Выпіс з кніг земскіх Пінскага павета 1787 року месяца студзеня 21
дня.
Перад актамі земскімі Пінскага павета з’явіўшыся асабіста Багдан Баярын войт, Мартын Яроміч, Васько Гмір, Аніська Пешка,
мяшчане і абываталі мястэчка Гарадной сваім і ўсіх вышэйназванага мястэчка жыхароў
імем найурачыстым чынам скардзіліся і пратэставаліся на паноў Міхала графа Агінскага вялікага гетмана
Вялікага княства Літоўскага, войта і Матэвуша Бутрымовіча падстарасту Пінскага таго ж мястэчка Гарадное арандоўнага ўладальніка,
таксама на пана Сандэцкага лоўчага, пра
наступнае.
Абскарджаныя,
асабліва
ж пан падстараста
Бутрымовіч, парушаючы
прывілеі, правы і вольнасці, ад найяснейшых вялікіх князёў літоўскіх
пратэстоўцам нададзеныя і шчасліва цяпер паноўным
найяснейшым
Станіславам Аўгустам у
1773 року
снежня 30 дня ва ўсіх пунктах і артыкулах пацверджаныя, не толькі да
атрымання з ласкі найяснейшага гаспадара літоўскага
Аберагальнага ліста прычынялі
розныя крыўды і надужыцці звыш нададзеных ім прывілеяў і вольнасцяў, але і пасля
атрымання ўжо Напамінальнага ліста крыўдаў такіх рабіць не перастаюць. Напрыклад,
разбіўшы гаршкоў першым разам 10100, а другім 2100 штук, болей абпальваць гаршкоў
не дазволіў, наслаўшы стральцоў, горны вадою пазаліваў, не дапускаючы займацца гэтым
рамяством, якім адзіным забяспечвалі сабе дзённае харчаванне. Мыта, якое ніколі
не існавала, у Радчыцку, Нячатаве, Ласіцку і Вітчаўцы ўвёў, спаганяючы скрозь у
гэтых месцах па шэсць грошаў, хоць з найменшага чаўна гаршкоў. Па некаторым жа часе
наслаўшы пана лоўчага Сандэцкага з стральцамі да 50 чалавек, якія прыбыўшы колькі
вазоў калодак з сабою прывозілі. Загадаў грамадзе з’явіцца, быццам бы для выправы
на ловы і раптам пабачыўшы
Якава Гміра
войта, які выслаў у Гродна для ўзяцця Аберагальнага ліста, а таксама і
Сцяпана Шпудэйку, які быў пасланы па названы
ліст, затрымаў і ў калодкі забіў (з прычыны чаго
Сцяпан у нядоўгім часе развітаўся з гэтым светам), а праз тое парушыў
і Аберагальны ліст. З цягам жа часу, калі скаржнікі сабраўшы падымнага падатку
200 злотых і чыншу тэрміновага плацяжу таксама 200 злотых, прынеслі такія абскарджанаму
падстарасту, той, хоць і даў квіток пра аплату нібы таго падатку, але на самой рэчы
вылічыў на сваю карысць за падводы, невядома з якога права ўведзеныя і ўжо пасля
атрымання Аберагальнага ліста пасланыя, на астатнія за падымны падатак выдаў, і
так скаржнікі з прыбыццём экзэкутара павінны былі паўторна заплаціць 200 злотых
падымнага і 100 злотых экзэкутару, а стральцам жа, якіх прывёў для названага дзеяння,
дазволіў набраць напояў у вёсцы Вітчаўцы на 200 злотых і тыя грошы вылічыў сабе
з падатковых. Наступствам чаго, будучы безперапынна прыціснутыя такім гвалтам, змушаныя
былі прыняць самі на сябе плацяжы некаторых падаткаў і павіннасцяў, мінаючы ўсе
нададзеныя сабе прывілеі і вольнасці. Гэтым аднак пан падстараста незадаволены,
але намагаючыся зубожыць бедных дазвання, пачаў чыніць розныя заборы і рабункі.
Напрыклад, летась у часе рускае Піліпаўкі забраў сена 103 вазы, рознае ярыны 35
коп. А сёлета забраў таксама сена з лішкам 40 вазоў і жыта 30 коп, пчолы з вулляў
выбраў заранёў і з гэтае прычыны пчолы зусім прапалі. Пра гэткія таму крыўды, рабункі
і гвалт мяшчане гарадэнскія ўрачыста скардзяцца і пратэстуюцца, надаючы сабе
права выпраўлення гэтае пратэстацыі, якую гэтыя ж гарадэнскія мяшчане як непісьменныя,
кожны асобна крыжыкамі ўласнаручна падпісалі (падпісана)
Багдан Баярын войт, Мартын Яроміч, Васько Гмір і Аніська Пешка.
З якіх гэты выпіс з пячаткаю земскай Пінскага павета просьбіту
выдадзены (подпіс) паверыў Юзаф Паступальскі земскі рэгент Пінскага павета.
Паводле дакументаў НГАБ у Менску.
На беларускую пераклаў Валер Кісель.
No comments:
Post a Comment