29/07/2015

1778. Огапка, Марына, Ганна, Удотка, Хвеся – папулярныя імёны гараднянак часоў ВКЛ

Фрагмент інвентара Крыдля
Як называлі жанчын нашы продкі, якія жаночыя імёны былі найпапулярнейшыя ў часы Вялікага Княства Літоўскага – тэма маладаследаваная. Хаця ў крыніцах сустракаецца багата жаночых імён, але мець поўную карціну і вылучыць адсоткавыя суадносіны іх папулярнасці вельмі цяжка. Прычына празаічная: у інвентары, тагачасныя перапісы насельніцтва, жанчын амаль што не ўключалі. [пры канцы – табліца]
За выключэннем удоў, калі ў сям’і не было дарослых мужчын. Але нават у такім выпадку імя жанчыны, як правіла, не пазначалася, у Гарадной яе пісалі па бацьку ці дзеду з дадаткам фарманту - іха, напрыклад, Леўчыха  ўдава. Асабліва не дапамагаюць тут і метрычныя кнігі ўніяцкіх цэркваў, якія вяліся яшчэ досыць эпізадычна, імёны запісваліся несістэмна, а вялікая частка іх страчаная.
Падобная сітуацыя працягвалася і ў складзе Расійскай імперыі падчас рэвізій 1795 і 1811 гадоў. Першым перапісам, куды ўключылі жанчын, была рэвізія 1816 года. Аднак у ёй пазначылася выразная тэндэнцыя не запісваць рэальныя імёны, якія бытавалі, а замяняць іх царкоўнымі формамі, якія часта былі далёкія ад жывых народных. Напрыклад, Аўдоцці станавіліся Еўдакіямі, Агапкі – Агафіямі, Хаўроны – Февроніямі, Прасімкі – Еўфрасіннямі і г.д.
Таму асабліва каштоўнай крыніцаю для вывучэння жывых народных формаў імён літвінаў уяўляецца нядаўна выяўлены мною ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі так званы інвентар Крыдля. Інвентар, які датуецца 24 чэрвеня 1778 года, быў складзены Антоніем Крыдлем пры перадачы вялікай часткі Пінскай каралеўскай эканоміі яе тагачасным уладальнікам вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Міхалам Казімірам Агінскім у арэндоўнае ўтрыманне Матэвушу Бутрымовічу, які ў тым жа годзе атрымаў пасаду пінскага канюшага. У інвентары былі перапісаныя жыхары многіх сёл і мястэчак Пінскага павета, якія належалі да Заполля і Зарэчных фальваркаў (Хойна, Вітчаўка, Замарочанне і Стытычава). Запіс вёўся падымна (дым – вялікая сям’я з адным гаспадаром, куды ўключаліся таксама сем’і ягоных сыноў, зяцёў і нават унукаў). Пазначаліся ступень сваяцтва, узрост, колькасць мужчын і жанчын у дыме, цяглавай жывёлы (валоў і коней), колькасць зямлі, пчол, некаторыя павіннасці паншчыны (калі такія прадугледжваліся).
Па вялікім рахунку, мястэчка Гарадная ня мусіла патрапіць у гэты спіс, які складаўся ў першую чаргу дзеля накладання розных павіннасцяў паншчыны. Гэта быў адзін з асноўных этапаў наступу Бутрымовіча на вольнасці мястэчка Гарадной, якое двума гадамі раней пазбавілася ўласнага магдэбургскага суда (канстытуцыя 1776 года «Устава падатку Княству Літоўскаму»). У падобную сітуацыю патрапілі і жыхары мястэчак Пагост (сёння Зарічне) і Нобель, якія таксама фігуруюць у гэтым інвентары. Далейшы прымус да паншчыны і адказ на яго мяшчан распачаў цяжкую, але гераічную эпоху змагання гарадэнцаў за сваю свабоду.
Дакумент вельмі каштоўны з розных пунктаў гледжання: генеалогіі, гісторыі населеных пунктаў, аналізу зямельных надзелаў, накладзеных павіннасцяў і г. д. У гэтым допісе я засяроджуся на статыстыцы ўжывання жаночых імёнаў гараднянак, як спрадвеку называлі жыхарак мястэчка Гарадной.
Калі сучасныя гарадэнцы прыгадаюць як звалі іх бабуль і прабабуль, то яны не пабачаць у гэтым спісе нічога незвычайнага. Адзінае, што змяніліся формы і ступень папулярнасці многіх імён. Сёння зусім пазнікалі Ўдоткі (замененыя на Еўдакіі), Хімы (Ёвхімкі), Хвесі… Стагоддзямі гарадэнцы называлі гэтымі імёнамі сваіх гараднянак. У вялікай ступені гэтыя імёны былі характэрныя для ўніяцкіх парафій усяго Вялікага Княства Літоўскага, асабліва Пінскага павета. Але да сённяшняга дня з 29 імён спісу ў актыўным ужытку засталіся толькі 8 (Марына, Ганна, Наталля, Таццяна, Кацярына, Насця, Алена, Любоў). Хочацца верыць, што сённяшнія бацькі, даючы імёны сваім дочкам, будуць зазіраць таксама і ў гэты спіс. Бо ў ім наша традыцыя, наша памяць і наша адметнасць сярод іншых народаў.

Табліца. Імёны гараднянак у 1778 годзе і іх частата
Імя лацінкаю як у арыгінале (у дужках – варыянты і іх колькасць)
Кірыліцаю
Сучасная беларуская форма
Коль-касць асоб
1
Ohapka
Огапка
Агаф'я
37
2
Maryna
Марына
Марына
34
3
Anna
(Hanna-4)
Анна
(Ганна)
Ганна
25
4
Udotka
(Jeudocha-3, Jeuda-1, Oudziucha-1)
Удотка
(Еўдоха, Еўда, Оўдзюха)
Аўдоцця, Еўдакія
25
5
Chwesia
Хвеся
Феадосія?
19
6
Paraszka
(Paraska-3, Parasza-1)
Парашка (Параска, Параша)
Параскева
17
7
Natałka
Наталка
Наталля
15
8
Oxiuta
Оксюта
Аксюта, Ксеня
13
9
Tacucha (Taciucha-1, Taciana-1)
Тацуха (Тацюха, Татяна)
Таццяна
13
10
Hrypina
Грыпіна
Агрыпіна
10
11
Kateryna
Катэрына
Кацярына
10
12
Nascia
Насця
Настасся
10
13
Pałażka
Палажка
Пелагея
8
14
Chima (Jouchimka-1, Jochimka-1)
Хіма (Ёўхімка, Ёхімка)
Яўхіма, Хіма
6
15
Małaszka (Małasza-1)
Малашка (Малаша)
Мелання
6
16
Chawrona (Chaurona-1, Haurona-1)
Хаврона
Феўроння
3
17
Krysia (Chryscia-1)
Крыся (Хрысця)
Хрысціна
3
18
Matruna
Матруна
Матруна
3
19
Ullana
Улляна
Улляна
3
20
Ustymka
Устымка
Юстына
3
21
Chwedora
Хведора
Фядора
2
22
Maruszka
Марушка
Марта?
2
23
Olena
Олена
Алена
2
24
Praxeda
Праксэда
Праксэда
2
25
Ziniowka
Зінёвка
Зіновія, Зіноўка
2
26
Barbara
Барбара
Варвара
1
27
Domasza
Домаша
Дамініка
1
28
Luba
Люба
Любоў
1
29
Serklita
Сэркліта
-
1


Аўтар: Валер Кісель

No comments:

Post a Comment