09/10/2016

Нарыс геалогіі ваколіц Гарадной

Юзаф ГОЛАМБ
НАРЫС ГЕАЛОГІІ ВАКОЛІЦ ГАРАДНОЙ НА МІЖРЭЧЧЫ СТЫРА І ГАРЫНІ

Прадмова перакладчыка
Каля 30 млн. гадоў таму на месцы вёскі Лукі плёскалася мора, а Валынь была берагам гэтага мора. Падобна, і сама Гарадная была невялікай паўвыспай у гэтым моры. Каля 400 тыс. гадоў таму скончылася кракаўскае ледавікоўе, якое пакінула вакол Гарадэнскага ўзвышша шэраг азёр, на дне якіх ў мазавецкім міжледавікоўі адклалася тая самая якасная чорная гліна (і крыху чырвонай), з якой гарадэнцы рабілі сваю белагліняную кераміку. Каля 110 тыс. гадоў таму пачалося і  10 тыс. гадоў таму закончылася апошняе ледавікоўе, падчас якога кароткі ў гэтых мясцінах пастой ледавіка пакінуў озавае ўзвышша Замкавішча і шматлікія пясчаныя выдмы паблізу яго. А яшчэ ад яго засталося глыбокае (да 15 м) возера на ўсход ад Гарадной і рака на захадзе.
Да нашага часу возера і рака ператварыліся ў некалі велізарнае балота Марочнае. Хуткімі тэмпамі знікае і балота. Ужо пад уздзеяннем маштабнай меліярацыі і здабычы торфу. Можа, абвяшчэнне ўсходняй часткі Марочнага (былога возера) нацыянальным заказнікам, а таксама памежная паласа, куды балота ўваходзіць, уратуюць ад поўнага знішчэння экалагічную сістэму самага вялікага на Палессі верхавога балота. Прапаную свой пераклад з польскае мовы грунтоўнага даследавання польскіх геолагаў на чале з Юзафам Голамбам, здзейсненае ў 1930-х і апублікаванае ў 1960 годзе.

Рэзюмэ

У ваколіцы Гарадной выяўленыя крэйдавыя адклады туронскага яруса, трацічныя эацэну і алігацэну, а таксам чацвярцічныя. Пасярод чацвярцічных утварэнняў можна вылучыць: як імаверныя – пескавата-жвіровыя ўтварэнні даледавікоўя, пескавата-жвіровыя ўтварэнні і марэнавыя гліны кракаўскага ледавікоўя, серыю мазавецкага міжледавікоўя, якая знаходзіцца на ўзвышшы Гарадной у выглядзе жвірова-пескаватых утварэнняў і глін, таксама тарфяністых сапрапеляў і тарфоў, адклады сярэднепольскага ледавікоўя ў выглядзе марэнавых і стужкавых глін, а таксама галацэнавыя адклады.

УСТУПНЫЯ ЗАЎВАГІ І ХАРАКТАРЫСТЫКА ТЭРЫТОРЫІ

Ваколіцы Гарадной былі даследаваныя ўлетку 1932 і 1934 гг. Яны складаюцца з наступных трох геамарфалагічных і геалагічных элементаў:
1.       Ледавіковае ўзвышша Гарадной.
2.       Абшар балота Марочнага.
3.       Абшараў галацэнавай акумуляцыі ў паўночнай частцы даследаванай тэрыторыі.

Разрэз A-B. Мапу гл. ніжэй











1. Ледавіковае ўзвышша Гарадной.
Найвышэйшы пункт тэрыторыі, узняты на 168 м н. р. м., размешчаны на поўдзень ад вёскі Дэрэўня (Дзераўная), тады як найніжэйшы ляжыць на поўнач ад вёскі Лука на вышыні 137 м н. р. м. Ледавіковае ўзвышша мае падоўжаны выгляд з ПдЗ на ПнУ. У агульных абрысах выяўленыя вялікія нерэгулярнасці, таму таксама можна вылучыць другарадныя марфалагічныя элементы, напрыклад узвышша Дэрэўні, Гарадной і Бутава. Паасобныя элементы падзеленыя паміж сабою паніжэннямі, занятымі неглыбокімі тарфянікамі. Узвышша Гарадной і Дэрэўні складае цэлае, якое абрысоўвае гарызанталь 154 м.
2.  Абшар балота Марочнага.
Гэта абшар атачае з усіх бакоў узвышша Гарадной і дзеліцца на колькі частак, якія розняцца генетычна і марфалагічна. Гэтыя часткі наступныя:
А. вузкая паласа балота, якая агінае ўзвышша з захаду, з найменшаю шырынёю – блізка 800 м, каля ўрочышча Рублэ і найбольшай – да 4,5 км, на поўнач ад дарогі Гарадная–Рублэ. Сярэняя шырыня гэтае палоскі складае каля 2,5 км.
Б. абшар паўночнай мульды, якая сягае 6 км паміж мясцовасцю Сходы і мясцовасцю Лучыцы. На гэтай мульдзе знаходзяцца 5 уздымаў, збудаваных з ледавіковых і старагалацэнавых утварэнняў.
В. мульда на ўсход ад Гарадной, шырынёю да 12 км, якая мае найбольшую глыбіню (да блізу 15 м).
Г. сістэма нерэгулярных мульдаў і жалабоў на поўдзень ад Гарадной і Дэрэўні, раздзеленых уздымамі, збудаванымі пераважна з ледавіковых утварэнняў.
3. Абшары галацэнавай акумуляцыі.
Гэтыя абшары ў паўночнай частцы даследаванай тэрыторыі складаюцца з вапністых наносаў з астраўнымі уздымамі, збудаванымі з пылаватых пяскоў на паўночным і ўсходнім абшарах. Абсалютныя адзнакі вагаюцца ад 132 м н. р. м. (Рухча ІІ) да 152 м н. р. м. (выдма на поўдзень ад Калоднага).
На апісванай тэрыторыі можна вылучыць наступныя акумуляцыйныя гарызонты:
А. заліўная тэраса Стублы і балота Марочнае, якія характарызуюцца згасальнай акумуляцыяй, моцнаю стагнацыяй водаў і затарфаваннем.
Б. другі акумуляцыйны гарызонт паўночнага абшару, узняты ад 1 да 4 м над заліўною тэрасаю; ён утварыўся ў выніку дэнудацыі старэйшых галацэнавых утварэнняў, а пасля цераз слабую акумуляцыю пяскоў і наносаў.
В. трэці акумуляцыйны гарызонт, у выглядзе адарваных дзялянак пылаватых пяскоў, выяўлены перадусім паблізу мясцовасці Цмень.
Г. акумуляцыйная тэраса ўзвышша Гарадной, якая ўтварае выразную прыступку і збудаваная з пяскоў жоўтых, кварцавых з выяўленымі месцамі дробнымі валунамі. Сярэдняя вышыня тэрасы складае каля 145 м. н. р. м. прычым найбольшы абшар яна займае ў паўднёвай частцы апісванай тэрыторыі. У кірунку ПдЗ гэтая тэраса пераходзіць за мяжу балота Марочнага.
Д. эразійна-акумуляцыйная плоскасць узвышша, збудаваная ў асноўным з ледавіковых адкладаў і ўзнятая вышэй за 154 м н. р. м.

СТРАТЫГРАФІЯ УТВАРЭННЯЎ

КРЭЙДА

Крэйда туронскага яруса выяўленая ў свідравіне ў вёсцы Лука на глыбіні 47 м (90,5 м н. р. м.), у выглядзе пішучай крэйды, без крэменю, з утрыманнем абточаных зярнят празрыстага кварцу дыяметрам ад 1 да 2 мм.

ТРАЦІЧНЫ ПЕРЫЯД

У цэлым трацічная серыя ў вёсцы Лука (глядзі профіль свідравіны) мае 35,6 м магутнасці. У покрыве крэйды знаходзяцца глаўканітавыя пяскі і цёмнабрунатная, шэрая, вапністая гліна. Абодва гэтыя пласты маюць 3,8 м магутнасці. Імаверна гэтыя гліны належала б залічыць да эацэну. Алігацэнавая глаўканітавая фармацыя, якая складае галоўную частку профілю, утвораная з глаўканітавых пяскоў і глін з тонкімі ўкладкамі пескавіку і канкрэцыямі марказіту. Гэты профіль выяўляе пэўную седыментацыйную чарговасць, прычым у сярэдняй і верхняй частцы ён хутчэй гліністы, а ў ніжняй пескаваты. Марказітавыя канкрэцыі гуртуюцца ў асноўным у падэшве глаўканітавай серыі.
Паблізу Бутава, адразу пад паверхняй, знаходзяцца глаўканітавыя пяскі, найімаверней аднак на другарадным радовішчы, сведчачы пра блізкасць з’яўлення алігацэну.

ЧАЦВЯРЦІЧНЫ ПЕРЫЯД

Даледавікоўе. Даледавіковымі ўтварэннямі можна лічыць імаверна пескавата-жвіровую серыю, якая ляжыць пад флювіягляцыяльнымі пяскамі, якія безсумнеўна належаць да чацвярцічных адкладаў. Даледавіковая серыя ўтрымлівае крышталічныя жвіры, але хутчэй яны паходзяць з валынскага масіву. Гэтае пытанне вымагае далейшых даследаванняў.
Кракаўскае ледавікоўе. Поўная серыя адкладаў кракаўскага ледавікоўя знаходзіцца ў свідравінах. Гэта пяскі са жвірамі, дробнымі крышталічнымі валунамі і крамянямі, а таксама марэнавая (валуновая) гліна, гліна шэрая і цёмнашэрая, пескаватая або пластычная, падзеленая пяскамі з дробнымі цёмнашэрымі валунамі.
Магутнасць валуновых глін разам з пяскамі з дробнымі цёмнашэрымі валунамі складае ў Дэрэўні (Дзераўной) 2,3 м. Тады як у свідравіне ў мясцовасці Лука шэрыя валуновыя гліны разам з пескаватымі глінамі перавышаюць 4 м магутнасці. Агульная таўшчыня ўтварэнняў кракаўскага ледавікоўя складае каля 6,5 м.
Мазавецкае міжледавікоўе. Найбольш характарыстычнай серыяй, выяўленай на ўзвышшы Гарадной, ёсць міжледавіковая серыя, якая паказвае моцную фацыяльную зменлівасць. Уяўляе яна сабою жвіры, пяскі і гліны шэразялёныя, чырвоныя і чорныя. Месцамі знаходзяцца ліманітавыя ааліты, а таксама тарфяністыя сапрапелі і тарфы. Петраграфічны склад міжледавіковых утварэнняў неаднародны, таму што знаходзяцца яны ў пескаватай фацыі, якая канцэнтруецца пераважна на берагах узвышша і ў гліністай фацыі, якая складае аснову сярэдняй партыі ўзвышша. На паверхні тэрыторыі гэтыя ўтварэнні выяўленыя перадусім на захад ад Гарадное, дзе яны эксплуатуюцца як керамічны матэрыял. Затым сустракаем яе далей на ўсход, пры скрыжаванні дарог да Лукі і Лучыц, каля вёскі Дэрэўня і ў гэтак званай Смалярні пры дарозе да Гарыні [Тэрэбяжова].
Падэшву гліністае фацыі міжледавіковых утварэнняў складаюць шэразялёныя пяскі са скальнымі абломкамі, а затым шэрыя гліны. Чорныя гліны няраз замяняюцца тарфамі і тарфяністымі сапрапелямі. У пескаватай фацыі знаходзяцца пераважна жоўтыя пяскі, менш або больш гліністыя, з рэдкімі ўкладкамі жвіркоў.
Гліністая фацыя знаходзіцца ў трох абшарах. Адзін абшар цягнецца на прасторы каля 2 км паміж даўнім маёнткам Гарадная і ўрочышчам Мяжыгваздзе.  На гэтай тэрыторыі ўдаецца заўважыць пераход пескаватае фацыі ў гліністую; гэтак у цагельні каля маёнтку Гарадная ў міжледавіковым гарызонце ляжаць пяскі і гліны, узаемна перапластаваныя, тады як 100 м далей да паўночнага захаду траншэі і свідравіны выявілі тыпова гліністую фацыю з аалітавымі глінамі ў падэшве.
Ускрыцці міжледавікоўя выяўляюць моцныя ледавіковыя забурэнні, якія спрычынілі няроўную паверхню глін, прычым часта паяўляюцца разрывы паасобных міжледавіковых слаёў у верхніх ледавіковых слаях. Агульны нахіл міжледавіковых адкладаў на гэтым абшары на поўнач. Найлепшы керамічны матэрыял уяўляюць сабою чорныя гліны, горшы – шэрая пластычная гліна.
Другі абшар покладаў глін, якія не эксплуатуюцца, знаходзіцца на паўночны ўсход ад Гарадной. Гэтыя поклады складаюцца тут перш за ўсё з шэрых глін, падсцеленых пяскамі, і ўяўляюць адклады вадаёма са слабым рухам вады, як паказвае далікатнае хваліста-скоснае пластаванне.
Паверхня глін тут таксама забураная. Далей да паўночнага ўсходу гліны становяцца больш пескаватыя і маюць болей пескаватых укладак, каб урэшце перайсці ў фацыю гліністых пяскоў (супескаў), з другараднымі праслоямі глін, як гэта мае месца ў Луцэ.
Трэці абшар, у Дэрэўні, займаюць гліны, якія злучаюцца з глінамі ў Смалярні. Гэта цёмныя і чорныя гліны з лінзамі тарфяністых сапрапеляў. Значнейшае пакрыццё марэнавымі глінамі не спрыяе эксплуатацыі.
Найцікавейшымі ўяўляюцца міжледавіковыя адклады ў ваколіцах Смалярні.
Шэраг неглыбокіх свідравін і траншэй, а таксама выкананы шурф, дазволілі дакладнейшае даследаванне, чым тое мог здзейсніць Л. Савіцкі, пагатоў ледавіковае пакрыццё тут адносна нязначнае. Тут няма тыпова пескаватае фацыі, а пераходная фацыя, выяўленая на паўночным усходзе паказвае, што ў гэтым напрамку бераг вадаёма быў бліжэйшы.
Тарфы ў Смалярні былі даследаваныя на прадмет утрымання пылку А. Пашэўскім. Пылковы аналіз паказвае, што тарфянік утвараўся ў халодным клімаце ў канцы міжледавікоўя. На адну рэч варта звярнуць увагу, а менавіта, што пылковыя табліцы (таб. 1 і 2) паказваюць мешаніну флор, што належыць аднесці да сцёкавых з’яваў у гэтым вадаёме. Пылковы аналіз быў здзейснены з маналіту торфу, таму перамешванне прэпаратаў і пробаў было немагчымае. Слой сцёкавых пяскоў у Смалярні паказвае на тое, што такія сцёкі неаднаразова мелі месца ў вадаёме, з улікам моцнага нахілу дна.
Сярэднепольскае ледавікоўе. Адклады сярэднепольскага ледавікоўя знаходзяцца амаль што на ўсім абшары ўзвышша Гарадной, акрамя таго на ўсім абшары на поўдзень ад урочышча Рублэ. Выяўленыя яны ў выглядзе валуновых (марэнавых) глін, пяскоў з дробнымі валунамі, якія пераважна ўтварыліся спескаваннем марэнавых глін, а таксама ў выглядзе стужкавых глін (урочышча Мяжыгваздзе) і глін з валунікамі. Большыя дзялянкі марэнавых глін знаходзяцца на захад ад Гарадной, потым на поўнач ад вёскі Дэрэўня і нарэшце каля вёскі Лука, дзе знаходзіцца рэшткавая дзялянка марэнавай гліны. У складзе марэнавых глін і пяскоў з валунікамі не стае большай колькасці крэменю, які гэтак характэрны для ваколіц, размешчаных далей на захад і поўдзень, тады як галоўным складнікам з’яўляюцца чырвоныя кварцыты, а ў меншай меры крышталічныя валунікі, якія моцна выветраныя і пераважна асноўнага тыпу.
Амаль што на ўсім абшары валуніковыя пяскі і марэнавыя гліны падсцеленыя пяскамі, якія пераважна жоўтага колеру. Ва ўсходняй частцы ўзвышша выяўленыя каменныя брукі, утвораныя выветрываннем дробназярністых частак з марэнавых адкладаў[1].
Узгор’е Замкавішча мае характар озу, у выглядзе валу з раўналежным кірункам, які складзены пераважна са скосна наслоеных жвіроў і буйназярністых пяскоў.
Старэйшы галацэн. Галацэнавыя адклады былі падзеленыя з марфалагічнага, літалагічнага і генетычнага гледзішчаў. Утварэнні старэйшага галацэну займаюць досыць абмежаваную прастору; яны выяўленыя ў выглядзе тэрасавае рэшты вакол уздыму Гарадной і ўздымаў, размешчаных у асноўным у паўночнай частцы абшару, у фацыі пылаватых пяскоў.
Схема ўздымаў – падоўжная, з асноўным напрамкам ПдПдЗ–ПнПнУ. Падэшву фацыі жоўтых пяскоў (тэрасавых) складаюць дробназярністыя пяскі, тады як у падэшве пылаватых пяскоў знаходзяцца рэчна-азёрныя наносы.
Пылаватыя пяскі, як на тое паказвае колькі ўскрыццяў, – гэта адзіныя пескаватыя азёрна-рачныя наносы і складаюць фацыю хутчэй дробназярністую жоўтых пяскоў. Жоўтыя пяскі часта цяжка адрозніць ад плейстацэнскіх утварэнняў.
Малодшы галацэн. У малодшым галацэне можна вылучыць два гарызонты, старэйшы і малодшы.
Старэйшы гарызонт займае пераважную частку паўночнага абшару апісванае тэрыторыі і выяўлены ў выглядзе шэрых і белых пяскоў, якія да ўсходу і поўначы пераходзяць у фацыю вапністых глін і лугавых вапнякоў. Пескаватая фацыя да падэшвы пераходзіць у гліністую фацыю. Утрыманне карбанату кальцыю ў глінах спрычыняе тое, што тэрыторыі паміж Нячатавым і вёскамі Цмень вельмі ўрадлівыя. Малодшы гарызонт знаходзіцца ў найніжэйшых частках тэрыторыі, прычым адклады гэтага гарызонту групуюцца ў далінах і часткова ў паніжэннях балот; гэта адклады, пазбаўленыя ўвогуле карбанату кальцыю, якія характарызуюцца моцным утварэннем тарфяністых адкладаў (рознага веку).
Выдмы на апісванай тэрыторыі групуюцца перадусім на паўночнам краі ўзвышша Гарадной і звязаныя з размяшчэннем пескаватых фацый. Пераважная частка выдмаў мае парабалічны выгляд, прычым гэта паадзінкавыя парабалы або групавыя.
Напрамак  ветру, які ўтварыў выдмы, быў амаль што заходні, з лёгкім адхіленнем да поўначы. Перасоўванне выдмаў выклікае змяншэнне паверхні балота Марочнага.

ЗАБАЛОЧВАННЕ

Прычыны забалочвання апісванай тэрыторыі наступныя:
1.       Жыўленне мульдаў[2] карставымі крыніцамі і крыніцамі, якія ўтвараюцца на краі ўзвышша Гарадной.
2.       Гліністы падклад, непранікальны для атмасферных водаў.
3.       Нявыраўнаваная лінія нахілу.
Жыўленне водамі і няроўнасць лініі сцёку выклікае назапашванне водаў у балоце Марочнае, гліністы падклад з свайго боку абумоўлівае забалочванне паўночных абшараў і бяссцёкавых мульдаў на ўзвышшы Гарадной.
У выніку гэтага можна вылучыць два асноўныя абшары забалочвання: адзін абшар утварае балота Марочнае, якое мае структуру пераходнага і верхавога тарфяніка, другі абшар – паўночны – утвараюць шматлікія, пераважна асобныя мульды.
Заходняя частка Марочнага, як паказваюць профілі, мае ў сваёй паўночнай частцы выраўнаваны профіль дна, што паказвала б на рачное паходжанне.
Глыбіня балота рэдка сягае 3 м, сярэдне яна складае 2,5 м. У профілі найглыбейшыя часткі знаходзяцца ў сярэдзіне балота. Паўднёвая дзялянка ўяўляе сабою азёрную мульду, аддзеленую ад паўночнае дзялянкі папярочным падпаверхневым валам. Паўночная мульда мае найбольш нерэгулярную будову і паказвае найменшыя глыбіні. Шэраг папярочных валоў, якія часткова знаходзяцца таксама на паверхні, дзеліць балота на паасобныя дзялянкі, з якіх колькі маюць старарэчны характар. Усходняя мульда паказвае найглыбейшыя паніжэнні, пры чым берагі падаюць досыць стромка. Увогуле, найглыбейшыя часткі балота знаходзяцца пры ўскраіне узвышша. У затокавай частцы, размешчанай на ўсход ад Гарадное, таксама была адшуканая найбольшая глыбіня, што сягае 15 м.
Падклад тарфяніка Марочнага пераважна пескаваты, адно ў нешматлікіх месцах гліністы.
Паўночны абшар забалочвання займае плыткія мульды, якія як правіла маюць гліністы падклад і ёсць збольшага беспрыточныя.
Вынятак складаюць мульды, размешчаныя ў даліне Стублы, дзе глыбіні мульдаў большыя і маюць старарэчны характар; іх рэліктам ёсць азёры Сытнае і Дэм’янае.
Тарфянікі можна падзяліць наступным чынам:
1.       Нізінныя тарфянікі, пераважна ў даліне Стублы і ў прадаліне Стыра, часткова на ўзвышшы Гарадной.
2.       Лясныя пераходныя тарфянікі, пераважна на Марочным, дзе таксама знаходзяцца пераходныя тарфянікі з Carex lasiocarpa.
3.       Верхавыя тарфянікі ў паўночнай, а асабліва ва ўсходняй частцы Марочнага.
Паводле С. Кульчынскага (1930) мы маем тут справу з найбольшаю сукупнасцю верхавых тарфянікаў на Палессі.
Пераходны бярозавы тарфянік у мясцовасці Глінка паказвае ў профілі 100 см торфу Radix-Sphagnum з бярозавым дрэвам, 50 см трысняговага торфу, 85 см імшыстага торфу з сапрапелем (у ляжачым баку дрэва).
Тарфянік падсцелены шэраблакітнымі глінамі (В. Тымракевіч, 1935).
Моцна абводнены верхавы тарфянік у мясцовасці Вялікі Лес паказвае ў профілі 80 см торфу Sphagnum, 20 см Cariceto-Sphagnum і 30 см гліністага пяску.
Пылковыя аналізы з Марочнага паказваюць, што заходнія часткі тарфяніка ўтварыліся праз затарфаванне рачных карыт, у той час як усходнія праз затарфаванне азёраў.
Таму гэтыя вынікі сыходзяцца з вынікамі геалагічных вышукаў.
У профілі тарфяніка можна заўсёды вылучыць два асноўныя элементы, а менавіта верхавы тарфянік з Sphagnum і лясны торф, які месцамі ляжыць на нізінным тарфяніку.
Апошні згаданы нізінны тарфянік ляжыць таксама як на рачных, так і на азёрных сапрапелях. У некаторых профілях можна апісаць даволі значны пажарны слой. У пылковых профілях паводле С. Кульчынскага можна вылучыць два выразныя гарызонты, а менавіта верхні гарызонт (літарынавы) і ніжні (анцылавы). Пасляанцылавы перыяд зноў-такі падзяляецца на субатлантычны, суббарэальны і атлантычны.

ПАХОДЖАННЕ ТЭРЫТОРЫІ

Найстарэйшыя ўтварэнні на апісванай тэрыторыі, якія знойдзеныя ў свідравінах, уяўляюць сабою марскія крэйдавыя адклады. Таксама эацэн[3] і ніжні алігацэн[4] даюць марскія ўтварэнні, прычым гэтае мора мела ўвогуле слабую цыркуляцыю водаў.
Мапа з даследавання. Колерам пазначана паходжанне балот.
У найглыбейшых мульдах існавалі спрыяльныя ўмовы для сульфідаў, на што паказвае прысутнасць марказіту[5] ў падэшвавых слаях алігацэну. Пазней удаецца адчуць уплыў блізкае сушы (валынскі масіў) у выглядзе пескаватых і кварцытавых утварэнняў.
[158] Найстарэйшае ледавікоўе – кракаўскае[6], якое пакрыла тэрыторыю жвіровымі і пескаватымі ўтварэннямі, выраўнавала ягоную паверхню, якая паддалася далейшай нівеляцыі праз асаджванне марэнавых глінаў.
Наступны перыяд характарызуецца багаццем плывучых водаў, якія асадзілі падэшвавыя пласты міжледавікоўя. Паўстае наступны шэраг азёрных вадаёмаў, у якіх адбываецца акумуляцыя гліністых утварэнняў, пры берагах утвараюцца тарфы і тарфяністыя сапрапелі, прычым дны вадаёмаў былі няроўныя і мелі даволі моцныя нахілы. У канцы міжледавіковага перыяду надыходзіць праўдападобна дастаткова сухі і халодны клімат і адтуль мы маем пераважную частку гліністых утварэнняў у покрыве міжледавікоўя, якая паказвае часам характар эолавых адкладаў, утвораных у вадзе.
Сярэднепольскае ледавікоўе адзначаецца адкладамі марэнавых глін, глін з невялікім утрыманнем дробных крышталічных валуноў і стужкавых глін. Марэнавая гліна брунатная і ейная пескаватая фацыя пакрывае значную частку тэрыторыі, творачы няроўнасці, якія часткова захаваліся да цяперашняга дня.
Як сляды кароткачасовага пастою ледавіка захаваліся озавыя ўтварэнні ў паўночнай частцы ўзвышша. Націск ледавіка выклікаў шматлікія гляцытэктанічныя з’явы. У пасляледавікоўі і ў старэйшым галацэне адзначаецца пачаткова моцная эрозія, якая спрычыніла выдаленне часткі пескаватых, як менш устойлівых, з пакіданнем гліністых, якія ляжалі на паверхні тэрыторыі. Значная частка старэйшага галацэну выяўляе ўзмоцненую назапашвальную дзейнасць, якая выклікала засыпанне даўнейшых далін.
Малодшы галацэн характарызуецца эрозіяй, якая амаль што цалкам знішчыла ўтварэнні старэйшага галацэну; ацалелі адно гліністыя ўтварэнні, як больш устойлівыя.
У наступнай фазе бачнае памяншэнне колькасці плывучых водаў, адзначаецца іх стагнацыя і ўтвараюцца найбольшыя балоты (пасляанцылавае Марочнае – С. Кульчынскі) і шэраг вадаёмаў са значным утрыманнем карбанату кальцыю.

Прадмова і пераклад з польскае – Валер Кісель.

Юзеф ГОЛОМБ, ОЧЕРК ГЕОЛОГИИ ОКРЕСТНОСТЕЙ ГОРОДНА В МЕЖДУРЕЧЬИ РР. СТЫРИ И ГОРЫНИ

РЕЗЮМЕ
Содержание. В окрестностях Городна залегают меловые отложения туронского яруса, третичные отложения — эоценовые и олигоценовые, а также четвертичные. Среди четвертичных отложений можно выделить: как вероятные — песчанисто-гравиевые отложения доледниковой эпохи, песчанисто-гравиевые отложения и моренные глины краковского оледенения, серию мазовецкого межледниковья, залегающую на возвышенности Городна в виде гравийно-песчанистых отложений и глин, также торфяных гиттий и торфов, отложения среднепольского оледенения в виде моренных и ленточных глин, а также голоценовые отложения.

Окрестности Городна были исследованы летом 1932 и 1934 гг. В этом районе можно выделить следующие геоморфологические элементы.
1.      Ледниковая возвышенность Городна.
2.      Район болота Морочно окаймляющего возвышенность
3.      Голоценовые площади в северной части исследуемой территории, на которых можно выделить следующие аккумулятивные горизонты
а.      Пойменная терраса р. Стублы и болото Морочно характеризующиеся незначительной аккумуляцией и сильным развитием торфяников.
б.     Второй аккумулятивный горизонт северного района, который образовался вследствие денудации старших голоценовых образований.
в.      Третий аккумулятивный горизонт залегающий главным образом близ местности Цмень.
г.     Аккумулятивная терраса возвышенности Городна сложенная желтыми кварцевыми песками с мелкими валунами.
д. Эрозионно-аккумулятивная поверхность возвышенности сложенная главным образом ледниковыми отложениями.
ЗАБОЛОЧЕННОСТЬ
Причины заболочивания описываемой территории  следующие:
1.      питание мульд карстовыми источниками и источниками образующимися на краю возвышенности Городна,
2.      глинистое основание непроницаемое для атмосферных вод,
3.      неправильности линии стока.
Торфяники можно разделить следующим образом:
1.      Низинные торфяники преимущественно в долине р. Стублы и в древней долине р. Стыри, частично на возвышенности Городна.
2.      Переходные лесные торфяники, преимущественно на Морочне.
3.      Верховые торфяники в северной и особенно в восточной частях Морочна.




[1] Нагрувашчванні валуноў, утвораных выветрываннем, можна было б назваць выветрышчамі.
[2] Mulde (ням.) – карыта. Геалагічны тэрмін, якім называюць западзіны паверхні.
[3] Эацэн – геалагічная эпоха (55–34 млн. год таму)
[4] Алігацэн – геалагічная эпоха (34–23 млн. год таму)
[5] Марказіт –мінерал (FeS2), сыравіна для сернае кіслаты.
[6] Кракаўскае, таксама паўднёвапольскае, дняпроўскае ледавікоўе – найбуйнейшае ў плейстацэне (перыяд 730–430 тыс. год таму) (482-394,5 паводле сучасных ацэнак).

No comments:

Post a Comment