19/01/2021

1966. Галіцыя, Іванькаў партрэт і цагельня

Гарадзенскія галіцыяне ў 1930-х

А. Леанавец

На зямлі Гарадзенскай (нарыс)

ЦІ ДОБРАЮ, ці злою воляю лёсу заносіць людзей на чужыну, і яны прыносяць з сабою шчымлівы ўспамін пра родныя мясціны, свае звычкі і свае геаграфічныя назвы. Так, і назвы. У глыбіні Палесся, у некалькіх кіламетрах ад вёскі Гарадная ёсць Галіцыя...

Колісь тут жыў пан. Ці патрэба такая была, ці вымушаны пан быў, але зямлю гэтую «яснавяльможны» прадаў другому пану — з Галіцыі. Такім чынам і аказаўся цэлы тузін украінскіх сем’яў непадалёку ад Гарадной. І назва ад таго па людзях пайшла — Галіцыя ды Галіцыя.

Прыезджыя здзівіліся: цікавая мясцовасць і народ цікавы жыве! Зямля навокал — пясок ды гліна. Пра ўраджай тут казалі так: колас ад коласа — не чуваць чалавечага голасу, сноп ад снапа — стаўбавая вярста, капа ад капы — дзень язды. Дык з чаго ж жылі? Гліна — вось яно, багацце!

Не пераставалі здзіўляцца ўкраінцы майстэрству гарадзенскіх ганчароў. Які толькі посуд тут ні рабілі! Звычайна некалькі сем’яў мелі агульны горан — печ, дзе па чарзе абпальвалі керамічныя вырабы. Збывалі прадукцыю самі. Грузілі гаршкі ў высокія драбіны і адпраўляліся на край свету. Дзе толькі не сустракалі гарадзенца-ганчара! Захапленне майстэрствам ганчароў на чужыне было нібыта падзякай за тыя доўгія і невыносныя шляхі-дарогі, якія ім даводзілася праходзіць. Непагадзь, голад, непрадбачаныя беды рабілі гэтых людзей мужнымі і гордымі. Перасталі здзіўляцца сяляне з Галіцыі, перарасло здзіўленне ў павагу, самі сталі прыглядацца да рук ганчаровых...

ПЯЦІДЗЯСЯТЫЯ ГАДЫ абудзілі дрымотныя хутары ля вёскі з дзіўнай назвай Галіцыя. У ваколіцы з’явіліся новыя людзі. Штосьці шукалі, мералі. Зацікавіла гэта дзеда Іваньку — а калі афіцыйна, то Івана Майсеевіча Пешку. Яго чэзлая хаціна сядзела тут. Тут ён, «стопрацэнтны» гарадзенец, варажыў з глінаю. Як жа не даведацца яму, чаго прыйшлі сюды людзі з нейкімі незразумелымі прыладамі! Падыйшоў: «Адкуль, браток?» «Браток» аказаўся аж з Масквы. Масквіч быў мастак — умомант дзедаў партрэт намаляваў. Але не па палескую экзотыку, не карціны маляваць прыехаў ён. Гліны, бачыце, яго цікавяць. Ён тут з экспедыцыяй.

Даўно, прызнацца, сніў дзед падобную сустрэчу. Хвалявала яго сваё быццё. Жыве адзін. Равеснікаў няма, і пагаварыць няма з кім. А цяпер, можа, і справа сур’ёзная для дзеда знойдзецца.

Неўзабаве пачалося новае жыццё на былым дзедавым хутары. Менавіта на дзедавым, на якім ён сам прапанаваў будаваць завод. Будаваў яго Столінскі райпрамкамбінат. Дзед вакол круціўся, чым мог дапамагаў. Узвялі цагельню, некалькі сушыльняў. Хутка выпусцілі першую цэглу і неўзабаве камбінат перадаў завод калгасу «Зара». З’явіўся ганчарны цэх. Прадукцыю рэалізоўвалі ў Пінску, Драгічыне, Століне.

Цагельны цэх быў нерэнтабельным. Планы «завальваліся», бо падводзілі механізмы. Лепш ішлі справы ў ганчарным. Восем кругоў было ў цэху. Дзед Іванька купіў невялічкі электраматор і паставіў у цэху. Памру, кажа, — калгасу памяць будзе. Маладзейшыя жартуюць: «80 год старому, лыжку да рота ўжо дзвюма рукамі нясе, а як да гліны, дык іншы чалавек — так бездакорна місачкі робіць». Працуе, хаця ўжо і пенсіянер калгасны. А ці ж дзед адзін такі! Людзей харошых тут хапае. Бяда, што арганізаваць справу не было каму.

ЯК ТОЛЬКІ заходзіць гаворка пра перспектывы развіцця калгаса «Зара», кожны раз засяроджваецца ўвага на сапраўднай крыніцы багаццяў — глінах. Даўно гавораць пра яе, вельмі даўно. I толькі ў красавіку гэтага года пачалося тое, пра што марылі гарадзенцы.

Ранейшы цагельны цэх не апраўдваў сябе. Вырашана было з дапамогай дзяржавы будаваць кальцавую печ — паўгофманку для абпальвання сырцу. I закіпела работа. У красавіку заклалі фундамент. Учотчык Анатоль Шэлест пажартаваў: «Закладваем фундамент калгаснага багацця». Ішлі дні — будоўля шырылася. I вось ужо печ гатова, Вялікая, унушальная. 3 12 камер, у кожнай з якіх можна абпальваць адначасова пяць тысяч цаглін. За год завод дасць 8 — 10 мільёнаў штук! Гэта не тое, што былы горан! Ужо заліты фундамент для прэса і сушыльняў.

Кальцавая печ пачынае сваю дзейнасць. Толькі і гаворкі ў Галіцыі пра яе. I дзед Іванька, сцёршы пыл з партрэта, які яму пакінуў той масквіч, ціхім, узрушаным голасам кажа мне: «Пажыць яшчэ б гадоў пяць, убачыць, як зменіцца наваколле. Вялікі час настае для калгаса...» Мо’ і так. Спрачацца не будзем.

 Паводле газеты «Навіны Палесся», 7 лістапада 1966 года, старонка 3

No comments:

Post a Comment