05/11/2013

Справа пра гаршкі пры адчыненых дзвярах

Ксавэры Прушынскі
Ксавэры Прушынскі

У сённяшняй справе выступае найперш адзін абвінаваўца, які зрэшты асабіста не з’явіўся на судовае паседжанне, і якога абвінавачанне мы ведаем адно з выкладу, падтрыманага і пашыранага вядомаю літаратаркаю і цудоўнаю перакладчыцаю Лондана, паняю Станіславаю Кушалеўскаю. Паня Кушалеўска піша ў «Gazecie Polskiej» перадусім гэтак:
«Польскае Радыё перадало 11 дня бягучага месяца цудоўны рэпартаж пана З. Скерскага пад назваю: “У ганчароў у Гарадной”.
З дарэчных і простых слоў рэпарцёра, не афарбаваных аніякаю тэндэнцыйнасцю, а толькі часам услухоўваючыся ў вылучаны тонам голасу глыбокі грамадскі змест таго агляду, даведацца мог уважлівы слухач пра рэчы, здавалася б дробныя і малаважныя, якія аднак дазволю сабе прызнаць за – ашаламляльныя. А менавіта: усё насельніцтва паселішча Гарадная на крэсах займаецца з давён-даўна вырабам гліняных гаршкоў.  Гэтыя гаршкі скупляюцца мясцовымі гандлярамі і пасярэднікамі па шэсць (выразна шэсць) грошаў за штуку. Пасярэднікі арганізуюць «уласнымі сіламі» паліванне тых гаршкоў, пасля чаго прадаюць іх гуртоўцам, беручы па… 25 грошаў за штуку. Сялянам не па кішэні матэрыялы, патрэбныя для вырабу палівы, аб’яднацца самім не ўдаецца, таму багата гадоў пасіўна і паслухмяна жывуць у гэтай сучаснай паншчыне. Ганчароў налічвае Гарадная і наваколле каля чатырох тысяч. Гандляроў і пасярэднікаў – васямнаццаць асоб. Ганчары жывуць у апошняй галечы. Цана 25 грошаў за гаршчок была б для іх багаццем. Паліву рабіць умеюць. Аднак – па-ідыёцку і абыякава дазваляюць даіць сябе.»
Такім чынам мы маем класічную карціну эксплуатацыі, а пры тым, што праз момант зазначыць паня Кушалеўска, даведаемся, што чатыры тысячы ганчароў належаць да беларускае нацыянальнасці, тады як васямнаццаць ліхвяроў да жыдоўскае, [то маем] увесь аспект жыдоўскае праблемы. Далей падаецца карціна дзейнасці стараства:
«Злітаваліся ўрэшце з іх старасцінскія ўлады. Закупілі большую колькасць матэрыялаў для вырабу палівы. Заснавалі вытворчы кааператыў. Болей, збудавалі для таго кааператыву вялікі, адмысловы дом.  Але ўжо на першым кірмашы гуртоўцы заявілі, што гаршкоў, паліваных у кааператыве, не купляць зусім, нават за меншую цану, а на будучыню патрабавацьмуць (адгадайце, панове!)… карткі, што гаршчок атрымаў паліву з рук «пакліканых». З тае прычыны кааператыў ганебна закончыў сваё бясплённае жыццё, пасля чаго запанаваў status quo ante: нечуваная галеча палескага селяніна і шалёная эксплуатацыя пасярэднікаў.»
Мы адзначылі, што судовы пазоў стаўся пашыраны паняю Кушалеўскаю. Істотна, што не ідзецца ўжо пра саму Гарадную. Уся Польшча – гэта вялікая Гарадная, чатыры тысячы ганчароў, васямнаццаць эксплуататараў:
«Лёс гарадэнскіх ганчароў не адасоблены. Ён хутчэй сімптаматычны, чым спарадычны. Гісторыя ўсіх саматужных промыслаў у Польшчы – гэта адзіны шэраг падобна панурых і ашаламляльных показак. У неяк іншай форме паўтараюцца яны ў іншых галінах палескага жыцця, пераважна на Ўсходніх Ускраінах. У гандлі збожжам, драўнінаю, скацінаю, коньмі, малочнымі прадуктамі, свойскаю птушкаю, рыбаю, гароднінаю, хутрам, адзеннем.»
Перад судом абвінаваўца выступае з высноваю, пазоўца выказвае свае пажаданні. Паня Кушалеўска робіць гэта па-сапраўднаму, з усім веданнем судовае працэдуры:
«Вядома, што Палестына не ёсць сёння спакойным каланізацыйным краем, але вядомыя таксама апошнія рухі ангельцаў, скіраваныя да яе замірэння. Вядомая таксама грашовая магутнасць, якою валодаюць сур’ёзныя чыннікі міжнароднага жыдоўства, і зразумела, што для граша… свет не кончыцца на Палестыне. Мы ведаем таксама, якую вялікую эканамічную і культурную працу выканалі жыды, напрыклад, у Тэль-Авіве і як адраджаюцца ва ўласнай сядзібе.
Перад палякамі і жыдамі стаіць прыняцце і правядзенне велізарнае працы. Складаецца яна – для дзяржаўнае ўлады – з шэрагу ўнутрыпалітычных заданняў, як таксама з замежнапалітычных сродкаў. А для грамадства: з устрымання ад узаемных крыўдаў, інакш – рашэння растацца.»
Усё гэта нязвыкла выразна, зразумела і дакладна. Маюцца аднак судовыя справы, якія вымагаюць агляду месца здарэння, а людзей, якія ведаюць неяк Палессе, напэўна занадта ясныя пункты гэтае справы асабліва зацікавілі. Агляд месца здарэння, адбыты на ўласныя вочы, даў таксама цікавыя вынікі, а перадусім не выявіў ніякіх слядоў перабывання там пана З. Скерскага, прыватнага абвінаваўцы нумар адзін. Магчыма, што анкету праводзіў праз павятовае мястэчка Столін, у кожным разе калі б тут быў, праводзіў сваё даследаванне з такою дасканалаю сціпласцю, што нават пану Івану Кісялю, мясцоваму кіраўніку неадбытага ці хутчэй праваленага кааператыву, нічога пра яго невядома.
Затое ўдалося вызначыць наступныя рэчы. Найперш давядзецца значна скараціць колькасць насельніцтва, якая лепіць гаршкі, пададзеную таксама як панам Скерскім, так і – пра што мы не маем шкадавання – паняю Кушалеўскаю. Бо па-першае, выраб гаршкоў сканцэнтраваны ў самой Гарадной, не ў «навакольных вёсках». Адно некалькі вельмі далёкіх ужо хутароў, далей за 10 км, займаецца ўласнымі сіламі лепкаю і продажам гаршкоў, і тое незалежна ад жыдоўскіх паліўнікоў ці прадаўцоў родам з Гарадной. У гэтых умовах нічога дзіўнага, што колькасць занятых гэтаю працаю, а хутчэй эксплуатаваных, не дасягае 4000, але з адным малым нулём менш, 400, як пра тое паведамілі цяперашняму даследніку таксама як кіраўнік неадбытага кааператыву, так і мясцовы пастарунак паліцыі. Відавочна, прапорцыя 18 да 400 – бо лічба 18 паліўнікоў была ўсё-такі праўдзівая – гэта прапорцыя іншага роду, чым 18 : 4000.
Маюцца пэўныя недакладнасці, таксама як прыдатныя, так і непрыдатныя для тэзаў пана Скерскага. Прыдатнаю будзе найперш тая, што выпалены гаршчок, але не паліваны, можна атрымаць не за шэсць, але за тры грошы. Непрыдатнаю, што гаршчок пасля палівання, выкананага жыдамі, каштуе 10 і 20 грошаў, і што за гэтую цану набываюць яго не толькі гуртам, але і ўраздроб у самой Гарадной. Магчыма зрэшты, што пра цану гаршка даведаўся пан Скерскі ў Століне, але тады трэба ўлічыць цану перавозкі, якая ўсё-такі існуе, заробак купца, які паветрам не жыве, што lost not leost цану гаршка падвышае. Усё гэта аднак рэчы драбнейшыя, якія тут прыпамінаюцца адно дзеля маніі калекцыянавання недакладнасцяў. Затое маецца яшчэ іншая цікавая акалічнасць. Гэта тое, што колькінаццаць сялян, якія выпальваюць гаршкі, займаюцца ўласнымі сіламі іх паліваннем, пазбягаючы такім чынам жыдоўскага пасярэдніцтва. У гэтым плане, вельмі цудоўныя палівы мае жыхар Гарадной Мікалай Вячорка, папулярна званы Зайцам. Існуе, значыць, як бачым, вялікая адтуліна, праз якую можна ўцячы ад жыдоўскае эксплуатацыі. Не варта аднак меркаваць, што паліванне – гэта звычайная фармальнасць. Гэта цяжкая справа, а ў палескіх умовах яшчэ і дарагая, патрабуе асобнага горна, матэрыялаў для палівання, умельства. Таму характэрнаю з’яваю ёсць тое, што беларусы, якія маюць уласнае паліванне, задавальняюцца паліваннем уласных вырабаў, не стараюцца выйсці на шырэйшы рынак. Відавочна, гэтая праца не такая ўжо і высокааплатная, а кошт гаршка падвышаецца хутчэй коштамі вывазу і перавозкі, чым коштам палівання. Належыць памятаць, што чатырыста чалавек сядзяць у адным месцы і лепяць гаршкі, што на Палессі заселенасць невысокая, дарогі кепскія, што пры такой канкурэнцыі выдатных перспектыў развіцця гэты промысел з пэўнасцю не мае.
Справа банкруцтва кааператыву ўяўляецца ў гэтых умовах спосабам, які мог бы хутчэй схіліць ініцыятара, павятовы столінскі соймік, да неразгалошвання сваёй сумнеўнае славы праз радыйныя мегафоны. У паселішчы, дзе было ўжо колькінаццаць горнаў, дзе цана глінянага гаршка (вытачанага з гліны менш, чым за 10 хвілін) у выніку палівання ўзрастала на колькі грошаў (заробак прадаўца – асобна!), было вырашана збудаваць новы, вялікі горан, які абаграваў гаршкі адмысловым дакладным спосабам, каб выключыць тых колькі грошаў ад гаршка, заробак колькінаццаці існых дзейных майстэрняў, спосаб заробку і выжывання іх сямей, напэўна адной пятае, а можа і больш ад усіх жыхароў і так беднага мястэчка. Паводле парадаў адмыслоўцы з Варшавы збудавалі цэлае прадпрыемства, паклаўшы на тое 15 тысяч. Бываюць і большыя, чым гэтая, інвестыцыі ў Польшчы, але ў найдалейшым наваколлі Гарадной іх няма. Інвестыцыя была заснаваная на пэўнасці, што сяляне ўступяць у кааператыў, але сяляне ўступіць у яго не хацелі, прысягі ўдзелаў пазабіралі назад. Кіраўнік кааператыву, натуральна расчараваны, мае меркаванне, што жыды перасцерагалі іх, што заняпад кааператыву пацягне для іх абавязковасць пакрыцця коштаў, адказнасць на памер укладаў. Сяляне не хацелі несці адказнасць за 15 тысяч злотых. Урэшце рэшт вёска мела багата прыкладаў банкруцтва кааператыву. Быць можа, слушней было б рухацца адваротным парадкам: каб найперш сяляне хацелі кааператыву, потым соймік падтрымаў бы гэтае дзеянне. Ад’ехаўшы за пару соцень кіламетраў далей на ўсход Польшчы, можна адшукаць край, дзе няраз сяляне хацелі кааператыву, але стараства яго зачыняла. Трэба, каб стараствы вызначылі сваё дачыненне да кааперацыі.
Тут пад Гарадной ёсць малы маёнтак. Яго ўладальнік хацеў са сваёй гліны прадукаваць дахоўку. «Кірпіча» аднак не пайшла. Насуперак засцярогам тутэйшага люду збудавалі горан, у якім дахоўкі, зробленыя з гліны з вялікім дамешкам шкла, гнуліся па кутах. Фабрыка прагрэсіўнае «кірпічы» не пайшла, горан стаіць, даўнія горны дымяць. Мабыць, нешта падобнае было і з соймікавым горнам, бо зноў жа не жыды, але мясцовыя праваслаўныя паліўнікі кпяць з яго ініцыятараў, цвердзячы, што лопалі ў ім гаршкі, аддадзеныя для палівання. Не было б дзіва аднак, каб васямнаццаць жыдоўскіх горнаў і колькінаццаць прыватных беларускіх бараніліся ад канкурэнцыі і мелі зручную абарону, хутка заробак на гаршку ў выніку палівання не павялічыўся як 6 да 25. Гэта стварала, паміж іншымі, вельмі нязначныя магчымасці рэнтабельнасці тых пятнаццаці тысяч злотых.
Усё гэта, значыць, стаіць, з месца не рушыцца. Жыды скардзяцца на цяжкасці ў набыцці раллі, у вытворчасці гаршкоў, скардзяцца, што следам за няўдалаю гаспадарчаю дзейнасцю сойміку ідзе больш паспяховая дзейнасць кніжкі са штрафамі. Шкада, што прыходзячы на дапамогу Гарадной не падумалі перш пра тое, як выклікаць зацікаўленасць ягонымі вырабамі з гліны, ашляхетніць іх, закупляць для народных базараў у местах, з-за нязначнай, з прычыны канкурэнцыі, адлегласці ад дарог, слабой заселенасці Палесся, зацікаўленасці гаршком як ужытковым посудам, стварыць з яго прадмет народнага мастацтва, танны і дэкаратыўны. Палескі кірмаш, на якім на жаль не было гарадэнскіх гаршкоў, надаваўся для гэтага выдатна. Столінскі соймік мог пашукаць рынкаў збыту для Гарадной, мог іх знайсці. Жадаў пайсці на тэрыторыю большых коштаў, дрэнна пралічаную ў магчымасцях, прайграў. Пан Скерскі крычыць пра ашаламляльную жыдоўскую эксплуатацыю. Паня Кушалеўска адчыняе браму Палестыны. Здаецца, што калі высновы гэтага панства былі заснаваныя адно на Гарадной, то належыць, пасля пацверджання занадта вялікае недакладнасці іх данясення, неадпаведнае рэчаіснасці падачы прынцыповых для справы момантаў (4000 замест 400, выключнасць жыдоўскіх палівальняў, калі ёсць і нежыдоўскія, паяднанне ў адно заробку гуртоўцы і паліўніка, павелічэнне цаны гаршка ў Гарадной, або цытаванне як яе цаны гаршка ў Століне, адлеглым на 20 км), пазоў ануляваць, высновы абвінавачання адхіліць, а судовыя выдаткі, у выглядзе адмысловага выезду на месца дастаўніка цяперашніх звестак, раскласці прапарцыйна на Польскае Радыё і «Газэту Польску». А ці супраць столінскага сойміка не належыць скласці судовы пазоў на дрэннае гаспадаранне грамадскаю маёмасцю і няправільныя падыходы да паляпшэння побыту насельніцтва, гэта ўжо іншая справа. У кожным разе належыць яму хутчэй даць рады працаю для пошуку пакупнікоў гаршкоў, самому не паліваць. Урадоўцы, праўда, не святыя, але гаршкі ляпіць, як аказваецца, не ўмеюць.

Пераклад з польскае Валера Кісяля

Аб’ява пра выданне «Падарожжа па Польшчы» ў польскай газеце 1937 года
Ксавэры Прушынскі (1907–1950) – славуты польскі рэпарцёр, якога называлі «князем» рэпартажу. Пабываў у Гарадной у 1936, робячы адзін з серыі рэпартажаў для газеты «Wiadomości literackie». У 1937 гэтая сэрыя была выдадзеная асобнаю кніжкаю «Падарожжа па Польшчы». Узімку 1936–1937 Прушынскі ўжо перадаваў рэпартажы з вайны ў Гішпаніі, дзе відавочна прыняў бок рэспубліканцаў, што было нязвыкла для польскага кансерватара. Таксама, у адрозненне ад іншых кансерватараў, нараджэнец Валыні Прушынскі ў сваіх крытычных рэпартажах даводзіў, што асіміляваць украінцаў і беларусаў бессэнсоўна, што трэба прыняць іх права на родную мову. Адметна, што добра ведаючы характар і мову валынскага ўкраінца, Ксавэры Прушынскі адназначна прылічае гарадэнцаў да беларускае нацыянальнасці.

No comments:

Post a Comment