06/08/2013

Месцазнаходжанне Літвы і характар літвінаў вачыма гарадэнцаў у сярэдзіне 20 ст.

Фрагмэнт мапы з апошняе працы А. Краўцэвіча
…Слонім, Мір, Клецк, Нясвіж, Ляхавічы, Сіняўка, Баранавічы, Капыль – гэта гарады, гэта ўся Літва…

Дзе бачылі Літву гарадэнцы яшчэ 48 год таму? Як неаднаразова адзначалася ў літаратуры, гарадэнскі белагліняны посуд развозіўся па тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай ажно да Вільні, Кіева і Варшавы. У Вільні ведалі гарадэнскую кераміку пад назваю целяханскай (па аналогіі з шырока вядомым целяханскім фаянсам).[1] Пры гэтым натуральна было, выпраўляючыся ў далёкае падарожжа на падводах і чаўнах, добра ведаць імя і характар краю, дзе збіраешся гандляваць хадавым таварам. Што ні край – то свой звычай!

Мястэчка (ад 1940 цэнтр сельсавета) Гарадная знаходзіцца ў Столінскім раёне за 7 км ад мяжы Беларусі з Украінаю. Ад найдаўнейшых часоў да пачатку 16 ст. Гарадная была ўсходнім фарпостам-замкам Пінскага княства ў важным пункце, дзе сыходзіліся межы Давыд-Гарадоцкага (Гарадзецкага) і Дубровіцкага княстваў. Пры ўтварэнні Вялікага княства Літоўскага ў сярэдзіне 13–пачатку 14 ст. Пінскае княства разам з Гарадною пераважна мірным шляхам (дастаткова ўспомніць прытулак і дапамогу Войшалку!) сталася адною з падставовых і неад’емных частак гістарычнае Літвы.[2] Да 1448 г. адносіцца найранейшы адшуканы пісьмовы ўспамін пра Гарадную як фартэцыю на мяжы Палесся і Валыні [3] (у тыя часы Валынь была аб’ектам войнаў Літвы з Польшчаю). Яшчэ ў 1862 годзе вандруючы па Піншчыне “самы расейскі з расейскіх пісьменнікаў” Ніколай Семёновіч Лесков назваў Пінск “літоўскаю Масквою, а не літоўскім Ліверпулем, як іншыя яго тады называлі” і “адным з найважнейшых пунктаў літоўскага краю”.[5] Каля Гарадной у Калодным нарадзілася літвінская мастачка Гелена Скірмунт і яе дачка Канстанцыя Скірмунт, яскравая прадстаўніца літвінаў-краёўцаў. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гг. назва “Літва” апынулася на сваёй радзіме фактычна пад забаронай, расейскія ўлады сталі мэтаскіравана выцясняць яе назваю “Белоруссія” на паўночны захад, у бок Жамойці, дзе гэтая назва на сённяшні дзень замацавалася.

У ліпені-жніўні 1965 Інстытутам славяназнаўства АН СССР была зладжаная навуковая дыялекталагічная экспэдыцыя ў Гарадную з мэтаю вывучэння лексікі гарадэнскіх ганчароў. Пры гэтым навукоўцы даведаліся, як гарадэнцы, народжаныя ў апошняе 10-годдзе 19 ст., называлі краіны, дзе прадавалі свой тавар:

…Ездылі з горшкамі у Літву, на Україну, в Полесье, за Пінськ і Дрогічін, а у кого коны слабіе булі, то продавалі по блізькіх сёлах. По большуй часті продавалі на зэрно, часамі на гроші, рэдко. Найдорожей продаваліса горшкі на Україны і в Полесьї, там насыпалі токма (за горшчок — горшчок жіта). По усёй Літве навпротыв продавалі: за одного горшка жіта трэба два горшкі даты…[6]

…Адбываючы в маршлюты з хурамі горшков, городэнськіе горшчае́ дасягалі раёнаў Баранавіч, Міра, Капыля, Слуцка, Наваградка, Клецка (ездылі у Літву), бывалі ў Петрыкаве, за Дарагічынам і Кобрынем, а таксам на Украіне. На ўсёй гэтай тэрыторыі слова городэнэц з’яўлялася сінонімам вытворцы і прадаўца глінянага посуду…[7]

…Пісаны (дэкараваны, бальфаны) посуд карыстаўся асабліваю папулярнасцю ў цэнтральных раёнах Беларусі (у Літве)… [8]
Бальфаныя гаршкі, якія любілі ў Літве

… Пасля таго як вызначаўся чарговы маршлют, пачыналіся зборы ў дарогу. Перш за ўсё трэ было павыбіраць і перасартаваць посуд, найбольш хадавы ў дадзенай мясцовасці. Гэтак, напрыклад, у Літве не цікавіліся паліваным посудам, не куплялі чістых палёных горшков, але затое з ахвотаю куплялі больфаны́е, г.зн. пісаные горшкі, на Украіну, наадварот, трэ было везці беліе нэпісаные горшкі і поліву…[9]

…Гарадная займала гандлем гаршкоў абшар радыусам каля 200 км.: на Украіне, у Літве, на Полессі. Людзей на Украіне гарадэнцы хваляць за шчодрасць і гасціннасць. Пра Літву меркаванне супрацьлеглае (скупыя, негасцінныя, непрыветныя)… [10]

Дзе была тая Літва? Як успрымаліся гарадэнцамі яе жыхары літвіны? Дамо слова ганчару Каленіку Шэлесту, 1894 г. н.:

…А везты то гэто вже трэба подуматы, куды везты. Як горшкі больфаныї, везы до Клецка (больфаны – гэто пісаны). То коло Клецка прыдэ жоночіна, говорыть:
Якії в тэбе горшкі, больфаныї?
Больфаныї.
Но, то я озьму.
А як нэпісаныї:
Э, говорыть, гэто з побелу, ежай, я нэ хочу твоїх горшков, гэто з побелу.
А сюды, на Україну трэба везты белії горшкі, нэпісаны, а в Літве трэба було пісаны. Я по большуй часты зымой то возыв до Клецка, у Літву. Хотя там народ вельмі скупі, але возыв і продавав навпротыв: одын насыпають, а другі додатку. Гэто на всю Літву так було, така продажа, я бував з горшкамі в Слонымі, у Мірэ, у Клецку, у Нэсвежі, в Ляховічах, і в Сынявцы, это города, это вся Літва, Барановічі – я мусыть говорыв, Барановічі, ішче Копіль, Мір. Гэто був там зымою, весною і летом, ішче в Слонымі. А шче возылі на Україну, возылі до Берэзы, ік Полесьсю. То гетта вже булі горшкі дорожей, гетта вже насыпалі токма. Зразу едэмо в Дэрэвню, а потым Вісоцк, Ясэнэц, Рудня, Дубровіца, Берэжцы, да Любековічі, да Стрэч, да Глушіца, да .... На Україні добрэ продавалі горшкі, там уже насыпалі за кажон одын, продавалі токма, а в Літве – навпротыв продавав: за одного горшка жіта трэба два горшкі…[11]

…У паваенны час (ад 1945 г.) сталі прадаваць пераважна паліву. Поліваного – насып i беры, поліву продавалі токма нават у Столінскім раёнеЛітвe нэ хотэлі браты поліву)… [12]

У Літве гарадэнцы мелі паважных канкурэнтаў. Адным з найстарэйшых ганчарных цэнтраў было мястэчка Сіняўка (цяпер Клецкі раён). Сіняўскія ганчары збывалі сваю прадукцыю ў ваколіцах Баранавічаў і Клецка. Аднак гарадэнскі посуд карыстаўся там попытам, дзякуючы сваёй трываласці і эстэтыцы:
…Село Сынявка у Літві коло Барановіч, там горшкі рабі, гідкіе и нэмоцные…[13]
Такім чынам, можна зрабіць наступныя высновы:

1.       У першай палове 20 ст. гарадэнцы бачылі сваё мястэчка, Пінск, Дарагічын, Янаў, Бярозу, Пружаны на Палессі, якое размяшчалася паміж Украінаю на поўдні і Літвою на поўначы. Звязана гэта перадусім з тым, што ў міжваеннай Польшчы тут існавала Палескае ваяводства, дзе праводзілася адметная нацыянальная палітыка адасаблення палешукоў і ад бліжэйшых ментальна, гістарычна і эканамічна літвінаў-беларусаў, і ад бліжэйшых моўна ўкраінцаў, з мэтаю іх наступнае асіміляцыі. Праз упершыню абавязковую для мужчын школу, іншыя афіцыйныя ўстановы назва “Палессе” замацавалася ў народзе, які ў перапісе 1931 названы “тутэйшым”.
2.       Сучасную цэнтральную Беларусь (Ляхавічы, Баранавічы, Слонім, Наваградак, Нясвіж, Слуцк, Сіняўку, Клецк) старыя гарадэнцы яшчэ ў 1965 годзе ўпэўнена называлі Літвою і толькі Літвою (назва Беларусь не прагучала ні разу).
3.       Характар літвінаў магчыма вызначаўся пад уплывам меншых прыбыткаў, бо кошт посуду ў Літве склаўся ў 2 разы танней, чым на Украіне і Палессі. Мусіць таму яны ахарактэрызаваныя “скупымі” ў адрозненне ад “шчодрых” украінцаў. Пэўная “негасціннасць і непрыветнасць” літвінаў у параўнанні з украінцамі, як мне падаецца, захавалася да нашага часу, і з’яўляецца рэфлексіяй гандляроў-гарадэнцаў на большы індывідуалізм каталікоў, якія часцей там сустракаюцца. Цікавае імкненне літвінаў набываць непаліваныя гаршкі з дэкорам (бальфаныя) у параўнанні з украінцамі, якія аддавалі перавагу паліваным без дэкору. Тут на мой погляд яшчэ дзве рысы літвінаў: эканомнасць (паліва ў тыя часы каштавала даволі дорага) і густоўнасць (дэкор гарадэнскіх гаршкоў быў простым, але спрадвечным і эстэтычным). Апошнюю рысу можна патлумачыць большай блізкасцю да такіх цэнтраў літвінскае культуры як Менск, Наваградак, Нясвіж, Слонім і Слуцк, да сталіцы Літвы Вільні.

Валер Кісель, места Горадня. Valer.Kisiel@gmail.com


[1] Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мінск, 1997. С. 110.
[2] Краўцэвіч А. Гісторыя ВКЛ. 1248 1341. Гародня–Уроцлаў, 2013. С. 129. 
[3] Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна. Мінск, 2003. С. 5.
[5] Лесков Н. С. Из одного дорожного дневника // Северная пчела. Санкт-Петербург, 1862-63.
[6] Веренич В. Л., Кривицкий А. А. Лексика городенских гончаров // Полесье (лингвистика, археология, топонимика). Москва, 1968. С. 187. (далей – Лексика городенских гончаров…)
[7] Лексика городенских гончаров… С. 176.
[8] Лексика городенских гончаров… С. 180.
[9] Лексика городенских гончаров… С. 186.
[10] Вярэніч В. Л. Палескі архіў. Мінск, 2009. С. 578. (далей – Палескі архіў…)
[11] Палескі архіў… С. 576.
[12] Палескі архіў… С. 581.
[13] Палескі архіў… С. 578.

No comments:

Post a Comment