасканалае ацяпленьне. Хура яго ў Пінску каштуе да двух злотых.
Пасьля абіваніка йдзе барка, значна за яго большая, якая мае выразны нос і зад, нясе ад 3000 да 5000 пудоў грузу. Найшырэйшы абіванік (дуб) мае ледзьве тры локці ўпоперак пасярэдзіне, а барка значна за яго шырэйшая, глыбейшая, удвая больш бярэ вады. Барка служыць для перавозу гаршкоў, бочак, збожжа, а пры байдаках для ліхтунку, то бок для палягчэньня грузу там, дзе з-за плыткасьці і водмелі ня могуць плысьці, і для буксыроўкі за сабою.
Байдак найбольшы з усіх тутэйшых караблёў, нясе грузу ад 3000 да 13000 пудоў, і мае ўжо тры, а часам чатыры шчоглы. Такія байдакі ходзяць звычайна да Крэмэнчуку з гарэлкаю, збожжам, дровамі, вугалем, клёпкаю, абадамі нават, а вяртаюцца з сольлю. Тутэйшае суднаходзства мае сваю ўласную мову; гаворыцца: човен гоніць, човен стаіць. Вада, калі ў ёй няма рыбы называецца голаю, перад чаўна носам. Людзі, якія плывуць з таварным дрэвам, брусамі, бэлькамі, клёпкаю, ванчосамі, завуцца флісакамі[25], на чаўнох, а хоць бы й на плытох, з дрэвам для апалу, завуцца толькі павозьнікамі. На барках і байдаках павозьнікі ад месцаў, якія займаюць у іх звычайна, маюць яшчэ іншыя адметна нададзеныя прозьвішчы.
Мова тутэйшага народу – гэта мешаніна беларускае з польскаю, рэдка валынскі акцэнт прабіваецца.[26]
Малыя рачулкі і рукавы большых – усе маюць свае назовы: ад Сэрнік да Пінску, плывучы Стублаю і Стырам, я пераплываў Мэдвэжы Бэрэг, дзе здавён не чуваць мядзьведзяў, Дубянец бязь сьледу дубоў, Падмосьнік (Podmostnik), дзе ані сьледу ніводнага мосту; а зь іх я выбраўся на Прыпяць, Струмень і Піну.
На рыбу, для якое тут натуральна айчына, ставяць так званыя венцеры, сакі, нераты, сежнікі. Але тутэйшая рыба, на думку знаўцаў, балотам патыхае.
Соль здаўна мела тут сваю асаблівую вагу (per excellentiam), званую вес (весіть, важыць). Для сыпкіх рэчаў месцамі ўжываюць меру, званую чашаю, якая ўтрымлівае дванаццаць гарцаў і зьяўляецца дванаццатаю часткаю бочкі. Для вадкіх і сыпкіх рэчаў было ажно тры віды гарцаў ва ўжываньні жыдоў: каронны, камісійны і казённы гарнец. На першы звычайна жыды куплялі, на другі найчасьцей прадавалі, апошні на сёньня адзіны ва ўжытку.
Паспалітаю хваробаю на Піншчыне ёсьць каўтун, таксама як на Пакуцьці. Ён трапляецца і ў Татараў, у Вугоршчыне, а нават у Бэльгіі і па-над Райнам, калі маем верыць пану Банфіглі. Старыя мэдыкі шукалі ў ім нейкіх серных часьцінак, іншыя вызнавалі яго вынікам неахайнасьці, іншыя адносілі пачатак каўтуноў да татарскіх нападаў і атручаных імі водаў, нарэшце прыпісваюць яго таксама залішняму ўжываньню гарэлкі і курным хатам. На Пакуцьці паспаліты каўтун меўся перанесьціся з вайною з Русі ў Польшчу. Нават зьвяры гэтай хваробе, якая выразна выяўляецца на валасох, падлягаюць, што мае пацьвярджаць прыпушчэньне, што калі ўплывы клімату – гэта не выключная яе прычына, то, прынамсі, яны спрыяюць такім чынам разьвіцьцю хваробы. Пры блізкіх кантактах заразьлівая і спадчынная,  а тое, што нязьмерна цяжкая ў вылечваньні, або невылечная, то сумневу не падлягае. Яе шкодныя наступствы валасамі не абмяжоўваюцца, сымптомы, якія суправаджаюць хваробу, пераходзяць на іншыя органы, брыдка калечаць або бываюць прычынаю жорсткіх боляў.
Але дамо спакой агідным вобразам. Шукайма лепш тае паэзіі, пра якую ўжо прыгадвалі, паэзіі, якою для нас дыхала дзікае Зарэчча.
Адзін з нашых даўніх прыяцеляў[27] маладосьці, якому нешчасьлівая хвароба адняла зрок, акрамя сьлепаты сабраў вялікую колькасьць песьняў у Піншчыне і прыгожа яе пераклаў. З гэтага збору раней мы друкавалі некаторыя песенькі, сёньня зь нявыдадзеных яшчэ прывядзем выняткі.
Калі сваты пасьля колькіразовых выправах да бацькоў (бо паўсюль езьдзіць трэба) атрымліваюць нарэшце пажаданы вырак, то прыходзяць да хаты нарачонае з маладым. Дружкі бяруць дзяўчыну пад рукі, і яна, баронячыся, амаль ґвалтам вядзецца ў сьвятліцу. Тут пры сьпевах пачынаюцца запоіны. Паслухайма спевы:

Ты зовзулька рабая,
Ты невірная пташка!
Ты ж неверне ковала,
Мні неправду казала.
Якжэ я по краскі ішла,
Я ж цебе да запытала,
А ты мне заковала:
Ешчэ сім літ
У бацька буті
А на осмум да замуж пойті.
Як прышла я з красок,
Аж мэне да запівають,
Мэд, віно на стул носять,
І мого бацюхна просять.

Некаторыя зь песьняў мілаю і тужліваю дыхаюць прастатою; вось яшчэ адзін узор:

Вышла Ганнухна
За вороцечка,
Под каліною стала,
Вышла молода, молодэнькая,
Под чырвоною стала;
Ручкі згорнула,
Тяжко востхнула,
Сільнэнько заплакала.
Вышла до нее мацёнка ее:
Чого дітятко плачэш?
Вышов до ее родненькій ее:
Чого родненька плачэ?
Чы жалуеш мэне старого,
Чы подвор’ейка мого?
–Я не жалую цебе старого,
Ні подвор’ейка твого,
Як жалую русое косы,
Девоцкое красы.
Где девочкі граюць,
Коскамі маюць,
Там мэне не прымаюць;
А где молодочкі суму сумують,
Там мэне потрэбують.

У дзень шлюбу, амаль заўсёды ў нядзелю, калі перад службаю малады з сваім паяздам прыбудзе да маладое, зноў распачынаюцца сьпевы. Бо ў вялікіх жыцьцёвых падзеях, урачыстасьцях, абрадах, калі ўжо людзьмі мацнейшае завалодае пачуцьцё, то яны абавязкова мусяць сьпяваць. Вось адна прыгожая песьня са збору пана Зянькевіча:

З Суботонькі на Недзіленьку
Снівса мні сон дівненькі:
Сівы голубы да наленулі,
Білы зэмчур розвернулі,
Жывэ золото розсыпалі.
Да мое ж дітятко роднэ!
Мало умны розум маеш,
Шчо сёго сну не згадаеш.
Сівы голубы – сваты твое;
Білы зэмчур – коскі твое;
Жывэ золото – сьлёзкі твое.

Па шлюбе, вяртаючыся, сьпяваюць песьню, якая, здаецца, паходзіць яшчэ з паганскіх часоў:
Мы в Косьцеле бувалі,
Трой-зеле відалі;
Одное зелье рута,
А другое м’ята,
А трэйцее квэткі,
Шчоб любіліся дзеткі.

Пан Нарбут падае таксама песьню зь Піншчыны пра бажка Любіча[28], які тут, здаецца, мае сувязь з тым трэцім зельлем, бачаным у касьцёле:

О ты Любіцу
Ввэды в ложніцу
Запалівшы сьвіцу
Мою голубіцу[29]

Калі вясельле вяртаецца ў хату маладое, то выходзіць проці яго маці з хлебам, сольлю, гарэлкаю і мёдам-патакаю, дае яе па лыжачцы абаім пашлюбаваным і частуе іх гарэлкаю. Пасьля чаго ўсе зь песьнямі ўваходзяць у хату.
Ува ўсіх народных песьнях даецца ў знакі асаблівае паэтызаваньне ўбоства, якое ў песьнях цалкам пераўтвараецца: тут поўна ўспамінаў пра залатыя шкатулкі, пра залатыя пярсьцёнкі, пра віно, пра ядвабы, пэрлы і т. п. Ці ёсьць гэта памяткаю лепшага побыту, ці проста ўбраньнем нэндзы ў залатыя шаты, на хвілю ўрачыстыя?

Зазвініло золото у шкатулі стоячы,
Заплакала Ганночка з веньца прыехавшы
Да Божэ ж муй, да мілосьцівы!
Да звязалі мні ручкі
Чарною кітаіцэю да з чужою чужэніцэю,
Шчоб я была молодіцэю, вечною вечніцэю.

Па абедзе малады ад’яжджае, зноў праваджаны сьпевам дружак, якія ўспамінаюць яго, супакойваюць жонку, суцяшаючы хуткім вяртаньнем. Па ад’езьдзе ж мужа, распавядае наш зьбіральнік песьняў, што супраць звычаяў іншых мясьцін, маладая запрашае да пячэньня караваю. Каравай амаль у кожнай мясьціне пячэцца і аздабляецца на свой уласны кшталт і спосаб. У Піншчыне гэта салодкі пірог, які важыць колькі дзясяткаў фунтаў, зроблены з пшанічнага цеста, верх якога пераразае крыж, вылеплены зь цеста, контур апаясвае абруч таксама зь цеста. Паміж рамёнамі крыжа стаяць павырабляныя птушачкі, шышкі, званыя макаўкамі, у сярэдзіне крыжа ўкладаюць двурожны месяц, на канцох якога зноў ёсьць два малыя крыжыкі зь цеста. Сем галінак (тры чвэрці локця даўжыні), тры з трыма прамянямі, а чатыры з двума, цалкам абляпляюцца цестам і пякуць асобна, а потым утыкаюць у пірог каля яго абруча, чаргуючы трох- і двухпрамянёвыя. На тых галінках чапляюць кветкі, каліну, гронкі амялы, а чырвоны пас як плоцік гэта ўсё атачае.
Некаторыя песьні пры караваю дыхаюць мілым рэлігійным пачуцьцём, напрыклад наступная, якую чароўна пераклаў наш бедны сьляпы паэт:

У саду голье вісіть,
Сам Бог коровай місіть,
Прэчыстая світіть,
Анголі воду носять.
Хрыстос прыступае,
Хустую накрывае.

Які ж гэта сьмелы і поўны тае старое пабожнасьці вобраз. У старажытнасьці людзі як малодшыя дзеці да бацькі туліліся фамільярна да Бога – гэта відаць ува ўсіх іхных творах – сёньня здалёку, з боязьзю, зь недаверам, са страхам, пазіраць ужо ў Ягонае аблічча ня сьмеюць. У творах сярэднявечнага мастацтва, як у тых народных песьнях, глыбокая вера сьмела наважвалася на самае дзёрзкае заданьне і простымі сродкамі дасягала мэты. Сёньня мастацтва ўжо ня ў стане ўзнавіць гэта, для чаго яму не стае натхненьня, бо не стае моцнае веры.
У вадной з калядных песьняў з навакольля Турава людзі так сьпяваюць Бога, Хрыста і анёлаў:

Ой в Турові на мораві,
Святы вэчор, свят!
Стояв косьцёл новы, незрублёны:
Святы вэчор, свят!
А в тум косьцелі, тры окэнэчкі:
Святы вэчор, свят!
У пэршом океньцы ясное сонцэ,
Святы вэчор, свят!
А в другум океньцы ясен місяц,
Святы вэчор, свят!
А у трэйцём окенцы ясные зыронкі.
Святы вэчор, свят!
Не ест воно ясное сонцэ,
Святы вэчор, свят!
Але ест вон сам Господ Бог.
Святы вэчор, свят!
Не ест вон ясны місяц,
Святы вэчор, свят!
Але ест вон Сын Божый,
Святы вэчор, свят!
Не ест воны ясные зыронькі,
Святы вэчор, свят!
Але ест воны Божые діті.
Святы вэчор, свят!

Для пячэньня караваю са сьвятою вераю так клічуць Божую Маці:

Прэчыстая Маті!
Ході к нам до хаты
Вошчэчку топтаті,
Свэчэчок сукаті,
Сей дом освэтіті,
Коровай замэсіті.

Робячы выснову з гэтых песьняў, хрысьціянская вера (што і гісторыя пацьвярджае) старадаўняя, відаць, у гэтай частцы краю, а народ шчыра яе сэрцам прыняў, улілася яна ў яго жыцьцё: няма амаль што сьпеву бяз згадкі Бога, Хрыста, Марыі і анёлаў. Ня будзем пашырацца ў апісаньні вясельля, якое паўсюль у Русі больш-менш аднолькавымі абстаўленае абрадамі. Падамо толькі яшчэ з рукапісу пана Р. Зянькевіча некаторыя песьні, сапраўды прыгожыя і цікавыя. Вось жа адна зь іх:

Не едзь сватухно пузьно у дорогу,
Будеш ночэваті в зеленэнькой дуброві,
Посьцілку слаті з зелёного зелья,
Подушэчкі класьці з павіного пер’я.
Не становіса под едліною,
Бо едліна дерэво нешчасьлівое,
Нешчасьлівое і невродлівое:
З корэня его, то вода подмыла;
З серэдіны его жовна пробіла,
А з верху его хвіля зломіла.
Стань собі сватухно под сосонкою;
Сосьніна дерэво шчасьлівое,
То шчасьлівое, то уродлівое:
З корэня его чорные соболі,
З серэдіны его боровые пшчолы,
А з верху его райскее пташкі.
Чорные соболі посэдіті хочуть,
Боровые пшчолы полетіті хочуть,
Райскіе пташкі то заспеваті хочуть.

У вадной з тых шматлікіх вясельных песень пашлюбаваная Ганна параўноўваецца з турыцаю, якую паляўнічыя зь любага гушчару маюць выгнаць, у другой – з рыбаю, якую туга ў пастаўленыя заганяе венцеры. Нарэшце пан малады прыбывае па яе да цешчы, якая на прывітаньне выходзіць насустрач маладому (што і на Валыні я бачыў) у кажуху, апранутым поўсьцю навыварат, з хлебам, сольлю і гарэлкаю. Тры разы пададзены келіх гарэлкі малады вылівае за сябе праз галаву, а чацьверты ўжо выпівае. Гэта відавочны перажытак нейкае паганскае выпіўкі. Маршалак сякераю ў крыж засякае парог, або толькі жазлом яго ўдарае. І, нягледзячы на супраціў, вясельны паязд урываецца ў хату. Каравайнікі ўдаюць, што хочуць стрымаць нападнікаў, крычучы: - Не нападай, Літво!
Вельмі прыгожая яшчэ адна разьвітальная песенька маладое, якою нашыя выняткі закончым:

Схіліласа бэрэза
Чэрэз гору в доліну,
Склоніласа Ганночка
Чэрэз скамлю мацёнцы:
Дзякую тобі, дубрувонька,
За твое годованьейко!
Як я у цебе бувала
Буйного вітру не чувала,
Друбного дошчу не відала.
Склоніласа Ганночка
Чэрэз скамлю мацёнцы:
Дзякую тобі, мацёнко,
За твое годованьейко!
Як я у цебе бувала
Важного діла не робіла,
Пузьно по воду не ходіла,
Всё тіхіе тонькі[30] воділа.
Дякую тобі, моя матонько,
За твое годованьейко!

У гэтых песьнях народу, над якімі пашырацца больш ня месца тут, ёсьць багата праўдзівае паэзіі: не саступаюць яны зграбнасьцю, прастатою, рэўнасьцю ніякім іншым, народжаным на верхавінах гораў, ва ўрадлівых далінах Падольля або ў тужлівай Украіне – бо паэзія ёсьць паўсюль, а найбольш яе ў народу, які ўвесь сьвет адчувае, бачыць у ягоных проблісках чароўнасьць і як дзеці прагна яго жадае.
___
За колькі міляў ад Пінску за Дзіковічамі, паселішчам убогае загонавае шляхты, над Стырам, ёсьць карчма, даволі прыстойная як на Зарэчча. Яна стаіць на беразе ракі менавіта так, як у нас звычайна стаяць корчмы пры дарогах.
Купістыя балаты і велізарныя прасторы чаратоў атачаюць яе адусюль, некалькі ледзьве відочных сьцежак вядзе да яе, ніводнае вёскі бліжэй за мілю, пуста навокал. Увесь даход з плытагонаў, якія плывуць ракою, бо тут канчаюцца наземныя дарогі, і далей, у глыбіню Зарэчча, ужо інакш як чаўном не патрапіш. І вось у гэтай Гарвасе чакаць мяне меўся дамоўлены абіванік, але ў сутнасьці аказалася, што я мусіў чакаць яго.
Дарога да гэтае карчмы невымоўна сумная; ад Жытнавічаў да Хойна, да перавозу на рацэ, пяскі і балаты як азірнеш вачыма, аднастайнасьць забойчая, якая можа даць уяву тым, што недалёка за дом вызірнулі, чым жа мусяць быць гэтыя пустэльні, дзе нават чароту і асакі не стае.
Доўга, доўга я чакаў у Гарвасе на абіванік. Жыд, жыдоўка, кот, пастух, кабыла з жарабём, дзьве каровы і малы хлопчык як маглі падтрымлівалі мне таварыства па чарзе. Я мусіў зь імі ўсімі на іхнай мове размаўляць, а ўрэшце ў Хойна па людзей пасылаць, каб плыць далей, ня трацячы часу. Нарэшце я выклапатаў нейкі абіванік і паплыў.
Я ня ведаю, напраўду, у каго маю прасіць пазычыць пяро на апісаньне гэтае пустэльні чаратоў, лазы і сітніку, якою колькі міляў я плыў? Уявеце сабе лес сплеценага трысьнягу, зьвязанага як у пінскім каўтуне, гэты лес бязьмежны як мора, перарэзаны толькі месцамі карытам ракі, якая марудна, асьцярожна, нібы зь вялікага дазволу, праплывае зарасьці чароту. У гэтых чаратох, бо была восень, ані нават камара, ані мухі, ані жывое душы, ані іншага гуку над шэлестам пасохлых сьцяблін і лісьця. Улетку затое тлумы, орды, процьмы камароў над балатамі і рэкамі вылётваюць., Калі б іх пабачыў Сыльвіё Пэліко (Silvio Pellico), то я ня ведаю, ці вызнаў бы ён, што гэтыя камары ў надакучлівасьці роўныя тым, што дратавалі яго пад плёмбамі Вэнэцыі[31]. Але гэтаю парою, у якой адбывалася маё падарожжа, я б заплаціў за істоту, да якое мог бы прыгледзецца, каб яна бразгатам або жахліваю постацьцю разарвала аднастайнасьць пустэльні. За недахопам іншых прадметаў я мусіў вывучаць адзеньне і твары весьляроў, будову чаўна, нахіл лісьця на трысьнягу, пасохлыя косы чароту, і лісткі, якія плавалі ў вадзе, і хмары на небе. Часам прыслухоўваўся размове і няспынным на быцьцё нараканьням перавозьнікаў. Заахвоціліся штурхаць човен на мялінах:
         А ну! А шчэ! Ну! Ну! – іх галасы прынамсі перарывалі цішу.
Калыханьне лодкі заклейвала вочы, але паснуць я ня мог. Стомлены, я павярнуўся на бок, каб з другога боку дошкі чаўна і сукі аглядаць,калі – о дзіва! Я ўгледзеў сярод гэтае пустэльні карчомку.
Спыніліся адпачыць. Карчомка была зусім незвычайная: стаяла, навокал апаясаная чаротам, лазою, хмызьнякамі, якія ўжо тут пачыналіся і насілі цудоўны назоў лесу – малая, гарбатая, схіленая, нагамі ў вадзе, галавою не вышэй за кусты. Ад ракі да парогу яе суправаджалі прыступкі, а некалькі чаўноў адпачывалі, засунутыя пад памост.
Пачуўшы прысталых да порту, гаспадар, якому напэўна таксама таварыства чаратоў апрыкраць мусіла, выйшаў з гарэлкаю на прыступкі. Дзед быў сівы, гарбаты, стары як хатка, і так да яе дастасаваны, такою абавязковаю яе часткаю быў, што я выглядваў толькі: няўжо за ім, як у дзіцячай казцы, не пакажацца старая з адным зубам баба, абапертая на кій. Гэтым разам бабы не было – вельмі шкада. Можна было б іх абаіх намаляваць з хаткаю разам як ілюстрацыю да тае старое казкі: жылі сабе дзед і баба[32].
Разьвітаўшыся зь вельмі гасьцінным старэчам, мы паплылі далей – зноў тая самая аднастайнасьць, лозы, чараты, вада, дрыгва, кусты і ані жывога духу. Ажно пачулі мы людзкі голас, абіванік высланы па мяне спаткаўся з намі. Мы перасядаем, пакуемся, плывем і плывем зноў таксама. На маё шчасьце сустрэліся мы зь неякім падарожным, які плыў абіванікам. Перад ім стаяў акуты куфар, а думкі ці напой разагрэлі яго, бо, нягледзячы на холад, у вадной толькі кашулі выцягнуты паснуў. Перавозьнікі павіталіся, мінулі чаўна і плывем зноў.
Ба! Нарэсьце вёска над берагам – другі адпачынак. Увесь выгляд складаўся з колькіх мізэрных хатаў (бо сяляне звычайна найгорш там будуюцца, дзе найзручней), карчмы, жыда-арандатара ў блакітных панчохах, які пахаджаў берагам, за ім паважна сьледавалі гусі, качкі, бахуры, хлопцы і дзьве бабы, якія пралі хусткі. Гэты краявід, хоць адзін з найзвычайнейшых, падаўся мне поўным жыцьця пасьля лозаў і чароту, якія мне ўжо косткаю ў горле стаялі.
Аднак жа трэба было плыць імі – толькі на дадатак, што тое было блізка ад вёскі, я меў у суправаджэньні колькі вельмі свойскіх сарок. Некаторыя зь іх ехалі на сьпінах сабак і сьвіней, што спакойна пахаджалі берагам, і забаўлялі мяне сваёю бесцырымоннасьцю з гэтымі жывёламі, сьмеласьцю, зь якою заскоквалі на каркі і, адагнаныя, кпліва адлёталі, абы праз момант усесьціся зноўку. Сарока сядала на сьвіней гэтак паважна і бясьпечна як пагоншчык на слана, Араб на вярблюда, фарсун на чыстакроўнага каня; але зусім ня з мэтаю праславіцца ў язьдзе або адпачыць. Уважліва глядзела, чым пасьвіўся яе скакун і хацела ў яго здабычу падхапіць, што аднак не ўдавалася. Тое ж самае давялося мне бачыць з сабакам, які прагнуў дацяміць, чым кормяцца куры на сьметнішчы і, бачачы як яны дзяўблі, падбягаў, шукаў, нюхаў, адыходзіў засмучаны, і, падкраўшыся зноў,  па некалькі разоў вяртаўся. У тым дзеяньні сабакі і сарокі я бачыў ужо пэўнае разважаньне: усё ж інстынкт ня ёсьць іхным выключным лёсам, яны маюць і іншыя сродкі, з тою розьніцаю, што інстынкт не падманвае, а разважаньне хібіць. Гэта так як зь людзьмі.
Урэшце сабакі, сьвіньні, сарокі, жыд у блакітных панчохах, вёска, дрэвы і жаночы водгалас пральляў, які праводзіў мяне найдаўжэй, засталіся далёка – глухая ціша зноў і пустэльня.
Я плыў, плыў бясконца; але рэшт гэтага падарожжа, прабачце мне, была як тое, што ўжо чыталі, панурая як веснавы вечар, аднастайная, доўгая як гадзіны гультайства. Трывала гэта гадзіну, рок ці век, я не магу гэтага вылічыць – урэсьце пачуўся брэх сабакі, крык дзяцей, шум млына – я наблізіўся да дабраславёнага начлегу.
Як аазыс у пустэльні, як караван-сарай[33] сярод неабсяжных стэпаў і гораў Пэрсіі, як усё тое, што чакаюць доўга і нецярпліва, гэтыя галасы жыцьця цешылі мяне, штораз рабіліся больш выразныя, набліжаліся, расьлі. Мы выплылі з рукавоў на Стыр, я заўважыў на ягоным беразе вёску, людзей, сьвет! Справа шумеў, жвава махаючы колам, млын-плавок, зьлева дымілі вясёлыя хаты, жвава мільганулі колькі чаўноў – грузілі цэглу на абіванікі. Дзякаваць Богу, мы дасягнулі мэты. Я сардэчна прывітаў Іванчыцы. Мяркую, каханыя чытачы, што і вы ўжо да іх заўздыхалі? Ці няпраўда?
___
Усё ж патрэбна мне было яшчэ бачыць пустэльні Зарэчча, гэтыя велізарныя балаты, узімку. Калі іх белы сьнег пакрые, калі ўгары над імі белыя сьнягі завіснуць, калі сьняжыстыя хвалі адусюль атачаюць падарожнага, а чалавек, едучы ці йдучы, паводле тутэйшага выразу знаходзіцца сярод гэтае аднастайнае белізны – як у яйку. Ёсьць нешта асаблівае ў становішчы і пачуцьцях падарожнага, які наўкола сябе, над сабою, перад сабою, нічога апроч гэтае аднастайнае белізны ня бачыць. Уяўленьне небясьпекі, якое насамрэч бывае вялікае, калі ён едзе тымі балатамі сярод завеі, гэтая несканчоная аднастайнасьць, вецер і сьнег, якія веюць на яго, дзіўна суцяшаюць і ў роздум уводзяць, можа з-за таго, што ён адчувае сябе моцным супраць усіх стыхій, як рыцар перад боем. Таму, хто б, ня верачы ў рэчаіснасьць небясьпекі, меў ахвоту сьмяяцца зь яго, мы маглі б навесьці аж надта частыя прыклады людзей, заблукалых сярод мяцеліцы і памерлых за колькі дзясяткаў крокаў ад дому, якога ўгледзець, адчуць, ані дадумацца не маглі.
Калі вецер з сухім сьнегам запаўняе паветра, забельвае ўвесь сьвет, ніхто ў дарогу ня рушыць, усе сядзяць там, дзе каго застала завіруха. А каго неабходнасьць выштурхоўвае з дому, той верыць у Наканаваньне, што яго як нырца з глыбіні пропасьці ўздыме. Завея ў лясох найменш страшная, бо разьбітая дрэвамі, адчуць сябе амаль не дае, а дарога застаецца бачная. Аднак у адкрытых месцах, замятаючы ўсе дарогі і рэкі, па якіх можна было б пазнаць мясцовасьць, захінаючы нават найменей аддаленыя прадметы, навосьлеп, інстынктам рухацца прымушае. Найбясьпечней у такім разе улічваць кірунак ветру, каб заўсёды прынамсі ў вадзін ехаць бок і колам не кружляць; аднак і вецер можа здрадзіць, калі неспадзявана павернецца, што часта здараецца.
На шырокіх пінскіх балатох завея страшная; нічога тут дарогі не пакажа заблукаламу, а спатканы стог нічому не навучыць, бо ж іх тут такая колькасьць па вялізных лугох, што сам уласьнік да свайго б у завіруху не патрапіў. Каб выбрацца ў такое падарожжа, трэба быць закаханым, купцом або шалёным; – так мне казаў адзін незнаёмы падарожны, якога я сярод замеці спаткаў на балатох. – Забыў пра турыстаў.
Тут як улетку плывуць, то ўзімку едуць па рэках у асноўным, бо ж рэкі найлепей паказваюць дарогу. Можна, праўда, праламаць дзе на язьвінах[34] і патануць, але хто б на такую драбязу зьвяртаў увагу? Велізарныя шэрагі фурманак цягнуцца часьцяком, нягледзячы на адлігу, па косткі ў вадзе праз рэкі і вазёры, якія хрумсьцяць пад нагамі і, пакуль нехта не праломіцца, упарта вераць у трываласьць лёду.
Варта хоць раз у жыцьці ехаць тою дарогай сярод завеі дзеля пачуцьця выгляду гэтае бясконцае белізны, неперарванай нічым, каб наглядзецца ў гэтыя прасторы, аднолькавыя зь вечнасьцю, якія хіба ў сьне ліхаманкавым прымроіць можна, ня бачыўшы іх ніколі раней.
         Што азначаюць гэтыя крыжы, якія стаяць ля берагу ракі? – я спытаўся вазьніцу, – ці тут хто загінуў?
         Не, пане, – адказваў мне, – іншы тое напамін. Флісакі, плывучы з дрэвам у Гданьск, ставяць іх на памяць у месцы, дзе велікодныя сьвяты адбылі.
 Прыгожы гэта звычай нашых пабожных людзей, які даводзіць пра моцнае яшчэ ў іх рэлігійнае пачуцьцё.
Багата ж якіх рэчаў значэньня, таксама як тых забытых на балатох крыжоў, мы ня ведаем! Што значаць, напрыклад, колы на шастох перад хатамі? Панянку на выданьне. Купы ламачча й камяні на раздарожжы? Магілу раптоўна памерлых. Конскія чарапы завешаныя часта па платох перад хацінамі, або пакіданыя бы ненаўмысна па дарогах? Тракт і корчмы для канакрадаў, цыганоў і жыдоў, якія ўсе адно адному дапамагаюць.
Падарожжа сярод сьняжыстае завеі, асабліва пад вечар, стаецца нязьмерна драматычным; удзень відаць небагата, змрокам нічога ўвогуле, сані пасуваюцца навобмацак, ведамыя інстынктам коней, штохвіліны голас, пах далятае, нейкая пазнака абвяшчае пра набліжэньне да людзкіх жытлаў і ашуквае. Надзея і сумненьне па чарзе ўзрушаюць сэрца, мароз тым часам праймае да костак, узбуджае неспакойныя прадчуваньні пра надыход ночы. Ці зьмерзьнем зусім, ці толькі напалову? Пытае ў душы кожны сябе. Ноч надыходзіць і чалавек прагне ўжо хоць стогу, да якога б прытуліўся, які б хоць неяк закрыў ад ветру, захінуў ад сьнегу.  Часта зьнявераны і заблукалы падарожны дасягае нарэшце яру, магілы, стажар’я і вырашае пры іх ноч прабавіць. Страшная такая ноч! Наводдаль выцьцё ваўкоў, навокал штораз растуць сьнежныя сумёты і паснуць нельга, бо сон быў бы сьмерцю, а ранак на досьвітку найчасьцей знаходзіць такіх засыпаных коней і людзей, што цэлы наступны дзень трэба працаваць, каб выбавіць з гэтае тавэрны.
Такіх завірух у нас зімою нямала, а кожная амаль памятная неякім выпадкам. Няраз найнечаканейшы віхор зрываецца сярод яснае пагоды, уздымае сьнягі, сьцягвае хмары, падаць і месьці пачынае, а праз хвілю потым няма ўжо знаку дарогі.
Прыгожая часам нашая зіма і шэрань на дрэвах блішчыць, і сьнягі ў дыямэнтавых сонечных промнях, і лясы ў сьвяточных сукенках і найдрабнейшыя галінкі пакрытыя празрыстымі крышталямі, але цяжка яе перажыць, асабліва бедным! Зь якою ж радасьцю вітаюць надыход вясны і адыход зялёных крыгаў, якія таўкуцца і сьпяшаюцца, быццам уцякаючы ад сонца.  Сыйшлі ільды, разьліліся хвалі, ладуюць баркі і доўгі шэраг гуськоў і пасоў пераможна пасуваецца, вясёла несучы нашае дрэва і збожжа да Караляўца і Гданьску. Наперадзе рушыў стырнавы, а за ім пры першым плыце зручная, ахайная скарбоўка, збудаваная падобна маленькаму дамку, пасуваецца, несучы на сабе румянага і ўкормленага пана купца, які руку заклаў за папругу і ўсьміхаецца сваім надзеям.

Пераклад з польскае: Валер Кісель (паводле выданьня «Wspomnienia Polesia, Wołynia i Litwy», Парыж, 1860)



[1] James Clarke Ross (1777–1863)
[2] Peter Pallas (1741–1811)
[3] Laurence Sterne (1713–1768)
[4] Alexander Humbolt (1769–1859)
[5] За 10 км на ўсход ад Пружаны ў родавым маёнтку прайшло дзяцінства Крашэўскага.
[6] Нарушэвіч
[7] Herodot. Getae
[8] З выданьня 1840. У 1860 фрагмэнт адсутны.
[9] Les marais dont elle est inondee, ressemblent a une mer; et c’est ce qui lui a fait donner le nom de Polesie. Цытуе Olivariusa, 2. Calv. p. 154.
[10] Палесьсе мелася быць рэшткаю цясьніны, якая злучала Чорнае мора з Балтыйскім. Гэтую гіпотэзу нібы пацьвярджае крэйдавы падклад балатоў. У ХІХ ст. тут разьмяшчалі Герадотава мора. У кроніцы Дытмара (Thietmar) ідзецца пра мора (у ваколіцах Турава), апанаванае злымі духамі, якое «адкрыў» біскуп-місіянэр з Калабжэгу (Reinbern).
[11] Rzączyński, H. N. p. 164.
[12] Паводле адшуканай нядаўна арыгінальнай граматы (каля 1390) Васіль Пінскі ўсё ж быў сынам Нарымонта Гедымінавіча.
[13] На прадмесьці Пінску, званым Лешч, быў манастыр, які існаваў ад Х ст. Манах Мітрафан пісаў тут Пінскі летапіс, які быў зьнішчаны (камэнтар з польскага выданьня 1985).
[14] А. С. Радзівіл быў канцлерам Літвы, але ня быў віленскім біскупам (В.К.)
[15] Bandkie Jerzy Samuel (1768–1835) – знакаміты гісторык, бібліёграф, бібліятэкар: ідзецца пра ягоную Histotię drukarń w Królewstwie Polskim i Wielkim Księstwie Litewskim (1826).
[16] У тэксьце Wyhowy
[17] Шчогла – палеская назва мачты
[18] H. N. p. 151.
[19] H. N. p. 153.
[20] H. N. p. 139.
[21] У страўніку рака знаходзяцца два вапнавыя, цьвёрдыя камячкі (ракавыя вочы), якія ўжываліся ў старажытнай мэдыцыне.
[22] Лысуха, лыска.
[23] Плавіца – такі назоў чаўна быў зафіксаваны ў 1930-х роках у мястэчку Гарадной паводле дасьледаваньня Юзэфа Тарнацкага.
[24] Ад Чарнобылю, мястэчка каля сутоку Усны і Прыпяці. Чарнобыль быў важным гандлёвым асяродкам, жыхары наймаліся на байдакі (флісакі). Было ўласнасьцю Хадкевічаў.
[25] Плытагонамі
[26] 1840: Тутэйшая мова – гэта мешаніна польскае і маларускае, часам валынскі акцэнт прабіваецца.
[27] Рамуальд Зянькевіч
[28] О ты Любіцу – літвіны, паводле Нарбута, шанавалі бога Любленіча (у русінаў Любіч або Любчык), бога каханьня. Цытаваную песьню Нарбут занатаваў у Dziejach starożytnych narodu litewskiego. T. I. Вільня 1835, с. 109.
[29] Гэта песьня была ў выданьні 1840, а з парыскага выданьня 1860 Крашэўскім выдаленая.
[30] Танцы
[31] Плёмбы – турмы пад свінцовымі дахамі ў Вэнэцыі
[32] Верш на падставе гэтае легенды Крашэўскі напісаў перад 1835 рокам, надрукавана ў І томе Паэзіі (Вільня, 1838).
[33] Заезны дом на Блізкім Усходзе.
[34] Балота, якое ніколі не замярзае. …У “Этнаграфічным нарысе па матэрыяльнай культуры беларускага Палесся”, выдадзеным у 1928 годзе, запісана: “Вёска Язвінкі ляжыць каля невялікага тарфянога балотца. На паўночны захад ад Язвінак знаходзіцца некалькі гнілых балотцаў, якія нават узімку не замярзаюць. Гэткія балотцы ў нас завуцца па-рознаму — норы, вокнішчы і проста язвіны”… http://tv.sb.by/kultura-5/article/khvoraya-vyeska-.html

No comments:

Post a Comment