Валер Кісель
Адкуль мы ведаем дату заснавання мястэчка Гарадная?
Далёка не ўсе паселішчы могуць
пахваліцца дакладнай датаю заснавання. Можна сказаць, што Гарадной у гэтым
сэнсе пашанцавала. Дзякуючы судовым працэсам у канцы 18 – першай палове 19 ст.,
захавалася апісанне гэтай гістарычнай падзеі. Каб не быць галаслоўным, прывяду
арыгінальны тэкст такога апісання з вызначэння Пінскага апеляцыйнага межавога суда
1833 года. У фрагменце гаворыцца пра
тое, што самі мяшчане не змаглі падаць у суды доказы, якія пацвярджалі межы
земляў Гарадной у часы панавання караля Жыгімонта Вазы (1587–1632) ці раней.
Рэч у тым, што паводле літоўскіх законаў валоданне ці нават даведзенае
неаспрэчанае карыстанне зямлёю за гэтым каралём давала перавагу пры пазнейшых
судовых спрэчках, бо наступныя каралі ўжо не былі дзедзічамі дынастыі
Ягайлавічаў. Выпіс з рашэння Літоўскай асэсорыі ад 17 красавіка 1603 года быў пададзены Бутрымовічамі
як доказ заўсёднага падпарадкавання гарадэнцаў Пінскай эканоміі, хоць з тэксту
таго рашэння гэта наўпрост і не вынікала. Далей падаю пераказ рашэння 1603 як
ён выглядаў у судовым выраку 1833:
…Это явствует, что мещане, не имея никаких доказательств удостоверяющих
местечка их границы, не знают вовсе, как должны провести линию, и для того
более и более проводят линии, никогда не существовавшие, как бы своей
уживальности, которая яко бездоказательная никаким судом утвержденною быть не
может, ибо желая обозначить границу нужно иметь на то ограничение или надание,
или планы, или размежевание, то есть какое-либо доказательство, основанное на
документах, каковых мещане не представляли во время рассмотрения их границ в Комиссарском
суде (суд адбыўся ў 1803, далей тэкст
падаю ў выглядзе табліцы – В.К.),
Пераклад на тагачасную расейскую мову
|
Арыгінальны польскі тэкст
|
ни даже ныне представить
не могут, ибо представленные доказательства со стороны вотчинников Лопатина,
дело с оными мещанами и решение Литовской
Ассесории, 1603 года апреля 17-го дня в Кракове последовавшее, объясняет
начала основания Городной, что оная, принадлежа с самых давних времен к Пинской
экономии, в течении времени и в особенности 1592
года генваря 30 под старостою Флёрияном Марковским, писарь
Пинского замка Николай Ушак-Куликовский, согнав королевских людей из
деревень, в экономию Пинскую принадлежащих, Нечатова, Жолкинь, Ласицка и прочих, на урочище Городыще называемое, находящийся
на оном лес повелел вырубить совершенно, пляцы на базар, улицы и седибы
отвел, поставил дом, на валу столб вкопать и в оном 22 палки на знак на
стольких лет свободы вбить повелел и так составленный им план назвал местечком Городною. А посему местечко Городно может ли иметь
какие-нибудь на собственность земли доказательствы, напоследок и по таковому даже
основанию, а также и поселением бояр, ибо за тех времен, вольно даже было и
крестьянам переменять оседлости. Те же городняне, яко насильно заселенные на
земле, к имению Пинской экономии принадлежащей, завсегда уплачивали чинши и
уживая те только земли, что им управители экономиею дозволяли, даже к
пропинации Пинской экономии принадлежали, доказательством сего есть
люстрация, ревизия, инвентари в разных летах, с повеления того времени
власти, комиссии казны, разными люстраторами чинимые…[1]
|
ani teraz złożyć nie mogą,
bowiem złożone dowody ze strony Dziedziców Łopatyna process z onemi
mieszczanami y Dekret Assesoryi Litewskiey 1603 Roku Apryla 17 dnia w Krakowie ferowany
wyiasnia początki założenia Horodney, że takowa należąc od naydawnieyszych
czasów do Ekonomii Pińskiey, w przechodzie czasu a
szczególniey w Roku 1592 Januaryi 30 za
Starostwa Floryana Markowskiego Pisarz prowentowy
Zamku Pińskiego Mikołay Uszak-Kulikowski spędziwszy Ludzi Królewskich
ze wsiów do Ekonomii Pińskiey należących, Nieczatowa, Żołkiń, Łasicka y dalszych, na Uroczszczu Horodyszcze zwanym, Las na
nim będący doszczętu wyciąć kazał, place na Rynek, Ulice y Sadziby porznoł [porznął? – В.К.],
Izbę postawił, Słupa na wole wkopać, y w niego 22 kołki na znak tylu lat
wolności wbić zalecił, y tak plan tę przez się
utworzoną miastem Horodną nazwał. Tym sposobem założone miasteczko Horodna możeż
mieć iakie-kolwiek na swą(?) własność ziemi dowody, nareszcie y po takowym
założeniu, nawet y zasiedleniu się Boiar, bo za czasów owych wolno było nawet
y włoscianom odmieniać siedliska. Ciż Horodnianie iako przemocnie zasiedleni,
na ziemi do ... Ekonomii Pińskiey przynależney, zawsze upłacali czyńsze i
używaiąc te tylko grunta, co Im Rządcy Ekonomicznymi Dobrami pozwalali, nawet
do propinacyi Pińskiey Ekonomii należeli, dowodem tego Lustracye, Rewizye,
Inwentarze w latach różnych z zalecenia władzy ówczasowey Kommisyi Skarbu przez
różnych Lustratorów czynione…[2]
|
Чырвоным мною вылучаны пераклад з
польскае мовы на тагачасную расейскую, які для судовых патрэб не зусім дакладна
быў здзейснены ў 19 ст. Напрыклад, прапушчана дакладная пасада Мікалая Ушака-Кулікоўскага
– не проста пісар, а правентовы[3]
пісар. Слова «miasto» больш
дакладна перакладаецца як «город» – у тыя часы не існавала юрыдычнае розніцы
паміж местам і мястэчкам. Такім чынам найбольш цікавы фрагмент апісання мусіў бы выглядаць гэтак:
…1592 года января 30 во
время староства Флёрияна
Марковского, провентовый писарь Пинского замка
Николай Ушак-Куликовский, согнав королевских людей из деревень, в Пинскую экономию
принадлежащих, Нечатова, Жолкинь, Ласицка и более
далеких, на урочище Городыще
называемое, находящийся на оном лес повелел вырубить совершенно, пляцы на рынок,
улицы и седибы отвел, поставил дом, на валу столб вкопать и в оном 22 палки,
на знак на стольких лет свободы, вбить повелел и так образованнй им тот план назвал городом Городною…
|
…w Roku 1592 Januaryi 30 za Starostwa Floryana
Markowskiego Pisarz prowentowy Zamku Pińskiego
Mikołay Uszak-Kulikowski spędziwszy Ludzi Królewskich ze wsiów do Ekonomii
Pińskiey należących, Nieczatowa, Żołkiń, Łasicka y dalszych,
na Uroczszczu Horodyszcze zwanym, Las na nim będący doszczętu wyciąć kazał,
place na Rynek, Ulice y Sadziby porznął, Izbę postawił, Słupa na wole wkopać,
y w niego 22 kołki na znak tylu lat wolności wbić zalecił, y tak plan tę przez się utworzoną miastem
Horodną nazwał…
|
У канчатковым вызначэнні Мінскага
губернскага апеляцыйнага межавога суда ў 1837
годзе гэтае апісанне падаецца ў скарочаным выглядзе:
…Да к тому, что в продолжении выше
изложенного перехода к разным лицам Пинской Экономии, как обнаруживается из
определения Литовской Ассесории в 17 день апреля 1603 года состоявшегося, за
владения старосты Марковского Пинского замка писарь Ушак Киликовский [Куликовский! – В.К.] в 30 день Января 1592 года, согнав множество
крестьян с разных деревень на урочище Городыще и на оном лес вырубив, учредил
первоначальное основание местечка Городна с предоставлением селившимся
некоторых свобод. И таким образом перешедшие крестьяне из разных деревень,
приняв настоящее жительство в местечке Городной, были подведомственны Пинской
экономии, а за сим помещаемы в составленных инвентарных описаниях…[4]
Нячатава, Жаўкіні, Ласіцк і далейшыя. Кігіраўскае войтаўства і Пагоскі
дэканат
Пералічаныя вёскі знаходзяцца на
захад ад Гарадной, гістарычна яны належалі да Кігіраўскага войтаўства Пінскага
стараства, куды была прылічаная і Гарадная. Назва войтаўства паходзіць ад
прозвішча войта Кігіра, які жыў у Нячатаве і вядомы з апісанняў Пінскага павету
Хвальчэўскага і Войны. Калі працягнуць пералік вёсак гэтага войтаўства, то пад «далейшымі»
вёскамі варта разумець Востраў, Ладараж, Парэ і г.д. Гэтыя вёскі аб’ядноўвала з
Гарадной яшчэ і належнасць да Пагоскага дэканату Турава-Пінскае япархіі[6]
царквы ўсходняга хрысціянскага абраду, якая ў 1596 прыняла Унію з Рымам. Цэнтр
дэканату знаходзіўся ў мястэчку Пагост Зарэчны, цяпер раённы цэнтр Зарэчнае
(Зарічне) ва Ўкраіне.
Аднак не варта лічыць, што
цяперашнія гарадэнцы – гэта нашчадкі перасяленцаў з гэтых вёсак. Не забывайма:
амаль што ўсё тагачаснае насельніцтва мястэчка было знішчанае ўжо праз два
пакаленні татарамі ў катастрофе 1653 года. Пра розніцу гарадэнцаў з жаўкінцамі,
нячатаўцамі і г. д. сведчыць і да цяпер захаваная адрознасць у гаворцы,
традыцыях, вопратцы, прозвішчах. Нельга аднак адмаўляць, што Гарадная і
рэлігійна, і культурна, і эканамічна на працягу гісторыі была моцна звязаная з
вёскамі ў абалоне ракі Стыр, там знаходзіліся і спрадвечныя гарадэнскія
сенажаці: Стыкава і Застружжа.
Ці было нададзенае Гарадной магдэбургскае права ў 1579 годзе?
Стыкава і Звстружжа адносна Гарадной |
Ці было нададзенае Гарадной магдэбургскае права ў 1579 годзе?
Напэўна, першым пра наданне Гарадной ў 1579
годзе магдэбургскага права напісаў Анатоль Цітоў[7].
Аднак ён у сваіх працах не пазначаў крыніцу гэтых звестак, а пазнейшыя
энцыклапедычныя выданні падавалі гэты факт як «магчыма ў 1579». Не знайшоў гэтаму
пацверджання і Сяргей Стрэнкоўскі – найбуйнейшы ў Беларусі даследчык
магдэбургскага права. У сваёй грунтоўнай манаграфіі, выдадзенай у 2013, ён
падае год першага вядомага гарадэнскага прывілею 1670[8].
У тым прывілеі праўда адзначана, што паводле сведчання пінскага старасты Яна Кароля Млоцкага гарадэнцы мелі і ранейшыя прывілеі на самакіраванне і
вольнасці, якія згарэлі ў агні Катастрофы 1653. Але калі менавіта яны былі
выдадзеныя, які быў іхні тэкст і характар дакладна невядома.
Калі ж прывілей для Гарадной ўсё
ж сапраўды быў выдадзены Стэфанам Баторыем у 1579 годзе, то няма нічога
дзіўнага, што рэалізаваны ён быў толькі праз 13 гадоў у 1592. У тагачасным
працэсе заснавання мястэчак здараліся выпадкі, калі заснаванне рэалізоўвалася
праз шмат год пасля фундацыйнага прывілею.
Справа пра сенажаці Застружжа 1603 года
Такім чынам даволі падрабязнае апісанне
заснавання мястэчка Гарадная мы ведаем з рашэння Літоўскае асэсорыі ад 17
красавіка 1603 года. Сам арыгінальны
дакумент адшукаць пакуль што не ўдалося, але ў дакументах судоў 19 ст. маюцца
на яго пэўныя спасылкі, таму паспрабуем разабрацца, што менавіта было ў тым рашэнні.
Спярша прывяду фрагмент рэплікі Фелікса Абрамоўскага ў абарону гарадэнскіх
мяшчан, якая прагучала на Камісарскім судзе ў 1803 годзе (тагачасны пераклад з польскае):
…Весьма
напрасно гг. Бутримовичи хвастаются письмом короля Сигизмунта 3-го к комисарам 1603 года апреля 17 дня писанным, ибо
сие письмо ничего более в себе не заключаеть, только неправильное донесение
Станислава и Андрея Ширмов, Ивана Федоровича, Степана Васильевича Велятыцких,
Остафия Нарницкого(?), Данила Лозицкого, Степана и Валентия Лозицких, которое
пред королем не удостоверено, ибо король не входил в разбирательство дел, но на
рассмотрение оных назначил комиссию. Что же значить можеть, что кто-нибуть заочно
кого обжалуеть, когда жалобы своей ничем не докажеть, так как Ширмы,
Велятыцкие, Лозицкие и прочие имея назначенную Коммисию, оной не выводили, ибо
фальшиво жаловались, как оказывается ныне из привилегии Сигизмунда Августа, что
Ширме только 5 уволок 6 моргов и 21 прентов надано, входов всяких запрещено, а
из обмежевания Ильи Кучи, что Лопатину по Лешную назначено границу. Ширмы же
пред королем Сигизмундом 3-м, что им экономия леса далеко от экономии Лешной(?)
лежащие, до которых Лопатин даже и входа привилегиею дозволенного не имел,
отнимаеть. Намерением было Ширмов и прочих что-нибуть ложным представлением у
Сигизмунда 3-го взыскать, но когда сие не удалось, а назначена была Коммисия,
зная довольно, что несправедливая их жалоба откроится, а паче опасаясь, дабы
чего-либо несправедливо поискивая не потерали того, что надано, по причине
сверх надания присвоения себе королевских обширностей. Вот же суть верные
причины для которых Ширмы, Велятыцкие и прочие коммисии королем назначенные не
выводили. Но представляють гг. Бутримовичи, что по причине насилия и
извертом(?) экономии коммисия никогда быть не могла.
Представлять
и не доказывать есть только напрасным(?) утруждать суд воображением, желая
доказать, что чрез насилие старостов Коммисии не были введенные в действие
надобно представить выдаванны ли Коммисии позывы, обвещения, определения
отсрочныя Коммисии или свидетельствы об изорвании (?) комплектов при том же
жалобы, протесты, а в то время таковыя доказательствы свидетельствовали бы об
усилии Ширмов, Велятыцких и прочих разведаться в Коммисии, но когда по
назначению королем Сигизмундом коммисии, дабы когда-нибуть оная была, никакого
нет следа, затем пустыя и бездоказательныя возражения без уважения оставаться
должны ибо слова в суде доказательством быть не могуть по закону статутовому
статьи 54 раздела 4…[9]
У судовым вызначэнні 1833 года пінскія суддзі асэсарскае
рашэнне 1603 тлумачылі на карысць Бутрымовічаў (Мацей Бутрымовіч быў
спадкаемцам Шырмаў па сваёй жонцы):
… Второе, что представили Коммисарское [ассесорское! – В.К.] решение в 1603 году по жалобе вотчинников
Лопатыня поcледовавшее, доказывающее, что пинский
староста Марковский насильно отнял в Застружу сенокосы от вотчинников Застружа
Ширмов и новооснованному им местечку отдал, в чем тем же ассесорским решением
назначена была Коммисия, но к таковой коммисии пинские старосты никогда
приступить не хотели.[10]
Як вынікае з гэтых фрагментаў пінскі стараста Юрый Збаражскі ці арандатар
эканоміі Флярыян Маркоўскі пасля заснавання Гарадной дазволілі гарадэнцам карыстацца
сенажацямі Застружжа, якія знаходзіліся ў абалоне Стыра насупраць вёскі
Лапатын. Праз пэўны час суседскія землеўладальнікі Шырмы, Лазіцкія, Велятыцкія
і інш. прад’явілі свае прэтэнзіі на гэтае ўрочышча каралю, хоць яно і не было
наўпрост ім нададзенае ранейшымі прывілеямі. З гэтае нагоды Літоўская асэсорыя
17 красавіка 1603 года ў Кракаве прыняла рашэнне, якое прызначала Камісарскі
суд для разбору справы. Аднак Юрый Збаражскі фактычна праігнараваў гэтае
рашэнне, а Шырмы і інш. не настойвалі на ім, бо той Камісарскі суд ніколі не
адбыўся, а гарадэнцы працягвалі карыстацца сенажацямі ў Застружжы.
Улетку 1602 года з сяла Высокага
маёнтка Купятычы Пінскага павета ў мястэчка Гарадную ўцякае сям’я краўца Тамілы
Стэньковіча.[11] Праз
Пінскі земскі суд уладальнік Купятычаў берасцейскі кашталян Рыгор Война
намагаецца вярнуць яе на месца, чаму працівіцца пінскі стараста Юрый Збаражскі,
які відавочна зацікаўлены ў развіцці рамяства ў Гарадной. Адметна, што ў сваім
лісце вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Ваза нагадвае пра
грашовыя штрафы і неаднаразова рэкамендуе як найхутчэй разгледзець судовую
справу і дзейнічаць пры вяртанні падданых у рамках паспалітага права, але
пінскі стараста фактычна ігнараваў судовыя позвы ад берасцейскага кашталяна. Як
і ў выпадку з сенажацямі Застружжа Збаражскі ўсім сваім уплывам дапамагаў
маладому мястэчку адбіцца ад прэтэнзій заможных суседзяў.
Гэта адно з нешматлікіх ускосных
сведчанняў пра Гарадную таго часу, якія захаваліся да нашага часу. З дакумента
становіцца ясным, адкуль так трывала замацаваўся жаночы род назвы мястэчка. Казалі
і пісалі: мястэчка (места) Гарадная, а не Гарадное, як мусіла б спалучацца з
ніякім родам слоў «места» і «мястэчка». Багата Волек (Вулек), Воляў захавалася
ў назвах паселішчаў да нашага часу. Так называліся пасяленні вольных людзей,
якія не належалі ніякаму пану. І мястэчка на месцы больш старажытнага
заняпалага горада Гародна было ў 1592 годзе адноўленае як Воля Гарадная. З часам першая частка адпала, а назва «Гарадная»
(«Городна» па-гарадэнску) паспяхова перажыла ўсе спробы афіцыйных улад Расіі і
Польшчы усталяваць назвы «Городно» і «Horodno».
Жыгімонт Ваза |
Сярод вольных мястэчак Пінскага павета
Заснаванне Гарадной было лагічным
працягам (завяршэннем) палітыкі прадстаўнікоў каралеўскай улады ў Пінскім
павеце – пінскіх старастаў. Працэс заснавання мястэчак ў Пінскім павеце
распачаўся падчас гаспадарчае рэформы, вядомай як «валочная памера». Стараста
Станіслаў Хвальчэўскі ў 1554 заснаваў мястэчка Моталь на месцы аднайменнага сяла.[12]
У 1555 былі падзеленыя на валокі землі старажытнага мястэчка Нобель.[13]
Гэта ўсе каралеўскія мястэчкі, якія існавалі ў Пінскім павеце на той момант. Паводле
Пісцовай кнігі Лаўрына Войны станам на 1566 год у Пінскім старастве (стараста
Станіслаў Давойна) па-ранейшаму існавала толькі тыя ж 2 мястэчкі: Моталь і
Нобель. Каля 1569 падчас працягу валочнай памеры было заснаванае мястэчка Лагішын (заснавальнік Кр. Граеўскі)[14].
У 1581 годзе ў прывілеі на магдэбургскае права месту Пінску згадваецца мястэчка
Пагост (цяпер райцэнтр Зарэчнае ва
Ўкраіне). Статус мястэчка сяло Пагост відавочна атрымала ў часы пінскага
страсты Лаўрына Войны (1574–1580). Нарэшце, у 1592 была заснаваная Гарадная. У Пінскім павеце мястэчкамі
называлі і іншыя паселішчы (Столін, Любяшоў, Высацк і інш.), аднак адзначаныя 5
мястэчак аб’ядноўвала наяўнасць каралеўскіх прывілеяў на гарадское
самакіраванне, якія цалкам ці часткова вызвалялі мяшчан ад феадальных
павіннасцяў. З іх два мястэчкі Лагішын і Гарадная мелі поўнае магдэбургскае
права, а Моталь, Нобель і Пагост мелі так званае устаўнае самакіраванне[15].
Валынскія князі Збаражскія як заснавальнікі мястэчка Гарадная
Мястэчкі на каралеўскіх землях у
Вялікім Княстве Літоўскім засноўвалі як правіла трымальнікі старастваў, якія
іначай менаваліся каралеўскімі сталовымі ўладаннямі. У аналах гісторыі мы не сустракаем такога пінскага
старасту як Флярыян Маркоўскі. У 1581–1590 пінскім старастам быў славуты
Януш Карыбутавіч Збаражскі, а ў 1590–1631 – ягоны не менш вядомы ў гісторыі сын
Юрый Збаражскі. Паколькі працэс заснавання мястэчка быў не такі ўжо і хуткі, то
можна меркаваць, што рашэнне пра заснаванне Гарадной было прынятае яшчэ за
старастам Янушам Збаражскім, калі не раней. У гісторыі не засталося сведчанняў
пра тое, што Януш Карыбутавіч надта займаўся сваім Пінскім стараствам, значна
часцей ён згадваецца як крамянецкі стараста (Збараж – родавы замак князёў
знаходзіўся ў Крамянецкім павеце на Валыні).
А 30 красавіка 1590 года яшчэ поўны сіл князь Януш праз каралеўскі
прывілей перадаў Пінскае стараства свайму 16-гадоваму старэйшаму сыну Юрыю
Збаражскаму.[16] У
1592-1593 Юрый вучыўся ў Падуанскім універсітэце, таму не мог займацца
заснаваннем Гарадной. Мяркую Аказваецца, што Флярыян Маркоўскі быў пісарам Пінскае эканоміі (эканомія – гаспадарчая складовая стараства) і ў судовых
дакументах 19 ст. памылкова названы пінскім старастам, якім ніколі не быў. Такім чынам слава заснавальніка мястэчка Гарадной належыць Маркоўскаму, які хіба
толькі праз гэта і вядомы ў гісторыі. Зрэшты, той факт, што беспасярэдне выязджаў на месца і
засноўваў Гарадную сціплы правентовы пісар Пінскага замка Мікалай Ушак-Кулікоўскі, прадстаўнік досыць вядомага шляхецкага роду, таксама аказаўся памылкаю суда 19 ст. Ён названы у дакуменце толькі пры апісанні падзей 1602 року, то бок праз 10 год па заснаванні.
[1] НГАБ. Ф.
535, воп. 1, спр. 1, арк. 89, 89адв.
[2] НГАБ. Ф.
535, воп. 1, спр. 35, арк. 7, 7адв.
[3]
Правентовы пісар сачыў за сплатаю падаткаў насельніцтвам эканоміі ды надыходам прыбыткаў
з аб’ектаў скарбавай уласнасці.
[4] НГАБ. Ф. 120, воп. 1, спр. 2921, арк.
4, 4адв.
[5] Памяць:
Гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна. Мінск, 2003. С. 5—6.
[6] Walczak W. Zmiany administracyjne sieci
parafialnej unickiej eparchii Turowsko-pińskiej w drugiej połowie XVIII wieku
// Kościół unicki w Rzeczypospolotej. Białystok, 2010. S. 213.
[7] Цітоў А.
К. Гарадская геральдыка Беларусі. Менск, 1989. С. 86.
[8] Стрэнкоўскі
С. П. Гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XIV—XVIII ст.). Частка II.
С. 401.
[9] НГАБ. Ф.
535, воп. 1, спр. 1, арк. 42адв., 43.
[10] НГАБ.
Ф. 535, воп. 1, спр. 1, арк. 96адв.
[11] Белоруссия
в эпоху феодализма. Т. 1. Минск, 1959. С. 309-312.
[12] Писцовая
книга Пинского и Клецкого княжеств, составленная пинским старостою Станиславом
Хвальчевским в 1552—1555 г. Вильна, 1884. С. 104
[13] Тамсама.
С. 162.
[14] НГАБ,
КМФ-18, воп. 1, спр. 48, арк. 337адв. НГАБ, КМФ-18, воп. 1, спр. 52, арк. 139.
[15]
Стрэнкоўскі С. П. Гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XIV—XVIII ст.). Частка II.
С. 14, 15.
[16] Dobrowolska W. Мłodość Jerzego i Krzysztofa Zbaraskich // Rocznik Przemyski. T. VII. Przemyśl,
1927. S. 90.
No comments:
Post a Comment