- Прадмова
- Нелетапісная Гарадная
- 1592. Воля Гарадная
- Змрочны час (1648-1667)
- Ян Кароль Млоцкі і права майдэборскае
- Барацьба з Бутрымовічам за свае правы
1.
Прадмова
Сучасная Століншчына – нібы квінтэсэнцыя Палесся. Трырэчча Стыра, Гарыні і Прыпяці стварае бясконцы, некалі цалкам забалочаны, плоскі абшар Марочнай, сярод якога сям-там паўстаюць пясчаныя астравы, грады і грудкі, занятыя адпаведна сёламі, вёскамі і хутарамі. Найвышэйшы востраў - гэта Гарадная.
У даўніну тут было сумежжа трох княстваў: Пінскага, Давыд-Гарадоцкага і Дубровіцкага. Гэтая траістасць надала найбольшаму раёну Беларусі сённяшнюю адметнасць і поспех сярод этнографаў. Але самыя гарадэнцы заўсёды былі па-над гэтай траістасцю. Востраў Гарадная вылучаецца ўнікальнай праславянскай вымовай, непаўторнай гісторыяй і асаблівым мяшчанскім гонарам.
Думка пра тое, што ў 12 ст. “трубы
гулі гарадзенскія” менавіта ў Гарадной Пінскага павета, была пашыраная ў 19 ст.
Яе ў 1893 падтрымаў на Археалагічным з’ездзе ў Вільні Яўхім Карскі, натхніўшыся
паданнямі гарадэнцаў і гарадзішчам ва ўрочышчы Замкавішчах. Карскі прабавіў
нямала часу ў мястэчку, наведваючы месца службы свайго бацькі псаломшчыка
Хведара Навіцкага. Небывалае развіццё археалогіі ў 20 ст. паступова давяло, што
летапіснае Гарадзенскае княства безумоўна лакалізавалася ў Горадне над Нёманам.
У 1955 Юрый Кухарэнка не стаў грунтоўна раскопваць гарадэнскае гарадзішча, бо
некалькі шурфоў паказалі сціплы культурны слой. Найбольш імаверна, што мысавае
гарадзішча ў Гарадной служыла сховам ад варожых набегаў.
Не адпавядае гістарычным рэаліям
афіцыйная дата першай згадкі Гарадной у 1448, якая сёння красуецца на ўездзе ў вёску.
У 1973 берасцейскі краязнаўца Міхаіл Алексяюк пісаў у абласной газеце “Заря”,
што “ў дакуменце 1448 года сярод памежных з Валынню замкаў на Палессі
згадваюцца Ветлы, Гародна, Лапатын”. Але замкі таго часу добра вядомыя. Сярод
іх не было замка ў Гарадной, што паказваюць і пісьмовыя крыніцы, і археалогія.
Хібным сябрам краязнаўцы сталася сугучнасць назвы суседняй з Гарадной вёскі
Лапацін і вядомага сярэднявечнага замка Лапацін (на Львоўшчыне). Як вядома, у
сярэдзіне 15 ст. Польшча забрала ў Літвы клінападобны анклаў, які цягнуўся ад
Гародла над Бугам праз Валынь да вярхоўяў Прыпяці каля Ветлаў на Палессі. Пра
гэтыя замкі неаднаразова ішлося ў дамовах таго часу. А Гародла праз
неразборлівае напісанне адной літары ў пазнейшых дакументах часам друкавалася
як Гародна.
Малюнак 2. Фрагмент мапы ВКЛ з Вялікага гістарычнага атласа Беларусі |
3. 1592. Воля Гарадная
Заснаванне дзяржаўных мястэчак у
Пінскім павеце распачалося з ініцыятывы каралевы Боны падчас «валочнай памеры».
Староста Хвальчэўскі ў 1554 заснаваў места Моталь на месцы аднайменнага
сяла. У 1555 быў падзелены на валокі Нобель. Каля 1569 Граеўскім было заснаванае мястэчка
Лагішын. У 1581 годзе ў майдэборскім прывілеі месту Пінску згадваецца Пагост Зарэчны.
Нарэшце, у 1592 была заснаваная Воля Гарадная. Гэта было пятае і апошняе каралеўскае
мястэчка Пінскага павета.
Мястэчкі на дзяржаўных землях у Вялікім
Княстве Літоўскім засноўвалі як правіла трымальнікі старостваў. Ад 1581 пінскім
старостам быў брацлаўскі ваявода Януш Збаражскі. У 1590 яшчэ поўны сіл князь
Януш праз каралеўскі прывілей перадаў Пінскае староства свайму 16-гадоваму
старэйшаму сыну Юрыю. У 1592 юнак
вучыўся ў Падуі, таму не мог займацца Гарадной. Беспасярэдне выязджаў на месца
і засноўваў Гарадную сціплы пісар Пінскага замка Флярыян Маркоўскі, які хіба толькі праз гэта і вядомы ў гісторыі. А
падзея падрабязна апісаная ў скарзе шляхты каралю Жыгімонту Вазу ў 1603,
пазнейшая копія якой цяпер захоўваецца ў Вільні. Проста працытуем дакумент так,
як ён быў запісаны ў копіі 1799 на пінскай гаворцы, што было звыкла ў пінскіх
актах 18 ст.
…то пак дэй в року прошлом 1592 місяца
генвара 30 дня пісар Замку Волосты Пінское Флёрыян Марковскі, зобравшы нэмало
подданых Староства з розных сэл, а меновітэ: з Нэчатова, з Жолкіня, з Ласіцка і
з іншых сэл, наехавшы на тые кгрунты, пушчу Фадорскую в тых граныцах: на остров
за болотом Морочною у Калінках, на другій остров на Городышчу, на трэтій у
вэрху того острова Городышча у Ляду, на чэтвэрты остров у Топыла, на пяты
остров у Радчыцку на Понызю...
...а на острове
Городышчу место заложыл, і стовп на волю укопаты, гвоздя дэрэвяного 22 в нэго
набыты казал, значачы, іж на 22 годы Волю заложыл, і тамжэ дэй Ізбу новую
поставіл, пляцы на Рынок, улыцы і сэлыдьбы поволочыл і порэзал, а место осадыл,
тое место Городный назвал. А на другом острове Радчыцку на Понызі волокі
поволочыл і сэло осадыл, і назвал тое Радчыцко. І тую всю пушчу, кгрунты на
островах менованых, тым Воляном пороздавал і на поля розроблёваты казал...
Пад апекай і абаронай пінскіх
старостаў кракаўскага кашталяна Юрыя Збаражскага і літоўскага канцлера “ахоўніка
закону” Альбрэхта Станіслава Радзівіла ў першай палове 17 ст. мястэчка Воля
Гарадная імкліва расло і асвойвала навакольныя некранутыя раней землі.
Ганчарства яшчэ не было адзіным заняткам гарадэнцаў, у мястэчку жылі краўцы,
шаўцы, кавалі, квітнела бортніцтва, жывёлагадоўля, землі цяперашняй вёскі
Калоднае, якія да канца 18 ст. належалі Гарадной, давалі неблагі як для
Піншчыны ўраджай.
Малюнак 3. Юрый Збаражскі (1574-1631) |
Места Гарадная з прадмесцем Радчыцкам
мела свайго войта і ўласны суд, але фармальна належала да Кігіраўскага
войтаўства Пінскага староства разам з вёскамі Ласіцк, Жаўкінь, Нячатаў, Ладараж,
Парэ, Вітчаўка, Сварыцэвічы, Сернікі, Ваўчыцы, Вуйвічы, Азерск, Замарочанне,
Дуброўск. Адметны факт, што нават у 20 ст. этнографы фіксавалі падобныя наміткі
ў жанчын Гарадной, Радчыцка, Сварыцэвіч і Сернікаў.
Малюнак 4. Гараднянка ў намітцы. Фота кінастудыі Авангарда. 1935 |
Малюнак 5. Жанчына ў намітцы, с. Сернікі Пінскага пав. Палескага в-ва. Малюнак Я.Драздовіча. 1926 |
Малюнак 6. Строй незамужняй гараднянкі. УП "Скарбніца" |
4. Змрочны час (1648-1667)
У 1648 у суседняй Украіне пачалося
паўстанне казакоў, якое хутка распаўсюдзілася на поўдзень Літвы. Спачатку
пасланцы Хмяльніцкага збаламуцілі частку гарадэнцаў далучыцца да бунту. Гетман Януш
Радзівіл на пачатку 1649 жорстка пакараў паказачаных мяшчан падчас свайго
палескага рэйду. Хто ведаў, што гэта было толькі прадвесцем сапраўднага
вынішчэння!
Увосень 1653 пад Жванцам (цяпер
Хмяльніччына) адбывалася апошняя бітва Казацкай вайны ў Польскім каралеўстве.
Хмяльніцкі з сваімі хаўруснікамі крымскімі татарамі асадзіў войска караля Яна
Казіміра на невялікай тэрыторыі. Палякі былі ў безвыходным становішчы, на мяжы
голаду і паразы. 6 (16) снежня 1653 хан Іслам Гірэй ІІІ, не хочучы поўнага
разгрому палякаў перад пагрозай вайны з Масковіяй, заключыў сепаратнае вуснае
перамір’е з каралём, які паабяцаў выплаціць вялізную грашовую кантрыбуцыю.
Кажуць, грошай у караля з сабою такіх не было. Татары імгненна ўспомнілі свой
колішні “промысел” і ўзялі натураю. Балазе для іх, як і ўзімку 1527, рэкі і
балоты былі скаваныя лёдам, што рабіла мажлівым для татарскай конніцы хутка
пераадольваць велізарныя абшары. Вяртаючыся ў Крым, яны спустошылі Галічыну,
Валынь і Палессе.
Малюнак 7. Татары вядуць ясыр |
Снежаньскай ноччу 1653 на Гарадную
напалі татары, у колькі сотняў коней, самое места запаліўшы, людзей звыш 700 у
паганскую няволю ўзялі, іншых пасеклі, засталося толькі 7 мяшчан тамтэйшых,
якія змаглі сысці з рук паганскіх, будучы ўсяго, як маёмасці, скаціны, таксама
жонак і дзяцей сваіх зрабаваныя. Паводле пазнейшых сведчанняў з палону
вярнуліся толькі адзін гарадэнец і адна гараднянка. У полымі загінуў першасны
лакацыйны прывілей на засяленне мястэчка, а таксама розныя правы, прывілеі і
іншыя дакументы. Палеглыя гарадэнцы былі пахаваныя ў брацкай магіле пры дарозе
на вёску Дзераўную, дзе цяпер стаіць крыж. У 1950-я дзеравенскія камуністы
ранейшы крыж спілавалі. Варвара Леанавец ў 90-я дамаглася аднаўлення памяці
продкаў. А возера ў цэнтры мястэчка з таго часу мае назву Татарскае Стойла.
Малюнак 8. Крыж пры дарозе на Дзераўную |
Малюнак 9. Варвара Леанавец (Пешка), 1927 г.н. Фота аўтара. 2014 |
90-гадовая Варвара Леанавец захавала
паданне, якое ў дзяцінстве чула ад старога гарадэнца Ількушкі. На свята
Ўвядзення 1653, калі балота было скаванае лёдам, татары зрабілі свой базавы
лагер у гэтым месцы і іхнія коні выбілі возера капытамі. Адсюль рабілі набегі
на пінскія сёлы. Ім спатрэбілася збудаваць каля возера часовую мячэць на месцы
спаленай гарадэнскай каплічкі. Для гэтай мэты з палонных гарадэнцаў выбралі 14
дужых мужчын. Тыя на Рэўніку рэзалі лес, часалі бярвёны, насілі іх на плячах. Пасля
будаўніцтва татары вырашылі павесіць будаўнікоў. Але 7 з іх здолелі ўцячы. Крымчакі
кінуліся іх шукаць па лесе. Каля Зайцоў пад Пясовым хан заўважыў, што на яліне
хітаецца галіна. Схапіўся за дзіду, каб закалоць уцекача. Але пакуль хан далез
да гарадэнца па яліне, той згары забіў яго. Гарадэнец ізноў уцёк, а хана там і
пахавалі. Мясціна атрымала назву А́луха – татарская магіла. Пасля сыходу
татараў мяшчане перасяліліся з Гарадышча (Замкавішчаў) да возера,
пераабсталявалі мячэць на царкву, якая і цяпер стаіць у цэнтры вёскі.
Малюнак 10. Старая царква ў Гарадной. Фота І. Сербава. 1912 |
Да канца той жахлівай вайны вядома
яшчэ чатыры выпадкі рабавання Гарадной. У 1660 ў сакавіку жаўнерамі паручніка
Абрама Дастаеўскага, у траўні харугвай князя Захар’яша Чацвяртынскага з
кароннага войска, у жніўні казацкім загонам з Давыд-Гарадка. У 1664-65 –
драгунамі Кальштына, 4 харугвы палку якога кватаравалі ў мястэчку працяглы час.
5. Ян Кароль Млоцкі і права майдэборскае
Каралеўскі сакратар Літоўскай
метрыкі большай і дыпламат Рэчы Паспалітай Ян Кароль Млоцкі - шматгадовы слуга
Альбрэхта Станіслава Радзівіла. Вялікі літоўскі канцлер перад самай сваёй
смерцю 9 лістапада 1656 выдае цэсійны ліст з саступкаю Пінскага староства
Млоцкаму. Новае засяленне і адбудова мястэчка Гарадной адбывалася з ініцыятывы
і спрыяння новага пінскага старосты, які 22 ліпеня 1658 атрымаў у валоданне
Кігіраўскае войтаўства разам з землямі знішчанага мястэчка.
Малюнак 11. Чырвоным па белым. Гарадэнская кераміка ў Раўбічах |
Гарадэнская белагліняная кераміка
з чырвоным ангобам не мела аналагаў на землях ВКЛ. Аднак яна здаўна была распаўсюджаная на землях
Валыні і Галічыны. Можна меркаваць, што Млоцкі са сваіх уладанняў на Заходняй
Галічыне (сёння Падкарпацкае ваяводства Польшчы) перасяліў колькі выдатных
майстроў-ганчароў. На карысць гэтай думкі, акрамя ганчарства, маюцца іншыя
прыкметы. Папулярныя прозвішчы ваколіц Яраслава і Пярэмышля (Шэлест, Кісель,
Пешка, Грэсь і інш.), агульная для гаворак Надсяння і Гарадной паўмяккасць
зычных, карпацкія адметнасці ў пабудове гарадэнскай царквы.
Малюнак 12. Адзіны тагачасны партрэт гарадэнца на плітцы 17-18 ст., знойдзенай у Гарадной. Советская археология, 1966, №4, с. 142. |
5 лістапада 1670 з парады і спрыяння
пінскага старосты Яна Кароля Млоцкага, які засведчыў існаванне ранейшых
страчаных прывілеяў, Гарадной аднавілі майдэборскае права. Паводле прывілею
вялікага князя і караля Міхала “маюць і
вольныя будуць мяшчане нашыя гарадэнскія войта, бурмістраў, радцаў, лаўнікаў
або рымскае, або таксама грэцкае рэлігіі, якія ёсць у Вуніі святой, раз у тры
гады сярод сваіх абіраць”. Жыхары места мелі права вырабляць солады, мёды,
піва і гарэлку на продаж, плацячы чопавы падатак у Скарб Вялікага Княства
Літоўскага. Прывілей пацвярджаўся ў 1677, 1759, 1773.
Малюнак 13. Ісак Сербаў застаў Гарадную, некранутую часам. 1912 |
Малюнак 14. Старажытная планіроўка вуліц захавалася да нашых дзён. З мапы 1920-х |
6. Барацьба з Бутрымовічам за свае правы
У 1773 па прывілей ад караля
Панятоўскага ездзіў у Варшаву Павел Палешка. Гэта не спадабалася маладому
Матэвушу Бутрымовічу, пазней зацятаму ворагу гарадэнцаў, які пачынаў кар’еру ў
гетмана Міхала Казіміра Агінскага. На экзэкуцыю ў Гарадную, прадмесце Радчыцк і
іншыя паселішчы былі пасланыя 100 стральцоў і загоншчыкаў. Вайскоўцы мэтанакіравана
шукалі Палешку. Праз нейкі час гарадэнца схапілі ў Хвядорах, закавалі ў кайданы
і зняволілі на 8 тыдняў “моцнай” турмы.
Малюнак 15. Матэвуш Бутрымовіч (са збораў А. Ельскага) |
У 1776 канстытуцыяй «Устава
падатку Княству Літоўскаму» скасоўваўся майдэборскі суд у Гарадной, як і ва
ўсіх мястэчках і малых местах ВКЛ. У 1778 Агінскі падпісаў кантракт на арэнду
Бутрымовічам Пінскай эканоміі. Той адразу ж загадаў разабраць гарадэнскую
ратушу. У адказ мяшчане будуюць новую ратушу. Тады ўзімку, каб не даць
мажлівасці збірацца там магістрату, Бутрымовіч загадаў разабраць у новай ратушы
печ, выняць вокны і аддаць будынак у арэнду жыдам. У наступныя гады вольным
мяшчанам гвалтам накінулі чынш, падводы, дастаўку гліны да Целяханскай фаянсавай
фабрыкі, адпрацоўкі на будаўніцтве тракта і канала. Праз незаконны прымус да
паншчыны гарадэнцы шукалі справядлівасці ў каралеўскай улады.
8 верасня 1784 кароль Станіслаў
Аўгуст прыбыў па новай грэблі з Пінска ў Крыстынаў на свята з нагоды здачы ў
карыстанне Целяханскага канала і Валынскага тракта. Ініцыятар, натхняльнік і
галоўны прараб аб’ектаў пінскі падстароста Матэвуш Бутрымовіч наладзіў
феерычныя ўрачыстасці ў сваіх уладаннях, прымаючы манарха. У гэты час
скарысталіся зручным момантам і гарадэнцы, звярнуўшыся да караля па абарону ад
гвалтоўных дзеянняў Бутрымовіча. Нарэшце 18 лістапада 1784 Літоўская канцылярыя
выдае Ахоўна-напамінальны ліст, падпісаны падканцлерам Яўхімам Храптовічам.
Малюнак 16. Яўхім Храптовіч заўжды быў на баку гарадэнцаў |
У лютым 1785 ў аднаго мешчаніна
было вяселле. На ім быў Сцяпан Шпудэйка, які Ахоўны ліст з Горадна прынёс. Тады
адзін стралец лоўчага Сандэцкага прыехаў да стральца з Гарадной і, нядоўга
пабыўшы, назад паехаў. Гарадэнцы здагадаліся пра шпегаванне і казалі Шпудэйку,
каб уцякаў. Сцяпан упарта прамовіў: “Я
нэ боюса!” і пайшоў далей гуляць у аўстэрыю. Увечары там з’явіліся лоўчы і
50 стральцоў-асочнікаў. Яны выклікалі 20 мяшчан у аўстэрыю нібы на падрыхтоўку
да палявання. Але раптоўна арыштавалі іх і забілі ў калодкі. Ноччу стральцы
ўрываліся ў хаты. Забралі мноства ганчарнага посуду, а горны пазалівалі вадою,
праз што 16000 гаршкоў было сапсавана. Усё гэта выклікала сапраўднае паўстанне
мяшчан.
28 лютага Сандэцкі пісаў у лісце
да Бутрымовіча: “…я сам ледзьве жывы
застаўся, паколькі ўся Гарадная так збунтавалася, а нават з суседніх вёсак
людзі былі. Найменш 600 асобаў сабраўшыся, на гвалт у званы ўдарыўшы, атачылі
карчму, [...] з косамі, цапамі, сякерамі, жанчыны з каганцамі карчму атакаваць
пачалі, вокны, дзверы секчы пачалі [...] Я выпусціў з дыбак шасцёх, але больш
галосячы, вогнішчы панакладалі і цэлую ноч аж да белага дня вакол карчмы сталі,
паўтараючы такія словы: “Нэма в нас пана,
гетман, Бутрымовіч, староста нам нэ паны, у нас пан – король!” Пападдзя
нават з кацюбою была…”
Малюнак 17. Палажка Яроміч і Васыль Гмір. Фота І.Сербава. 1912 |
Гарадэнцы жылі вольна болей за 3
гады. Яны дапамагалі суседзям з мястэчка Нобля, вітчаўскім і радчыцкім сялянам
супрацьстаяць пінскаму падстаросту. Тым часам войт Гарадной Якаў Гмір перайшоў
на бок Бутрымовіча. Казалі, што быў ягоным сватам. Замест здрадніка мяшчане
абралі за новага войта Багдана Баярына, а пару валоў Гміра забралі і прадалі.
Бутрымовіч упрошваў гетмана Агінскага дазволіць наслаць на Гарадную вайскоўцаў.
Урэшце, той пагадзіўся.
У жніўні 1788 у мястэчка прыбылі 18
стральцоў пад камандай сяржанта Малевіча. Тыя пачалі знішчаць “усе парадкі майдэборскія”.
Дворны цівун Якаў Гмір быў прызначаны за войта, якому пры садзеянні
экзэкуцыйных жаўнераў была нададзена поўная ўлада над усімі жыхарамі мястэчка.
15 верасня 1788 на ганку аўстэрыі
былі пакараныя лазой і батагамі 77 гаспадароў, у іх ліку: бурмістр Сцяпан
Пешка, радцы Якуб Пешка і Тымох Вяроха, лаўнікі Васіль і Іван Яромічы, цэхмістр
Іван Казачок. Гэтым гвалтам мяшчан змусілі да падаткаў і паншчыны. Але барацьба
працягвалася ў судовым парадку. Сярод гарадэнцаў вылучыўся новы лідар - цэхмістр
Дзмітро Кісель. 31 студзеня 1789 ён з’явіўся ў Пінскі земскі суд, дзе зарэгістраваў
чарговы ліст каралю. Гэта быў проста крык пра дапамогу. У лісце пералічваліся
некалькі сем’яў, якія з прычыны пабояў і згалення вымушаныя былі пайсці з Гарадной
па свеце, а прысутнасць 18 жаўнераў называлася «нявольніцкім ярмом». Збоку на
лісце было некім дапісана «хай чакаюць прыбыцця гетмана Агінскага».
Малюнак 18. Пакаранне батагамі. Гравюра К.Гайслера |
У 1790 ў Гарадную была накіраваная
вайскова-цывільная камісія. Жаўнераў Агінскага з мястэчка выдалілі. Камісія
пастанавіла, што вяртанне шкодаў, прычыненых мяшчанам, мусяць рабіць не
стральцы, але Агінскі і Бутрымовіч. Літоўская асэсорыя прызначае Камісійны суд на
чале з наваградскім падкаморыем Адамам Вайніловічам (прадзед Эдварда).
У красавіку 1791 Чатырохгадовы
Сойм прыняў Закон пра месты, які разам з Канстытуцыяй 3 траўня значна пашыраў
правы мяшчан, фактычна ўраўноўваў іх са шляхтаю. 16 жніўня Камісія Вайніловіча
выехала ў Гарадную, прадпісала абмер зямлі і паданне ўсіх прывілеяў і
дакументаў. Наступны з’езд быў прызначаны на 6 ліпеня 1792.
17 сакавіка 1792 Літоўская
канцылярыя на чале з Яўхімам Храптовічам імем Станіслава Аўгуста аднаўляе
майдэборскае права для Гарадной, адзінаму мястэчку з Пінскага павета. У
прывілеі ўпершыню апісваецца герб Гарадной: «лось з залатымі рагамі у срэбным
полі», змяшчаецца ягоная каляровая выява.
Малюнак 19. Пагоня на пячатцы магістрата Гарадной 1776 |
Усё гэта натхняла гарадэнцаў і
давала ім вялікую надзею на будучыню. Аднак ужо ў ліпені 1792 з’езд Камісійнага
суду ў Гарадной не адбыўся з прычыны «замяшання ў краі» – дзеянняў Таргавіцкай канфедэрацыі,
якая выступіла супраць рэформаў. У 1793 адбыўся 2 падзел Рэчы Паспалітай. У
1795 расійскія ўлады спынілі дзеянне майдэборскага права ў Мінскай губерні.
Валер Кісель, студзень 2021
No comments:
Post a Comment