1912. Каваны крыж з Радчыцка. Фота І. Сербава |
Акт фундушу Млоцкага на Радчыцкую царкву
Року 1779 м-ца красавіка 1 дня
На ўрадзе Яго Каралеўскае Міласці перад гродскімі актамі Пінскага павета і
мною, Юрыем Рыгорам Станіславам Наздрыною Плотніцкім, земскім і гродскім
рэгентам таго ж павета прысяжным, з’явіўшыся асабіста Пётр Аляшкевіч, пісар
двара біскупа Пінскага і Тураўскага, гэты фундуш ад, некалі, Яна Кароля Млоцкага, пінскага старасты,
на Радчыцкую царкву нададзены, да актаў з прапановаю падаў, просячы мяне,
рэгента, каб быў у гродскія кнігі пінскіх вячыстых спраў прыняты і ўпісаны.
Таксама я, рэгент, гэты фундуш прыняўшы, у кнігі слова да слова ўпісаць
дазволіў, са зместу якога вынікае наступнае:
Ян Кароль Млоцкі, пінскі, гельмецкі стараста. Перад усімі
і кожнаму асобна, каму пра тое ведаць належала, цяпер і наступнага веку людзям
абвяшчаю:
што маючы я ў трыманні маім
пажыццёвым вёску Яго Каралеўскае Вялікасці Радчыцкую ў Кігіраўскім войтаўстве размешчаную,
да Пінскага стараства прыналежную, а хочучы каб у ёй Хвала Божая віталася і
памнажалася, і каб святар тамтэйшы айцец Грыгорый
Дэмяновіч, які жыве пры нядаўна ўзніклай там царкве, меў справядлівае забеспячэнне,
а таму і павіннасці сваёй пільнаваў; я надумаў паўвалокі [каля 10 га] зямлі пры вёсцы Радчыцкай
размешчанай, то бок чвэрць Грыгораўскай
у валоцы Апанасаўскай, шасціну ў
валоцы Стасевічаўскай, а паўшасціны
ў валоцы Куцынскай, на названую
Радчыцкую царкву Ўспення Найсвяцейшай
Багародзіцы ў Пінскім павеце размешчаную, якая ёсць у Вуніі Святой, з
маргамі, дадаткамі, прысяленнем, з дрэвам бортным і нябортным, сенажацямі,
стойламі, хатамі і ўсімі да яе прыналежнасцямі даць і дараваць, як гэтым лістом
даю і дарую. Мае тады названы айцец
Грыгорый Дэмяновіч, святар радчыцкі, і пасля яго спадкаемцы ягоныя вышэй названую
паўвалоку так як мае быць у сябе трымаць і спакойна ўжываць на вечныя часы, ніякае
з яе не выконваючы павіннасці, і падаткаў ніякіх не плацячы, але толькі
пастарскую павіннасць сваю дастаткова здзяйсняючы. І на тое даю яму гэты мой
ліст, і дзеля канфірмацыі яго ў Яго Каралеўскай Мосці пана майго міласцівага
старацца дазваляю.
Пісаны ў Пінску дня 6 красавіка,
року Божага 1664.
У гэтага фундушу, пры пячатцы на масці выціснутай, подпіс рукі яснавяльможнага
старасты з аднаго боку, а з другога яго ж улвснаю рукою дапісак такі: Ян Кароль Млоцкі стараста Пінскі МП
(LS).
А каб ніводзін ані святар не
наважваўся аддаваць царкоўныя землі ў заставу, ані падданы даваць на заставу,
кары 20 коп літоўскай лічбы закладаю.
Пры тым, на чале гэтага фундушу,
на левым рагу ўгары інскрыпцыя рукою біскупа, тутсама на складцы яго на адвароце
канатацыя прэзэнтацыі рукою іншаю, ды
рэкамендацыя параху Вялятыцкаму, пра данясенне крыўдаў з гэтае фундацыі
выніклых двару, таксама рукою біскупа пісаныя, тымі выказваюцца словамі:
Фундатар Радчыцкае царквы першы, на паўвалоцы, святой памяці пан Млоцкі:
на чым жа маецца царкве парадак памнажаць? Трэба спадкаемца прасіць пра дадаванне
зямлі і павагу да Бога.
Міхал Белазор, біскуп Пінскі
мп-кі. Року 1675 дня 21 студзеня.
Гэты фундуш быў прэзэнтаваны на
Пагоскай кангрэгацыі, перад Міхалам Марцінам Белазорам біскупам Пінскім, таму
што і так мізэрная фундацыя ад паноў наглядчыкаў і падданых мае крыўды.
Рэкамендую айцу Вялятыцкаму, каб данёс гэтыя крыўды еймосці пані
Млоцкай старасцінай Пінскай, каб сваёй павагаю загадала каплану вярнуць
забраную зямлю і крыўды кампенсаваць.
М. Белазор біскуп пінскі на
Дубровіцкай кангрэгацыі, Року 1690
красавіка 8.
Дакумент адшукаў і пераклаў з польскае Валер Кісель.
No comments:
Post a Comment