28/01/2013

Летапіс Гарадное



Пачатак Гарадное губляецца ў сівой даўніне. Паводле вусных паданьняў саміх гарадэнцаў яна была заснаваная больш за тысячу гадоў таму ў часы Ўладзімера Вялікага.[1] Мейсца на пясчанай высьпе сярод бяскрайняга і непраходнага балота Марочнае на пінскім Зарэччы было выдатным для пабудовы ўмацаванага гораду (адсюль назва Гарадная, у старых дакумэнтах Городно), цяжкадаступнага для шматлікіх ворагаў. На карысьць кіеўскага паходжаньня гаворыць унікальная гарадэнская мікрамова з паўмяккімі зычнымі і галосным гукам, які раней пазначаўся літарай “ѣ”.  На думку дасьледнікаў, гэтыя моўныя рысы былі ўласьцівыя афіцыйнай мове Кіеўскае Русі.[2] 

27/01/2013

Пачатак


Гісторыя Беларусі складаецца з гісторыяў асобных населеных пунктаў, якія існавалі тут. Месты, мястэчкі, вёскі... Так сталася, што вялікім местам заўсёды найбольшая ўвага. У іх жылі каралі, адбываліся соймы, пісаліся законы, будаваліся палацы. Багата ведаем мы пра месты і мястэчкі, дый нават і вёскі, якія належалі магнатам, дзякуючы іхным фамільным зборам. Але былі на Беларусі мястэчкі, якія мелі цікавую гісторыю, амаль што не адлюстраваную ў дзяржаўных і магнацкіх дакумэнтах. Дзякуючы самакіраваньню, такія мястэчкі самі вялі свае гаспадарчыя і судовыя справы, мелі сваю ратушу і мескую канцылярыю. Калі ратуша гарэла ў адной з частых войнаў, разам зь ёю гінула і гісторыя мястэчка.