Герб Высацку |
Актавая крыніца
№ 324 – 1649 г. Сьнежня 31 дня.
№ 324 – 1649 г. Сьнежня 31 дня.
Скарга сялян копнаму суду на надзвычайны ўціск з боку арандатара.
Лета ад нараджэньня
Сына Божага 1649, месяца Сьнежня 31 дня. На ўрадзе ґродзкім у
замку гаспадарскім пінскім, перада мною Юр’ем
Нялюбавічам Тукальскім, войскім і падстарастам пінскім, ад ясна асьвечанага
князя ягамосьці Альбрэхта Станіслава
Радзівіла, князя на Алыцы і Нясьвіжы, канцлера Вялікага Княства Літоўскага,
старасты пінскага, ґнеўскага і тухольскага ўстаноўленым, стаўшы відавочна енэралы
Яго каралеўскае міласьці Пінскага павету Іван
Качаноўскі і Ян Анкудоўскі, квіт
свой на пісьме пад пячаткамі і з подпісамі рук сваіх і пад пячаткамі боку
шляхты да кніг ґродзкіх пінскіх далі паказаньні тымі словамі:
Я Іван
Качаноўскі, я Ян Анкудоўскі, енэралы Пінскага павету, даем паказаньні тым нашым
рэляцыйным квітам, маючы пры сабе бок шляхты пана Мікалая і пана Яраша
Астроўскіх, року 1649 месяца Сьнежня 26 дня, з удзелам войтаў,
мяшчан высацкіх, так і войтаў падданых, якія Высацку належаць, уладаньняў, якія
ёсьць у Пінскім павеце, маёмасьці вяльможнага ягамосьці пана Генрыка з Высокага Кашоўскага, кашталяна Вэндэнскага,
і яе міласьці пані жонкі ягамосьці, зараз арандаванае і трыманае панам Раманам Стралецкім і ягонаю жонкаю, у мястэчку Высацку мы былі.
Дзе войты, мяшчане, падданыя воласьці гэтае маёмасьці
Высацку, усе грамадою сабраліся, там таксама ягамосьць пан Ян Слаўскі – слуга і загадчык ад ягамосьці пана Вэндэнскага
маёмасьцю Туменем, якая ляжыць тут у
Пінскім павеце, таксама і пан Ян
Навакевіч, слуга таго ж ягамосьці, прыехалі, і тады войты, мяшчане места Высацку і падданыя сяла Удрыцку, сяла Рачыцы (цяпер Вэрбіўка – В. К.) з плачам скаргу сваю распавядалі, што пан Раман Стралецкі і
жонка ягоная, маёмасьць Высацак, сёлы і прыналежнасьці яму належныя, арэндаю
трымаючы, брата свайго пана Стэфана
Стралецкага ў маёмасьці Высацку пакінуўшы, ня толькі звыш інвэнтару, але й
звыш усялякае слушнасьці нязносны прыгнёт мяшчанам, падданым чыніць, мяшчан,
падданых, жыдоў-карчмароў бязьвінна беручы, у зьняволеньні мучаючы, выкупы
грашовыя бярэ, рабункі нязносныя, скаціну, коні, рэчы, тавары забірае, ніякіх
тавараў, скаціны, коней і ніякіх рэчаў на гандаль, і купцам людзям іншым прадаваць
забараняе, зарукі (гарантыі? – В.К.), і хто бы прадаў каму іншаму, а не яму, зарукі
бярэ, б’е, забівае падданых жорсткім забойствам, адных некалькі скалечыў,
другіх і на сьмерць пазабіваў.
І тое адзначалі і расказвалі, што ў сёлетнім року
месяца Сьнежня 12 дня ў замку Высацку падданага зь сяла Удрыцку Пракопа Юдзіча Дэнісовіча бязьвінна так
жорстка біў, што за памерлага з замку выкінуць загадаў, і калі некаторыя людзі
таго зьбітага ўзяўшы дадому яго завезьлі, тады дня 22 Сьнежня ад таго зьбіцьця
гэты Пракоп памёр. І на самой рэчы, паводле паказаньня падданых удрыцкіх, я
бачыў у труне цела, і нямала людзей былі, так што і айцец пратапоп высацкі даў
паказаньне, што гэты Пракоп перад сыходам з гэтага сьвету пры споведзі і тое
адзначыў, што пан Стэфан Стралецкі так біў, што памерці з тых пабояў мусіць,
жыды высацкія таксама шкоды свае ад пана Сьцяпана
Стралецкага адзначалі і апавядалі, якія шкоды, ґвалт, рабункі, пабоі, якія хто
апавядаў і пад сумленьнем (пад прысягаю? – В.К.) казаў, усё ніжэй перапісана.
А потым таксама пан Слаўскі расказваў, што гэты пан
Стралецкі занёс сваю пратэстацыю на ягамосьць пана Вэндэнскага, кажучы, нібы ад
ягамосьці перашкоды ў арэндзе чыніліся і нібыта пан Слаўскі і пан Навакевіч
праз гэты ўвесь час і ў месяцы Кастрычніку вас на вялікія падводы, працы выганяў,
стаці, падаткі ў вас забіраў, працаваць на яго, падпарадкоўвацца пану
Стралецкаму забараняў і быццам нейкія шкоды вам паўчыняныя былі, а нібы вы
перад енэраламі, сабраўшыся на капу, казалі, пра тое выпіс з рэляцыі енэральскае
паказвалі і чыталі. Тады войты, мяшчане, падданыя места Высацку, зь сёл Удрыцку
і Рачыцы, і зь іншых сёл, да Высацку
прыналежных, перад намі енэраламі і шляхецкім бокам пад прысягаю, што ніякае
перашкоды ў трыманьні панам Стралецкім арэндаю гэтае маёмасьці ад ягамосьці
пана Вэндэнскага і ад слуг ягамосьці не было, падаткаў ніякіх і падданых мяшчан
маёмасьцяў высацкіх панам Слаўскім і панам Навакевічам і ніякаю асобаю для
ягамосьці не адбіралася, і падводаў ніякіх ня бралася. І тое расказвалі тыя ж
войты, мяшчане і падданыя, што паны Стралецкія, самі спустошыўшы, зьнішчыўшы
гэтую маёмасьць, паўчыняўшы і гэткія крыўды, унікаючы гэтага, такую пратэстацыю
і рэляцыю выдумалі.
Звыш гэтага і тое адзначалі, што і цяпер пан Сьцяпан
Стралецкі да мяшчан і падданых выхваляецца, кажучы, што меў права, калі мяшчан
падданых біў, забіваў і забраўшы, або сплюндраваўшы маёмасьць, вольна зьедзе,
спасылаючыся, што ягамосьць пан Вэндэнскі ня толькі ў Львове, але й нідзе нас
ня знойдзе, бо ж мы таксама яшчэ на арэнду грошы не давалі. А потым тыя ж войты,
мяшчане высацкія і падданыя зь сёл крыўды свае апавядалі, а мы енэралы гэта
запісвалі, менавіта зь мястэчка Высацку жыды тое адзначалі,
што ў Якубавай
жыдоўкі, карчмаркі высацкае, пан
Раман Стралецкі гарэлкі ўзяў гандлем за пяцьдзясят коп, на што і расьпіску даў,
каб пан Сьцяпан Стралецкі заплаціў, а й да гэтага часу не аддаў і яшчэ адмовы
робіць;
у Міхеля жыда
пан Сьцяпан Стралецкі ўзяў паўбочкі мёду вёдзер чатыры, ацэньвае злотых сорак;
у Рубіна жыда,
калі перад казакамі з Высацку зьяжджаў, той жа пан Раман Стралецкі ўзяў каня і
дагэтуль яго не аддаў, якога каня жыд сабе ацэньваў за коп чатырнаццаць;
Якубава
карчмарка паслала сына свайго скупіць на вёсках чаго, якога,
калі назад ехаў, пан Стралецкі спаткаў на дарозе і ўзяў у яго скупленага воску
за злотых дваццаць,
і таго ж Давіда
жыда без тлумачэньня нейкае прычыны выклікаўшы ў замак, зь пятніцы на
суботу пасадзіў у турму і цэлую ноч у зьняволеньні ў шабас трымаў, аж той мусіў
даць выкуп злотых сем;
у Рафэла жыда
той самы пан Сьцяпан Стралецкі ўзяў ґвалтам кацёл і бані дзьве гарэлкавыя, у
якіх цэлы год гарэлку рабіў і, спаліўшы, у нішто разьбіўшы, аддаў, у чым шкоды
на злотых трыццаць вызначыў.
То таксама тыя ж жыды расказвалі і як мяшчане, так і падданыя
высацкія прызнаваліся, што калі жыды з Высацку перад непрыяцелем казаком
зьяжджалі і празь небясьпеку ня хутка вярнуліся, тады ў цяперашнім року 1649
пан Стралецкі будынкі жыдоўскія розным людзям папрадаваў, у чым злотых пяцьсот
ацэньвалі шкоды сабе.
Больш за тое, тыя ж жыды паказвалі і таксама мяшчане высацкія
прызнаваліся, што плот вакол жыдоўскіх могілак загадаў той жа пан Сьцяпан
Стралецкі разваліць і разабраць, а абгароджваць жыдом забараняе, але сьвіньні
заганяць загадвае, вымагаючы ў жыдоў выкупу вялікага.
Мяшчане ж места Высацку
расказвалі і пералічвалі шкоды свае, менавіта:
у Яська гарбара
звыш павіннасьці, звыш інвэнтару грошаў дваццаць, а за выраб скур затрымаў
злотых два;
Ваську шаўцу за працу
затрымаў злоты, а нявінна ґвалтам паўкапы грошай узяў;
Багдана
Скрагу выганяў з таварамі раз да Луцку міль дваццаць, другі
раз да Мельніку міль другім разам дваццаць звыш павіннасьці, у чым шкоды
вызначае злотых дзесяць.
Міська
Пінчаковіча ў падводы браў да Алыкі за міль дваццаць звыш павіннасьці,
у чым шкоды сабе вызначае злотых чатыры;
у Амелька
Агрызковіча ў падводы браў і пасылаў у Львоў за міль сорак, у якога каня
казакі ўзялі за коп дванаццаць. Звыш таго той жа Амяльлян мусіў наймаць каня ў
той жа дарозе за злотых шэсьць, аднак той жа пан Стралецкі за віну ўзяў злотых
восем, лічыць сабе каня за наймо і за дарогу васямнаццаць коп грошаў;
Гаўрылу
Дэнісовіча бязьвінна ў зьняволеньні трымаў, біў, пакуль за яго
Сарнацкі даў паўтара злотага, то тады выпусьціў з турмы;
ва ўдавы
Фядорчае ўзяўшы сына ў падводы да Пінску ў жніво працягам трох тыдняў яго ў
Пінску у сябе меў звыш павіннасьці;
у Тышка
Макідонавіча бязьвінна звыш павіннасьці ўзяў сорак грошаў польскіх;
Бычка, мешчаніна, у
доме яго самога, жонку яго і дзяцей жорстка зьбілі;
Сьцяпанава
ўдава, якая наймаецца, мусіла двойчы да Мельніку, а трэцім
разам да Стэпаня наймаючыся, за міль васямнаццаць з прымусу пана Стралецкага
ісьці, у чым ацэньвае сабе шкоды злотых пяць;
Грышковіч –
падвойскага сын апавядаў, што пан Стралецкі ўзяў на яго злосьць за жонку яго,
што яе бароніць, тады ходзячы па месьце Высацку раз уначы сеў на яго і мала яго
пан Стралецкі штыхом не забіў, сярмягу на баку прабіў, а што не забіў, дык раз
за разам намерваецца забіць яго і заўсёды ўначы, ходзячы ў Высацку, шукае, а ўсё
гэта за жонку яго ж Грышковіча;
у Багдана Дамана
пісталет узяў, які ацэньвае ў злотых дванаццаць;
у Леська Дамана
карову зь цялём узяў нявінна, якую ацэньвае коп пяць;
сьлесар
Енджэй расказваў, што за працу, за аббіўку воза і за працу
злотых чатыры не заплаціў;
у Васька
Хадаракі сына ўзяў у Пінск і тыдняў шэсьць пры сабе на яго ж, убогага
чалавека, страве трымаў, а павіннасьць усякую бацька выконваў, у чым шкоды
вызначае злотых восем.
Таксама расказвалі мяшчане і людзі задворныя сказалі,
што ўсе звыш павіннасьці былі ў Пінску па два тыдні на паслузе пану
Стралецкаму і пану Сутоцкаму.
Апавядалі таксама тыя ж мяшчане, што мешчаніна высацкага
Багуна наўмысна, маючы сваю злосьць
да жонкі яго, узяў быў на зьняволеньне і падчас нападу татараў таго Багуна
выгнаў у Мельнік, і Багун, ідучы да Мельніку, на татараў нарваўся і татары яго
забілі;
тыя ж мяшчане таксама расказвалі, што пан Стралецкі ў
Высацку ў дамох кожнага, у пабудовах, у зямлі колькі тыдняў шукаў, капаў,
шукаючы чагосьці.
Потым падданыя зь сяла, якое пры Высацку ляжыць,
расказвалі таксама тое:
найперш Івана
Чырэц, у якога на інвэнтары пададзена, каб толькі тры капы платы плаціў на
рок, а іншае службы ніякае не выконваў, а цяпер пан Сьцяпан Стралецкі узяўшы яго
на штодзённую службу, а тры капы плаціць;
Багдана
Шчурэвіча – падвойскага сына абухом бяз дай прычыны зьбіў і
жонцы таго ж, якой, калі ратавала, абухом руку перабіў, потым таго Багдана ў
турму пасадзіў і колькі дзён няволіў;
той жа падвойскі
апавядаў, што на ўласным полі на Шчурэвічавым пан Сьцяпан Стралецкі ўзяў жыта
капы чатыры, пра што калі прыйшоў прасіць, то той жа пан Сьцяпан Стралецкі, паклон
прыняўшы, у турму пасадзіў, у чым шкоды вызначыў на коп восем;
Міську
Супруну загадана ў Львоў ехаць, які ня меў на чым ехаць, тады
сам пан Сьцяпан Стралецкі жорстка яго пабіў, які ж пасьля зьбіцьця ўцёк, тады
жонку і дачку яго зьбіў;
Сьцяпан
Чарналівы расказваў, што звыш павіннасьці ў яго пан Стралецкі
ўзяў дзьве капы грошаў;
Мірон апавядаў,
што звыш павіннасьці пан Стралецкі ўзяў у яго дзьве капы грошаў.
Потым зь сяла
Удрыцку падданыя тое апавядалі, што з кожнага дыму па двойчы на падводы ў
Львоў звыш павіннасьці і звыш інвэнтару выганялі і адпраўлялі падвод болей за шэсьцьдзесят,
лічачы кожную па дзесяць злотых;
Аўруш Барсук і іншыя
ўдзельнікі апавядалі, што пан Раман Стралецкі іх саміх бязьвінна ў вязьніцу
пасадзіў і ў зьняволеньні маючы, выкупу ў іх узяў тры коаы грошаў;
расказвалі таксама падданыя таго ж сяла Удрыцку, што ў року мінулым 1648 пан Раман Стралецкі раздаў авечак дваровых,
што ў арэнду яму дадзеныя, падданым гэтае вёскі Удрыцку з-за таго, што казакі
наступалі, каб у цэласьці захавалі, толькі некаторыя авечкі паздыхалі, тады
названы пан Раман Стралецкі праз пана Сьцяпана Стралецкага, брата свайго,
напоўніцу од падданых адабраў іх уласнае, а менавіта:
у Андрэя Пячонага авечкі дзьве,
у Івана
Бэстэвіча авечкі двое,
у Афанаса
за ягнё барана ўзяў,
у Сымона
авечку адну,
у Юдзіча
Аляксея авечку адну,
у Ждана Юдзіча
авечкі двое за адное ягнё,
у каваля
авечку адну,
у Ванцуха,
пастуха дваровага, авечку за казьлятка, што здохла, узяў;
расказвалі таксама гэтыя падданыя, што пан Стралецкі
хворыя авечкі даў ім быў і хворыя паздыхалі, а ў іх напоўніцу забраў, кажучы
тое, што на іхмосьцяў паноў дзедзічных бярэ і маюць тое іхмосьці павяртаць;
іншыя авечкі і скот, якія ў цэласьці засталіся, адабраў, а калі падданыя за
кармленьне авечак, скаціны патрабавалі, тады нічога за зьберажэньне скаціны ня
даў, што ж павінныя даваць, то ўсё выдалі.
Апавядалі таксама тое тыя ж падданыя, што той жа пан
Стралецкі зь вёскі тае Удрыцку на грамаду ўсіх падданых у замак высацкі склікаўшы, даў
прычыну сходу, бо да млыну пальцы ня ўсе з дыму вывезьлі, толькі чатырнаццаць
пальцаў, у чым спраўляючыся пыталі млынара, чаму так шмат загадаў вывезьці, што
і млынар прызнаў, што ня трэба было больш, а пан Сьцяпан Стралецкі бязьвінна,
толькі дзеля выкупу, усіх у вязьніцу пасаджаў, адных у турму, а іншых у калоды
за ногі, а калі не зьмясьціліся, то наверх сьпіжарні і ў ґанак вакол над
сьпіжарняю пасаджаў да паўтараста чалавек і не загадваў выпускаць, пакуль кожны
мусіў даць гатоўкаю залаты, а аўсу па чвэрці мацы, што ўчыніць трыста залатых;
Дэм’янавага ў турму сына
бязьвінна ўзяў, які выкупляючыся даў злотых два;
Пясоцкага таксама
загадаў закаваць, аж мусіў даць залаты;
Гаўрылу
Лобача закаваў, пакуль ня даў залаты;
Дэм’ян, падданы з
Удрыцку апавядаў, што скот дваровы быў нагнаны на скот ягоны ў полі, а пан
Стралецкі, ехаўшы і пабачыўшы гэта, пастухоў не караў, але ў тым самога
гаспадара абвінаваціў, за тое ґвалтам у яго ўзяў барана за злотых два, а
гатоўкаю паўтары капы грошаў.
Тое таксама расказвалі, што пан Сьцяпан Стралецкі
даручыў усім падданым, каб нікому іншаму воску не прадавалі, а толькі яму
самому, і іншых тавараў, адкуль вялікую шкоду сабе вызначалі, што пан
Стралецкі, ґвалтам у кожнага любыя тавары беручы, у паўцаны плаціць, а іншыя і
так ґвалтам бярэ, а хто што сваё прадасьць, тады рабуе, зарукі бярэ.
Людзей таксама купецкіх на кірмашы, хто б у іх купляў,
на дарогах пераймаючы, забірае, а менавіта Парасескага
зь Пінску, людзей таксама нявінных, у Высацку браць, няволіць і біць загадвае,
а менавіта
пана Івана
Вабішчэвіча Плотніцкага, енэрала Пінскага павету, які ехаў праз Высацак у
Дубровіцу, сустрэўшы на мосьце, разумеючы, што яго пераконваць едзе, загадаў
падданым з каня ўзяць, біць, у турму кінуць і як злачынцу пільнаваць, пакуль
той мусіў з усяго даваць расьпіску і прысягаць, што пра гэта падаваць позву ў
суд ня мае.
У Гаўрылы
Лабачэвіча, якога на службу канём пададзена, які паводле паданьня адслужыў,
а пан Стралецкі загадаў у Львоў звыш павіннасьці ехаць, а ў Львове пан
Стралецкі, каня яго ўзяўшы, паслаў свайго чалядніка ў Люблін, y гэтак у нішто
каня ператварыў, што той здох, у чым шкоды на пяцьдзесят злотых вызначае.
Той жа Гаўрыла Лабачэвіч і другі брат яго казалі, што
той жа пан Стралецкі у іх коней двух узяўшы, у Пінск езьдзіў і далей у Менск
пасылаў, якія ў руіну ператварыў, што аж паздыхалі, у чым шкоды ацэньваюць
злотых семдзесят.
Сьцяпан
Лабачэвіч расказваў тое, што звыш павіннасьці двойчы ў Львоў
езьдзіў, а трэцім разам не хацеў ехаць, за што жорстка яго пан Стралецкі зьбіў,
аж мусіў ехаць і 27 тыдняў, не ад’яжджаючы ад пана Стралецкага, гной вазіць,
дровы секчы мусіў; пятым разам пан Сьцяпан Стралецкі ў таго ж Лабачэвіча каня
ўзяў з кульбакаю, ручніцаю, шабляю, парахаўніцаю і гэта ўсё скарыстаў, у чым
шкоды на сто дваццаць злотых сабе ацэньвае.
Пры тым багата іншых крыўд, шкод вялікіх падданыя той
жа маёмасьці высацкае вызначылі, што пісьмова асобна падаць маюць.
Да таго войт зь сяла Рачыцы, на імя Якуб
Мілашэвіч, апавядаў тое, што той жа пан Сьцяпан Стралецкі, маючы злосьць, а
бачачы таго войта заможным, ня могучы ніякае іншае прычыны даць, загадаў у
замак яму прыйсьці, там жа яго бязьвіннага спачатку сам кулаками зьбіўшы, потым
загадаў яго паклаўшы кіямі жорстка зьбіць, замучыць і ў турму кінуць, а што ў
таго войта ня мог нічога грашыма вымэнчыць, тады ўзяў у яго рабунку на 50 коп і
ледзьве просьбамі іншых падданых з турмы выпусьціў, пра тое войт рачыцкі
апавядаў, што на нагах і на ўсім (целе) так моцна скалечаны ёсьць і з таго
зьбіцьця жывы быць ня можа.
Што ўсё выслухаўшы і запісаўшы, рэляцыю нашу зь
пячаткамі нашымі і боку шляхты, а з подпісамі рук нас енэралаў тую рэляцыю нашу
ў кнігі ґродзкія Пінскія падаем і прызнаем. Іван Качаноўскі, енэрал рукою. Ян
Анкудоўскі, енэрал рукою. І тое прызнаньне енэралаў вышэй памянёных і квіт
іх рэляцыйны да кніг ґродзкіх Пінскіх ёсьць упісаны.
З акт. кн. Пінскага ґрод. суду за 1649 г. № 13003, арк. 1425—9 (Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. XVIII. Вильна, 1891. С. 377—380.)
Пераклаў зь літоўскае (тое ж рускае, старабеларускае) і польскае (у тэксьце вылучана курсывам) Валер Кісель
З акт. кн. Пінскага ґрод. суду за 1649 г. № 13003, арк. 1425—9 (Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. XVIII. Вильна, 1891. С. 377—380.)
Пераклаў зь літоўскае (тое ж рускае, старабеларускае) і польскае (у тэксьце вылучана курсывам) Валер Кісель
No comments:
Post a Comment