27/01/2013

Пачатак


Гісторыя Беларусі складаецца з гісторыяў асобных населеных пунктаў, якія існавалі тут. Месты, мястэчкі, вёскі... Так сталася, што вялікім местам заўсёды найбольшая ўвага. У іх жылі каралі, адбываліся соймы, пісаліся законы, будаваліся палацы. Багата ведаем мы пра месты і мястэчкі, дый нават і вёскі, якія належалі магнатам, дзякуючы іхным фамільным зборам. Але былі на Беларусі мястэчкі, якія мелі цікавую гісторыю, амаль што не адлюстраваную ў дзяржаўных і магнацкіх дакумэнтах. Дзякуючы самакіраваньню, такія мястэчкі самі вялі свае гаспадарчыя і судовыя справы, мелі сваю ратушу і мескую канцылярыю. Калі ратуша гарэла ў адной з частых войнаў, разам зь ёю гінула і гісторыя мястэчка.

Гарадная – адно з найбуйнейшых мястэчак колішняга Пінскага павету. Маючы прывілей на Майдэборскае права яшчэ ад Сьцяпана Батуры, які пацьвярджаўся ці ня кожным новым манархам Рэчы Паспалітае, гарадэнцы дагэтуль захавалі гонар за сваё вольнае мінулае. Аднак гісторыя мястэчка, асабліва да расейскіх часоў, вельмі цьмяная. Дакладна вядома, што першы раз гарадэнскі архіў згарэў у час татальнага зьнішчэньня мястэчка татарамі ў 1654 року - пра гэта ёсьць згадка ў Прывілеі 1792 року. Куды дзеліся дакумэнты пазьнейшых часоў, пакуль што няясна. Хутчэй за ўсё, яны загінулі ў полымі Паўночнае вайны, канфэдэрацый і інтэрвэнцый 18 ст., татальных войнаў 20 ст. Магчыма, частка расьцярушаная па шматлікіх архівах Масквы, Санкт-Пецярбургу, Кіева, Львова, Вільні, Варшавы, Кракава і г.д. Але і ў Менску маюцца цікавыя дакумэнты, якія раней не выкарыстоўваліся пры апісаньні гісторыі Гарадное. Адным з заданьняў гэтага блёґу ёсьць публікацыя і асэнсаваньне раней вядомых і невядомых фактаў пра Гарадную ў кантэксьце гісторыі Літвы-Беларусі. Гэта цікава і важна для саміх гарадэнцаў, іх нашчадкаў, можа быць выкарыстана і для разьвіцьця мяйсцовага турызму. Пагатоў, сучасная вёска Гарадная – важны турыстычны аб’ект на мапе Пінскага Палесься, аднаго з найцікавейшых рэґіёнаў Беларусі ў культурным, моўным і прыродазнаўчым сэнсах.

No comments:

Post a Comment