15/08/2013

1788, 15 верасня. Бізуны для магістрата або чорны дзень магдэбургіі ў Гарадной

Гэтай падзеі неўзабаве будзе 225 гадоў. Яна адбылася ў нашай, тады ўжо моцна залежнай ад суседзяў і заняпалай, дзяржаве Вялікім княстве Літоўскім. Цікава, што вялікі князь літоўскі і кароль польскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі не раз спрабаваў бараніць мяшчан Гарадной. Але ж  няздольнасць цэнтральных органаў улады канфедэрацыйнай Рэчы Паспалітай спыніць сваволю падначаленых літоўскага гетмана Агінскага лішні раз падкрэслівае асобнасць Літвы ад Польшчы. Гэта быў самы жорсткі акт, як бы цяпер сказалі, “масавых палітычных рэпрэсій” з боку мясцовай улады да гарадэнскіх мяшчан. Цяжка нават уявіць, каб у наш час жыхары нейкага беларускага горада здолелі б пайсці на такую ахвярнасць, каб абараніць сваё права на самакіраванне, каб “не быць скотам”. Зрэшты, калі спраектаваць сітуацыю на цэлую краіну, то мусім прызнаць, што за 225 год нічога прынцыпова не змянілася і масавае збіццё мірных грамадзян сваімі ж суайчыннікамі ў форме практыкуецца ў сучаснай сталіцы Беларусі [1].

За гэты гераічны прыклад змагання і самаахвярнасці я заўсёды буду ўдзячны сваім прадзедам у 7 пакаленні Кандрату Кісялю (1761–1812) і Ярмолу Шэлесту (1744–1827), астатнім гарадэнскім гаспадарам, хто цаною свайго здароўя адстаяў магдэбургскае права, якое было адноўлена 17 сакавіка 1792. Мяшчан Гарадной так ніколі і не прымусілі стаць прыгоннымі сялянамі, як таго дамагаліся суседскія буйныя землеўладальнікі. Гарадэнцы заплацілі за тое стратаю ўрадлівых земляў і заўсёднаю беднасцю. Прага дзядоў да свабоды была ў іх у крыві і выкарчоўвалася спачатку такім брутальным чынам, а пазней і несправядлівымі судовымі рашэннямі. Спадзяюся, не выкарчавалася!

Валер Кісель

Выпіс са справаздачы вознага Пінскага павета, які 24 студзеня 1789 разам са шляхтаю Антонам і Канстанцінам Барычэўскімі выязджаў у мястэчка Гарадная (НГАБ, ф. 1503, воп. 1, спр. 166, арк. 17адв., 18):
“…У нядаўна прамінулым 1788 року жніўня 29 дня, васямнаццаць надворных стральцоў пад камандаю сяржанта пана Мацвея Малевіча прыслаўшы на экзэкуцыю, паны Бутрымовічы пачалі ўсе парадкі магдэбургскія знішчаць, выбары бурмістраў на новы парадак ператвараць, і загадаўшы пану Вацлаву Лебелю, губернатару крыстынаўскаму, прызначыць дворнага цівуна Якава Гміра за войта, якому пры судзеянні экзэкуцыйных жаўнераў надаў поўную ўладу над усімі жыхарамі мястэчка разам з сяржантам Малевічам.
У 15 дзень верасня таго ж року, склікаўшы ў аўстэрыю[2] болей за 70 найпаважаных гаспадароў, трымаў іх пад арыштам і вартаю. Паасобку выпускаючы, былі пакараныя бізунамі па голых плячах, загадаўшы спусціць кашулі да паловы плячэй, а менавіта:
  1. бурмістр Сцяпан Пешка (сын Якава, 1735-1803) [3]
  2. сын яго Якаў (1770-1803)
  3. радца Якаў Пешка (сын Хамы, 1707-1800)
  4. радца Тымох Вяроха (сын Мартына, 1744-1810)
  5. лаўнік Васіль Яроміч (?-да 1795)
  6. лаўнік Іван Яроміч (?-да 1795)
  7. цэхмістр Іван Казачок (?-да 1795)
  8. сын Максімілян Казачок (1752-?)
  9. Васіль Вячорка
  10. Іван Вячорка
  11. Кандрат Вячорка
  12. Сымон Гмірук
  13. Іван Пешка
  14. Сцяпан Палешка
  15. Васіль Палешка
  16. Сцяпан Яроміч
  17. Васіль Баярын
  18. Андрэй Баярын
  19. Амяльян Баярын
  20. Андрэй Шчука
  21. Хама Шчука
  22. Савул Шпудэйка
  23. Гаўрыла Шпудэйка
  24. Андрэй Шпудэйка
  25. Іван Краўчук
  26. Сцяпан Гмірук
  27. Амелька Шэлест
  28. Васіль Шэлест
  29. Іван Кавальчук
  30. Кандрат Кісель
  31. Васіль Пячонка
  32. Аляксей Пячонка
  33. Майсей Пячонка
  34. Сцяпан Кісель
  35. Ілля Кісель
  36. Рыгор Кісель
  37. Арцём Казачок
  38. Ярмола Шэлест
  39. Амелька Пайко
  40. Аляксей Крапіва
  41. Макар Баярын
  42. Сямён Грэська
  43. Есіп Улітка (Басявец)
  44. Павел Велясніцкі
  45. Хведар Петрык (Вячорка)
  46. Якаў Хілюк
  47. Кандрат Хілюк
  48. Хведар Гембіцкі
  49. Васіль Гембіцкі
  50. Іван Гембіцкі
  51. Піліп Гембіцкі
  52. Раман Гембіцкі
  53. Якаў Гембіцкі
  54. Іван Петрык (Вячорка)
  55. Сымон Гембіцкі
  56. Мартын Курысь
  57. Хама Курысь
  58. Васіль Шэлест
  59. Хведар Ляшко
  60. Іван Вяроха
  61. Нікіпар Вяроха
  62. Іван другі Вяроха
  63. Васіль Вяроха
  64. Іван Сянько
  65. Іван другі Сянько
  66. Марк Хведаровіч
  67. Андрэй Хведаровіч
  68. Іван Хведаровіч
  69. Тымох Вяроха
  70. Сцяпан Пайко
  71. Пятро Вяроха
  72. Давід Майба (Вячорка)
  73. Мікола Гаўрыльчук
  74. Ігнат Рабаташ
  75. Сымон Вячорка
З якіх кожнага, а перш аселых бурмістраў, радцаў, лаўнікаў і цэхмістраў выводзіўшы на ганак аўстэрыі і расцягнуўшы на зямлю крыжападобна, а для прытрымання пасадзіўшы на руках і нагах па чатыры жаўнеры, а з іх некаторыя стоячы нагамі на валасах галавы, каралі ад 10 да 100 ўдарамі, не шануючы нават слабых, якіх таксама каралі па голых плячах. Пры чым знаходзіўся таксама і цівун Гмір…”

[1] 19 снежня 2010
[2] Аўстэрыя (iтал. osteria), вялікая карчма. Размяшчалася ў цэнтры мястэчка, каля рынку. Акрамя пакояў, была зала з лавамi, размешчанымi паўкругам ля кaмiнa (звычайна глiнянага). Мела таксама хлебную печ. Іншым разам  да А. прыбудоўвалi стайню.  Увогуле, часам уяўляла сабою цэлы комплекс гаспадарчых і жылых пабудоў (шынок, стайні, залі для адпачынку і інш.).
[3] Гады жыцця прыведзеныя паводле рэвізіі 1811.

No comments:

Post a Comment