М. Шаўцова
Амаль усе жыхары вёскі Гарадной Брэсцкай вобласці спрадвеку займаліся
вырабам глінянага ганчарнага посуду. Цікава, што нават дзяўчаты адмаўляліся
выходзіць замуж за хлопцаў да таго часу, пакуль жаніх не навучыцца працаваць на
ганчарным крузе. Славілася кераміка вёскі Гарадной не толькі ў Беларусі, але і
далёка за яе межамі. Пра гэта сведчыць багатая экспазіцыя краязнаўчага музея ў
Пінску, дзе экспануюцца шарападобныя глякі, гаршкі, слоікі, спарышы, міскі,
макацёры і іншы гліняны посуд, выраблены з высакаякасных мясцовых светлых глін
гараднянскімі майстрамі.
І сёння ў некаторых дамах Гарадной можна бачыць майстэрні-ганчарні, дзе ёсць
ганчарны круг, стэлажы, дошкі, на якіх сохне толькі што вытачаны гліняны посуд.
Захаваліся і не спыняюць сваю работу гораны па абпальванні вырабаў. Звычайна
ўся сям’я займаецца вырабам керамікі: мужчыны выцягваюць на крузе розныя формы
посуду, жанчыны і дзеці распісваюць яго чырвонай глінай (ангобам), прыстаўляюць
ручкі, папраўляюць скрыўленні…
Але ж чым заклапочаны майстры з Гарадной?
Былы дырэктар Пінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў І. Дваранінавіч – вялікі
энтузіяст і прыхільнік народнага мастацтва – у 70-х гадах запрасіў 18 лепшых
майстроў гэтай вёскі працаваць на фабрыцы надомнікамі. Для іх была выдзелена
грузавая машына для падвозкі гліны, дроў, а таксама развозкі гатовага посуду ў
магазіны сельпо Столінскага, Іванаўскага і іншых раёнаў. Гараднянскія майстры
заўсёды былі аднымі з лепшых. На абласных і рэспубліканскіх выстаўках
неаднаразова ўзнагароджваліся яны дыпломамі, медалямі і каштоўнымі падарункамі.
Але сёння ў цяжкім становішчы знаходзяцца ганчары з вёскі Гарадной. Справа
ў тым, што Пінская фабрыка адмовілася ад паслуг майстроў. Новы дырэктар Б.
Смаляр вырашыў, што іх прадукцыя эканамічна не выгадная для прадпрыемства і
дабіўся ў Мінмясцпраме рашэння аб перадачы надомнікаў Кобрынскаму камбінату
будаўнічых матэрыялаў. Кіраўніцтва камбіната не здолела аказаць майстрам
практычнай дапамогі, бо тут свой клопат: прадукцыя камбіната – разнастайная
(мэбля, клей, цэгла і г. д.). Умовы, у якіх аказаліся гараднянскія майстры,
вельмі цяжкія: гліну, дровы ім не завозяць, прадукцыю не забіраюць. А тым часам
многія магазіны Пінскага раёна звоняць у Брэсцкае ўпраўленне мясцовай
прамысловасці з просьбай пастаянна прывозіць ім посуд гараднянскіх майстроў.
На жаль, не толькі гараднянскія майстры аказаліся ў такім становішчы.
Пасля выхаду пастановы «Аб развіцці народна-мастацкіх промыслаў» Упраўленне
мастацкай прамысловасці ММП БССР і прадпрыемствы непасрэднага падпарадкавання
энергічна ўзяліся за справу, адшукваючы ўмельцаў, народных майстроў, каб
далучыць іх да работы ў якасці надомнікаў. Для гэтай мэты міністэрства
выдзеліла грузавы транспарт. На кожным прадпрыемстве былі прызначаны майстры,
якія працавалі толькі з надомнікамі.
Але добры пачатак не ўсюды быў даведзены да канца. Напрыклад, Бабруйская
фабрыка мастацкіх вырабаў запрасіла на працу з вёскі Ясенцы майстроў-ганчароў,
якія рабілі і прадавалі на базарах яркі керамічны посуд буйных памераў з
хвалістымі краямі – разнастайныя малочнікі, міскі і посуд для кветак. Аднак
прадпрыемства працавала з імі нядоўга, вырашыўшы, што для іх гэты народны
промысел не падыходзіць: мала дае прыбытку. Адмовілася ад паслуг народных
майстроў і Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў, якая запрасіла працаваць
надомнікамі пружанскіх і ружанскіх ганчароў. Посуд гэтых майстроў асаблівы.
Адны выраблялі паліўную кераміку, другія – старажытную – чорнаглянцаваную,
задымленую (такі посуд не прапускае вільгаць). У гэту брыгаду майстроў
уваходзіў і А. Такарэўскі. Але праз год-другі кіраўніцтва звольніла ўсіх
майстроў, спасылаючыся на тое, што іх прадукцыя не карыстаецца попытам
пакупнікоў.
Антон Рыгоравіч Такарэўскі і цяпер працуе, але ўжо ў сістэме Мастацкага
фонду БССР. Прадукцыя яго ніколі не залежваецца. Нядаўна была праведзена яго
персанальная выстаўка-продаж у салоне-магазіне Мінска, якая прайшла з вялікім
поспехам.
Яшчэ прыклад. Гродзенская фабрыка мастацкіх вырабаў запрасіла братоў
Шопікаў – майстроў з вёскі Поразава, якія выраблялі задымленую чорную кераміку.
Але хутка перасталі з імі працаваць, матывіруючы тым, што з імі шмат клопатаў:
трэба прывозіць ім гліну, дровы, забіраць прадукцыю. А нядаўна на выстаўцы
народнай творчасці ў мінскім Палацы мастацтваў экспанаваліся цудоўныя вырабы
братоў Шопікаў, якія набылі многія музеі рэспублікі.
Аршанская фабрыка мастацкіх вырабаў таксама нядоўга працавала з майстрамі з
гарадскога пасёлка Дуброўна і вёскі Благаўка Віцебскай вобласці, якіх запрашала
вырабляць гліняную цацку. У выніку цікавыя работы гэтых майстроў так і не
ўвайшлі ў побыт.
І яшчэ важная праблема, якая хвалюе нас. Праблема настаўніцтва. У Рэчыцы на
заводзе мастацкай керамікі пайшлі на пенсію тры майстрыхі. А маладых свайму
рамяству не навучылі. У выніку прадукцыю на гэтым прадпрыемстве цяпер
выпускаюць метадам штампоўкі і ліцця. І толькі з-за таго, што кіраўніцтва
завода не захацела лішніх клопатаў – стварыць неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі
маладых майстроў, якія б маглі працягваць традыцыі рэчыцкай керамікі.
Такое ж становішча і на некаторых іншых прадпрыемствах Міністэрства
мясцовай прамысловасці БССР. У вёсцы Крэва і ў Скідалі Гродзенскай вобласці ў
цэху ганчарнай вытворчасці засталося па адным-два майстры-ганчары. У ганчарным
цэху вёскі Гарадок у Віцебскім ВА «Будаўнік» застаўся адзін майстар –
ганчар-віртуоз А. Татарыс. Але яму даведзены такі план, што іншы наўрад ці
вытрымаў бы: у змену 200 малочнікаў вырабляе на ганчарным крузе. Зразумела, што
пры такім плане яму няма часу падумаць аб стварэнні арыгінальных вырабаў.
Што ж на гэты конт думае Міністэрства мясцовай прамысловасці з яго
спецыялізаваным упраўленнем мастацкай прамысловасці? Менавіта яно павінна
дапамагчы майстрам з вёскі Гарадной і іншых вёсак і пасёлкаў рэспублікі. Чаму б
не пабудаваць хоць невялікае памяшканне або рэстаўрыраваць стары цэх у вёсцы
Гарадной, стварыць там умовы для нармальнай работы старых майстроў і навучання
моладзі? Чаму б не арганізаваць вытворчае навучанне ў школе?
Прыкладам можа служыць Івянецкі завод мастацкай керамікі, на якім пастаянна
вучацца школьнікі Івянца. Многія выпускнікі гэтай школы прыйшлі працаваць на
завод, селі за ганчарны круг і ствараюць новыя ўзоры вырабаў, выкарыстоўваючы
традыцыі народных івянецкіх майстроў. Старыя майстры І. Малчановіч, М. Звярко,
А. Пракаповіч ахвотна дзеляцца сваім багатым вопытам, вучаць школьнікаў сваёй
любімай справе.
А чаму б такім жа спосабам не прадаўжаць традыцыі беларускай керамікі і ў
вёсцы Гарадной, у Скідалі, Рэчыцы і іншых цэнтрах народнай керамікі?
Артыкул быў апублікаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» 23 ліпеня 1982
года:
Шаўцова, М. Чым заклапочаны майстры з Гарадной… // Літаратура і мастацтва –
1982. – 23 ліпеня. – с. 14, 15.
Ілюстрацыі з кнігі: Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мінск, 1997.
No comments:
Post a Comment