25/07/2013

1764–1785. Змаганне гарадэнцаў за магдэбургскае права

Частка 1. Ад рэформ Тызэнгаўза да выгнання лясных стральцоў Сандэцкага

Злева Матэвуш Бутрымовіч герба "Тапор"
Да сярэдзіны 18 ст. пасля вялікіх войнаў жыццё ў магдэбургскім мястэчку Гарадная наладзілася. Павысіўся попыт на прадукцыю гарадэнскіх ганчароў, якая развозілася на падводах і чаўнах ва ўсе бакі Рэчы Паспалітае. Посуд прадавалі альбо мянялі на збожжа, соль і г. д. Заможныя гарадэнцы мелі ўрадлівыя ворныя землі за балотам Марочным (каля Калоднага, Нячатава, Жаўкіняў). Дзейнічала цэхавая арганізацыя рамеснікаў, рэгулярна абіраўся магістрат. Кожны новы манарх пацвярджаў гарадэнскі Прывілей на самакіраванне. Аднак набліжаліся перамены, якія так моцна падарвалі матэрыяльны дабрабыт вольных мяшчан, што яшчэ на пачатку 20 ст. сведчаннем этнографа Ісака Сербава “гарадняне лічыліся найбяднейшым народам на Палессі”.

Рэформы Тызэнгаўза

Заняпад магдэбургскага права ў Вялікім княстве Літоўскім пачаўся з нібы добрых намераў правесці эканамічныя рэформы ў 1764. Генеральны адміністратар каралеўскіх эканомій у Літве Антоні Тызэнгаўз вырашыў гэта зрабіць за кошт запрыгоньвання месцічаў невялікіх гарадоў і мястэчак. Маўляў, яны непісьменна і няправільна вядуць свае справы, дапускаючы шмат парушэнняў, аддаюць перавагу сельскай гаспадарцы, забываючы на рамесніцтва і гандаль. У рэальнасці ж, як потым аказалася, мэтаю такога запрыгоньвання была патрэба ў таннай працоўнай сіле для мануфактур (найбольш яскравы прыклад – Гарадніца ў Горадні), для стварэння транспартнае інфраструктуры (канал Агінскага, Валынскі тракт і г. д.). Саюзнікам Тызенгаўза ў гэтай справе быў і ўладальнік Слонімскае і Пінскае эканомій, вялікі гетман Літвы Міхал Казімір Агінскі.
Ужо першы люстрацыйны інвентар 1765 значна павысіў падаткі, якія гарадэнцы мусілі плаціць у Літоўскі Скарб. Пры гэтым гарадэнцы скардзіліся, што люстратары Ажэшка і Свяжынскі склалі інвентар не ў самім мястэчку, а ў іншым месцы, што было незаконна і давала падставы пратэставаць.
У 1767 годзе Агінскі распачаў амбіцыйны праект – будаўніцтва канала, які мусіў злучыць Панямонне і Палессе. Будаўніцтва запатрабавала велічэзныя грашовыя сродкі і безліч працаўнікоў. Ад люстрацыі 1765 пачаліся спробы накінуць на Гарадную павіннасці (шарваркі, падводы і г.д.), якія выконвалі прыгонныя сяляне, але ніколі не жыхары магдэбургскіх мястэчак, пра што адмыслова агаворвалася ў каралеўскіх прывілеях.

Як гарадэнцы першы Прывілей ад апошняга караля здабылі

Яўхім Храптовіч
Толькі на дзясяты год панавання караля Станіслава Аўгуста гарадэнцы здолелі здабыць пацвярджальны Прывілей на магдэбургскае права, які быў выдадзены 30 снежня 1773. Гэта супала ў часе з узначаленнем літоўскай канцылярыі падканцлерам Яўхімам Храптовічам, які рэальна рыхтаваў і прымаў рашэнні па такіх дакументах, што потым выдаваліся ад імя караля. Выхадайнічаў Прывілей і прывёз яго ў Гарадную мешчанін Павел Палешка. Уладальнік Пінскае эканоміі Міхал Казімір Агінскі быў тады ў вымушанай эміграцыі пасля паразы антырасейскай Барскай канфедэрацыі ад Суворава ў бітве пад Сталовічамі. Ягонымі пінскімі ўладаннямі фактычна стаў кіраваць Матэвуш Бутрымовіч. Ён ад пачатку не заладзіў з вольным мястэчкам Гарадною, бачачы ў ім хіба толькі крыніцу даходаў для пабудовы канала Агінскага. Даведаўшыся пра чарговае пацверджанне гарадэнцамі магдэбургскага права, Бутрымовіч вырашыў адпомсціць. На экзэкуцыю ў Гарадную, прадмесце Радчыцк і іншыя паселішчы былі пасланыя 100 стральцоў і загоншчыкаў. Вайскоўцы мэтанакіравана шукалі Паўла Палешку, каб пакараць яго, а той перахоўваўся ў навакольных вёсках. Праз нейкі час Палешку схапілі ў Хвядорах і закавалі ў кайданы. Потым яго перавезлі ў Вітчаўку, у Хойну і, нарэшце, у Чамярын (цяпер Пінскі раён). У Чамярыне гарадэнец быў пакараны шасцю тыднямі “моцнае” турмы.

Вяртанне Агінскага і скасаванне магдэбургскага права

У 1775 пасля амністыі гетман Агінскі вяртаецца ў Літву і пасяляецца ў Слоніме, дзе грунтоўна заняўся рэформамі гаспадаркі. Перашкодаю ў гэтым, як і ў выпадку Гарадзенскай эканоміі, аказалася мясцовае самакіраванне гарадоў і мястэчак. У 1776 на дапамогу Агінскаму і ягонаму адміністратару Бутрымовічу прыйшоў сойм, які з прапановы Антонія Тызэнгаўза скасаваў магдэбургскае права для ўсіх невялікіх местаў Вялікага княства. Яго страціў нават павятовы  Слонім, што ўжо казаць пра Гарадную. Фактычна магнатам былі развязаныя рукі ў справе запрыгоньвання раней вольных мяшчан. А тут яшчэ Матэвуш Бутрымовіч бярэ шлюб з Крыстынаю Лях-Шырмаю і становіцца гаспадаром у сумежным з гарадэнскімі сенажацямі ў Застружжы сяле Лапатыне. Побач з Лапатынам Бутрымовіч будуе ўзорны фальварак Крыстынаў (названы ў гонар жонкі). Фальварак стаўся апорным пунктам у наступе на гарадэнскія вольнасці. Але гарадэнцы не збіраліся здавацца.
Гэтак, у 1778 Бутрымовіч загадаў разабраць гарадэнскую ратушу і перавезці яе на фальварак у Вітчаўку, пасля таго як там здарыўся пажар. У адказ мяшчане будуюць новую ратушу. Тады ўзімку, каб не даць магчымасці збірацца там магістрату, Бутрымовіч загадаў разабраць у новай ратушы печ, выняць вокны і аддаць будынак у арэнду жыдам.
У 1778 у мястэчку Целяханы Агінскі засноўвае знакамітую фаянсавую фабрыку. Высакаякасную гліну для фаянсавых вырабаў было вырашана здабываць у ваколіцах Гарадной. Такім чынам з’явіліся дадатковыя падставы ціску на гарадэнцаў.
З прычыны далейшых настойлівых намаганняў Агінскага і Бутрымовіча прымусіць мяшчан да адпрацоўвання паншчыны гарадэнцы сталі апеляваць да найвышэйшых органаў улады Рэчы Паспалітае і Літвы ў прыватнасці.

Як гарадэнцы трохі падпсавалі Бутрымовічу і каралю феерычнае свята

 8 верасня 1784 кароль Рэчы Паспалітае Станіслаў Аўгуст прыбыў па нованасыпанай грэблі з Пінска ў Крыстынаў на свята з нагоды здачы ў карыстанне каналу Агінскага і Валынскага тракту. Ініцыятар, натхняльнік і галоўны прараб аб’ектаў пінскі падстараста Матэвуш Бутрымовіч наладзіў феерычныя ўрачыстасці ў сваіх уладаннях, прымаючы манарха. Відавочна ў гэты дзень скарысталіся зручным момантам і гарадэнцы, звярнуўшыся да караля па абарону ад гвалтоўных незаконных дзеянняў гетмана і адміністратара. Нарэшце, 18 лістапада 1784 на каралеўскі загад Літоўская канцылярыя выдае Аберагальна-напамінальны ліст, падпісаны ўсё тым жа літоўскім падканцлерам Яўхімам Храптовічам. Забраць ліст гарадэнскі войт Якаў Гмір (сын Сцяпана, 1743–1800) накіраваў мешчаніна Сцяпана Шпудэйку ў Гродна, дзе адбываўся чарговы Сойм. 11 снежня 1784 ліст актыкавалі ў Пінскі земскі суд Сцяпан Шпудэйка і Якаў Пешка (сын Хамы, 1707–1800), з’явіўшыся асабіста.

Начны напад

Як і ў 1773 атрыманне Прывілею, новы поспех у звароце мяшчан да каралеўскае ўлады выклікаў імгненную помсту Бутрымовіча ў лютым 1785. Найперш жорсткае пакаранне атрымаў Сцяпан Шпудэйка, які ездзіў па аберагальны ліст:
…наслаўшы пана лоўчага Сандэцкага са стральцамі да 50 чалавек, якія, прыбыўшы, колькі вазоў калодак з сабою прывозілі. Загадаў грамадзе з’явіцца, быццам бы для выправы на ловы і раптам, пабачыўшы Якава Гміра войта, які высылаў у Гродна для ўзяцця Аберагальнага ліста, а таксама і Сцяпана Шпудэйку, які быў пасланы па названы ліст, затрымаў і ў калодкі забіў (з прычыны чаго Сцяпан у непрацяглым часе развітаўся з гэтым светам)…
… гетман Агінскі і Бутрымовічы, болей яшчэ помсцячы, наслалі ўначы пана лоўчага Сандэцкага і 50 стральцоў загоншчыкаў, таксама воз калодак прывезці загадаўшы, мяшчан гарадэнскіх адных у кайданы закаваць, іншых у моцную турму пабраўшы, вывозіць з мястэчка Гарадной пагражалі, гвалт і трывогу з пералякам абайго полу людзей і малых дзяцей учынілі, а тым самым напамінальнаму лісту супрацівіліся…
У гарадэнскую аўстэрыю былі скліканыя да 20 мяшчан, іх забілі ў прывезеныя калодкі. Грэбуючы каралеўскім Аберагальна-напамінальным лістом, пачалі змушаць да павіннасцяў і плацяжоў:
… Пачалі прымушаць падпарадкоўвацца ўсім загадам, горшым ад сапраўднае паншчыны, і на ўсякае патрабаванне прымусілі ісці ў Крыстынаў на ўсякія працы, і [] працягваючы такое нечуванае абыходжанне ў прычыненні асобам абайго полу начных штусаў, прывялі гэтым усіх жыхароў мястэчка ў адчувальнае хваляванне…
Адной з мэтаў начных нападнікаў быў удар па гарадэнскім рамястве:
…загадалі выпаленых гаршкоў 11100 штук забраць, а аднойчы 4200, другім разам 10100, трэцім разам 2100 штук разбіць, таксама горны, у якіх выпальваюцца, вадою заліць загадалі, праз што 16000 штук гаршкоў у тых горнах сапсавалі…
Як потым аказалася, падзеі разгортваліся не без санкцыі самога старасты. 18 лютага 1785 Францішак Ксавэры Хамінскі, пінскі стараста і начальнік управы маёнткаў гетмана Агінскага, разгледзеўшы скаргу гарадэнцаў і апраўданні Бутрымовіча, даў сваю рэзалюцыю на загадзе  мяшчанам плаціць падаткі і адбываць павіннасці. 19 лютага Хамінскі дазволіў Бутрымовічу ўжыць лясных стральцоў пад камандаваннем лоўчага Сандэцкага на прымус гарадэнцаў. Тут пінскі стараста яўна перавысіў свае паўнамоцтвы, падпісваючы дакументы, якія падрыхтаваў Бутрымовіч і якія супярэчылі напамінальнаму лісту з боку літоўскай асэсорыі. Стараста Хамінскі трохі пазней апамятаўся і 14 сакавіка напісаў ліст падстарасту, дзе параіў абыходзіцца з гарадэнскімі мяшчанамі “ціха”. Але “ціха” на той момант ужо не было.

Выгнанне лясных стральцоў

28 лютага 1785 Сандэцкі напісаў два лісты Бутрымовічу, у якіх скардзіўся, што яго з 50 вайскоўцамі гарадэнцы з Гарадное… прагналі:
… быўшы пасланы да іх на экзэкуцыю з падлоўчым і колькімі ляснымі стральцамі і размясціўшыся на кватэры ў карчме, хацеў некаторых найгалаўнейшых з іх узяць пад варту, але ўсё мястэчка паўстаўшы пачалі біць у званы, атачылі карчму і абклаўшы яе саломаю, расклалі агонь, хочучы яе спаліць, а напрыканцы выняўшы вокны, тыцнулі ў святліцу каламі, а жанчыны лілі кіпень, падлоўчага і колькі стральцоў пабілі, такім чынам выціснуўшы пана Сандэцкага з ягонай камандаю з мястэчка, ні да чога не дапусцілі…
Самі гарадэнцы на пазнейшых судах пярэчылі некаторым дэталям выгнання экзэкутараў:
…ці можна допісам Сандэцкага здаровым розумам паверыць, калі запаліўшы карчму, маглі б запаліць і цэлае мястэчка Гарадную, і ўласныя маёмасці аддаць на ахвяру агню…

Незалежнае мястэчка Гарадная

Такім чынам мястэчка было вызваленае ад жаўнераў амаль што на 4 гады, у якія гарадэнцы не плацілі ніякія падаткі і не адбывалі ніякія павіннасці. “Баявыя” дзеянні перамясціліся за балота Марочнае, дзе мяшчане мелі добрыя сенажаці і ўрадлівыя ворныя землі. Якраз гарадэнскія валокі сталіся аб’ектам канфіскацый, забораў і нападаў адміністрацыі Бутрымовіча ў гэты час. Таксама ўпершыню ў гісторыі для гарадэнцаў было ўведзенае мыта за правоз гаршкоў на ўсіх выездах з Гарадной.
Відаць, пасля жорсткага забіцця ў калодкі цівуном на службу да Бутрымовіча пайшоў войт Гарадной Якаў Гмір. Гарадэнцы сталі  называць яго не інакш як дворным цівуном або дворным войтам, то бок прызначаным крыстынаўскім дваром. Відавочна, цівун Гмір пасяліўся ў Крыстынаве, дапамагаючы губернатару Вацлаву Лебелю адбіраць каладэнскія і нячатаўскія землі гарадэнцаў, браць з іх мыта за правоз гаршкоў. Замест здрадніка мяшчане абралі новага войта. Няглядзечы на тое, што магдэбургскае права было 10 год як скасаванае, у Гарадной працягваў абірацца і дзейнічаць магістрат. У 1787 чарговая скарга мяшчан падпісана войтам Багданам Баярынам. Існаванне незалежнага мястэчка брутальна спынілі ў 1788, але гэта тэма наступнае часткі апавядання.

Аўтар: Валер Кісель (паводле дакументаў НГАБ у Менску)

No comments:

Post a Comment