Яўхім Храптовіч (1729-1812), літоўскі падканцлер, які тройчы ў 1773, 1784 і 1792 абараняў гарадэнцаў ад імя вялікага князя |
Станіслаў Аўгуст з
Божае ласкі кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі,
падольскі, падляскі, валынскі, інфлянцкі, кіеўскі, смаленскі, северскі і
чарнігаўскі.
Пану Міхалу Агінскаму,
вялікаму гетману Вялікага княства Літоўскага, старасту, і пану Матэвушу Бутрымовічу, гродскаму суддзю
Пінскага павета, арандоўнаму ўладальніку гродскага стараства.
Абвяшчаем гэтым Нашым Аберагальна-напамінальным лістом, што паны
радцы, якія знаходзяцца пры Нашай асобе, пры пададзенай ад гарадэнскіх мяшчан
просьбе данеслі Нам, што Вы ўва ўладанні Вашым, шукаючы заўсёды памнажэння прыватных
Вашых карысцяў з крыўдаю і прыгнётам людзей, нягледзячы ні на якія прывілеі і нададзеныя
ім папярэднікамі Нашымі лісты, а насупраць, усе папярэднія пастановы з Вашае сваволі
перамяніўшы, не толькі што пад імем розных грашовых збораў змушаеце да ўсякіх платаў,
але, павялічваючы заўсёды паншчыну і іншыя павіннасці выдумкамі супраць звычаю
і звыш даўніх інвентароў таго стараства, мяшчан гарадэнскіх, даведзеных да
крайняе галечы і ўбоства, абцяжарваеце. Калі гэта справядліва, то Мы, кароль, кіруючыся
звыклаю Нашаю для бедных людзей ласкаю, гэтым Нашым ахоўным лістом Вас папярэджваем,
здароўе і жыццё тых мяшчан забяспечваем і ад усякіх нападаў, пабояў, арыштаў, затрыманняў,
гвалту Вашых і Вашых адміністратараў і намеснікаў аберагаем і ахоўваем. І каб
Вы мяшчан гарадэнскіх прыгнятаць, біць, арыштоўваць і абцяжарваць не насмельваліся
найстражэй загадваем пад пагрозаю штрафаў на парушальнікаў лістоў Нашых, у агульным
законе прадпісаных.
Дадзены ў канцылярыі Нашай Вялікага княства Літоўскага 18 лістапада
року ад Раства Хрыстова 1784, панавання Нашага ў дваццаты. На імянны Яго каралеўскае
вялікасці загад (падпісаў) Яўхім Храптовіч,
падканцлер Вялікага княства Літоўскага (МП).
Аберагальна-напамінальны ліст з аховаю
здароўя і жыцця гарадэнскіх мяшчан выдадзены.
На баку напісана: 1784 року месяца снежня
11 дня, перад актамі Пінскага земскага суда з’явіўшыся асабіста Сцяпан Шпудэйка і Якаў Пешка, такі Аберагальна-напамінальны
ліст з аховаю здароўя і жыцця, ад найяснейшага караля літасцівага гаспадара мяшчанам
гарадэнскім выдадзены, у акты ў выглядзе пераносу падалі – прыняў (падпісаў) Леў
Радзевіч рэгент земскі і гродскі Пінскага павета.
Паводле дакументаў НГАБ пераклаў Валер Кісель
No comments:
Post a Comment