13/02/2013

Замкавішча




Каля Гарадное ёсьць месца, якое немагчыма прамінуць, дасьледуючы гісторыю мястэчка. Пра яго распавядаюць паданьні самі гарадэнцы, яно вабіць археолягаў і чорных капальнікаў, тут да паэтаў прыходзіць натхненьне.
Адна з характэрных легендаў, якія мясцовыя жыхары вусна перадаюць з пакаленьня ў пакаленьне, запісаная ў 2000 ад Івана Хведаравіча Кісяля, 1922 г.н.:
Замкавішча. Выгляд з напольнага боку
…А там пры Польшчі роскопвалі тую гору, замка. Знайшлі носа з корабля, з дэрэв’яное гэто лодкі нос. []  Раньче Городная стояла коло тых Замковішч… [] І вона там коло того, дэ Савко жів, була перша Городна. А вона перэнэсэна сюды, дэ зарэ, до воды. [] В нас раньчей, росказвалі, в Городной було сэм цэрквей, в гэтой Городной, о там, коло Замковішч, і тут. [] Там був замок, там і Городна була. І цэркві там булі. Одна цэрква тут, на горэ, а одна, дэ больныца. А там – було п’ять. Вона, Городна, була як століца гэтого Полесся раньчей. Дэв’ятьсот шэстьдэсят шостого года вона основана…[1]
Ручай пад Замкаваю гарою
У 1879 пра Замкавішча так паведамляў праваслаўны сьвятар:
…Недалёка ад мястэчка, менавіта за 2 вярсты, ёсьць нейкія старажытныя акопы, пад назовам Замкавішча, што паказвае на існаваньне на тым месцы ўмацаванага замку; унізе акопаў, з заходняга боку, ёсьць балота, зарослае лесам, сярод якога працякае невялікі ручаёк, у якім, па расповедах старажылаў, знаходзілі абломкі вялікіх суднаў… [2]
У 1893 у Вільні адбылася спрэчка паміж Яўстахам Арлоўскім і Яўхімам Карскім, у якой апошні так аргумэнтаваў магчымасьць існаваньня Гарадзенскага княства з цэнтрам у Гарадной:
...Я.Ф.Карскі: Два гады таму я зьбіраў зьвесткі па мове і апынуўся ў гэтай мясцовасьці – у Гародне Пінскага павету. Успомніў я Слова пра паход Ігараў: “трубы трубяць гарадзенскія”, і зьвярнуўся да старых з пытаньнем, ці не было тут калі-небудзь княства. [...] Мне паказалі адну мясцовасьць, кажучы, што тут было княства, замкавішча. Тут былі пабудовы княскія, а паблізу працякала рака, а цяпер там толькі балота. Каб давесьці, што там была рака, мне паказалі, что не асабліва даўно знайшлі тут рэшткі суднаў, якія спыняліся ля замку... [3]
Мапа 1925 року. Зялёная пляма - Замкавішча

У ІІІ томе энцыкляпэдыі “Археалогія Беларусі” пра Гарадную ўпамінаецца толькі ў адным сказе, і тое ў сувязі з Давыд-Гарадком: “…Помнікі дрыгавічоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў перадваенны час не падвяргаліся сістэматычным даследаванням. Выключэннем з’яўляюцца абследаванні гарадзішча ў в. Гарадное (Столінскі р-н) і раскопкі гарадзішча ў Давыд-Гарадку Р. Якімовічам у 1937-1939 гг.” Аднак у выдадзенай у 1939 кнізе “Dawidgródek”, на якую спасылаецца энцыкляпэдыя, Якімовіч не прыводзіць ніякіх зьвестак пра абсьледзіны Гарадное, хоць згадвае яе ў кантэксьце сваіх высноваў, што даўняе Гарадзенскае княства мела цэнтрам Давыд-Гарадок і не магло быць у Гарадной:
…І паколькі летапіс, кажучы далей пра таго князя (Усеваладка – аўт.) і ягоных сыноў, тытулуе іх наступным разам князямі гарадэнскімі, адтуль выводзіцца памылковая выснова, што сталіцаю іхнага ўдзелу было Гародна (старая назва гучала Гарадная), якое ляжала недалёка Давыд-Гарадка. Але Гародна палескае разьмешчанае воддаль рэк і ўвогуле ўсякіх дарог, на высьпе, аточанай з усіх бакоў велізарным і непраходным балотам, званым Марочнае. І сёньня яшчэ, нягледзячы на пракладаньне дарог і насыпаньне грэбляў, Гарадная ўяўляе сабою кут нібы адцяты ад сьвету. Ужо гэтая акалічнасьць гаворыць наўпрост супраць лякалізацыі там сталіцы ўдзельнага княства. Ніводная, нават найменшая ўдзельная сталіца не ляжала на такім бязьлюдзьдзі і бездарожжы…[4]
Фрагмэнт гістарычнага атлясу РП. Рака каля Замкавішча яшчэ даволі значная. Стан на 16-17 ст.

Цяжка ўявіць, што Якімовіч, калі б сам праводзіў абсьледзіны гарадзішча ў Гарадной ці меў інфармацыю ад іншых польскіх археолягаў, прамінуў прывесьці зьвесткі пра гэта, адпрэчваючы магчымасьць існаваньня княства ў Гарадной такім ненавуковым чынам: не магло быць, таму што праз 800 год няма для гэтага ўмоваў. Цалкам вераемна, што якраз 1000 год таму Замкавішча знаходзілася на мысападобным паўвостраве ў вялікім рэшткавым возеры, якое яшчэ захоўвалася сярод балота Марочнага. З возера выцякала рака, якая ўпадала ў Прыпяць. А значыць, Гарадная мела выгоднае становішча. Дарэчы, поклады торфу, якія цяпер здабываюцца пад Гарадною, маюць магутнасьць каля 1 м. Пад торфам месцамі маецца да 3 м сапрапэляў, што гаворыць пра адносную маладосьць балота. Якраз  для ўтварэньня такога слою торфу і патрэбна каля 1000 год. Пасьля забалочваньня возера яшчэ доўгі час існавала рака, якая добра бачная на гістарычным атлясе Рэчы Паспалітае[5], рэчышча якое яшчэ прасочваецца асобнымі адрэзкамі на 500-мэтроўцы 1925 року ад вёскі Лукі, пакідаючы справа Глінку, зьлева Відыбор, далей праз Дубай, Дубянец, Магільна, Ястрэблю, возера Чартоў Вірок і зьнікае ў забалочанай абалоне Прыпяці амаль што насупраць Кажан-Гарадка. Каля вёскі Ястрэблі рэчка называецца Просьць. З пракладаньнем чыгункі ў 2-й палове ХІХ ст. пачалася значная мэліярацыя. Асушэньне праводзілася і ў міжваеннай Польшчы, а ў савецкія часы набыло татальныя маштабы. Сыстэма штучных канаваў і каналаў да непазнавальнсьці зьмяніла гідрагеалягічнае аблічча Пінскага Зарэчча. 
У 1955 гарадзішча ў Гарадной менавіта абсьледаваў (але не праводзіў раскопкі) вядомы дасьледнік палескіх археалягічных помнікаў Ю.Кухарэнка:
…Разьмешчанае сярод забалочаных лугоў на мысападобным канцы вялікае пясчанае грады. Пляцоўка гарадзішча з напольнага боку ўмацаваная двума дугападобнымі землянымі валамі, якія знаходзяцца адзін ад аднаго прыблізна за 30 м. Трохі падсыпаны і супрацьлеглы, мысавы край плошчы. На пляцоўцы гарадзішча растуць дрэвы. Культурны слой не прасочваецца. Рэчавых знаходак няма…[6]
Схема Замкавішча паводле Ю. Кухарэнкі. Паз. 15

Відавочна, што паводле гэтага паведамленьня А. Назаранка спасылаецца на адсутнасьць заўважнага археалягічнага слою[7]. Зразумела, падрабязна дасьледаваць усе палескія гарадзішчы Кухарэнка проста фізычна ня здолеў бы, тым больш, калі паўстаюць такія перашкоды як цяжкадаступнасьць, дрэвы, адсутнасьць хуткіх значных знаходак. Трэба дадаць, што ў Гарадную Кухарэнка наведаўся ў працэсе вельмі плённых раскопак у Хотамлі ў 1954-57, дзе быў знойдзены буйны протагорад VII-VIII/Х ст. У такой сытуацыі гарадэнскае Замкавішча страціла яшчэ адзін шанец на ґрунтоўныя раскопкі. Першы раз у 1930-х археолягаў больш займалі значныя знаходкі ў Давыд-Гарадку, другі раз у 1950-х – у Хотамлі. Дарэчы, думка пра перанясеньне княжацкага цэнтру з Хотамля ў блізкую Гарадную вусна выказвалася археолягам Ісаенкам, пра што сьведчыць, разьвіваючы і падтрымліваючы гіпотэзу, Клімчук[8].
Схема разьмяшчэньня Замкавішча і поля Гараднога

У 2012 я наведваў вакольныя хутары каля Замкавішча. Там мясцовыя жыхары паказалі мне “сьвяты” або “княжы” камень, які ўрос у зямлю. Гэты валун знаходзіцца на ўскрайку поля, якое спрадвеку называецца “Гарадное”, за 900 м на ўсход ад Замкавішча. Па словах гарадэнцаў, менавіта на месцы Замкавішча і поля Гараднога была “першая Гарадная”, дзе было 5 цэркваў паводле паданьняў. На самім камені былі нібыта высечаныя нейкія словы, але цяпер іх немагчыма пабачыць, бо камень фактычна цалкам у зямлі. Акрамя таго, зьверху на валуне маюцца пашкоджаньні. Іх нанёс мой стрыечны прадзед Сэмен “Бородай”, які валодаў фальваркам ля Замкавае гары. Распавядаюць, быццам прадзед хацеў раскалоць валун, каб знайсьці мітычны скарб, але гэта яму не ўдалося.
Поле Гарадное. Тут была "першая Гарадная"

Больш яснасьці ў важнай для гісторыі Беларусі спрэчцы наконт лакалізацыі летапіснага Гарадзенскага княства маглі б даць ґрунтоўныя археалягічныя раскопкі ва ўрочышчы Замкавішчы, за 2 км на паўночны ўсход ад Гарадное, дзе знаходзіцца гарадзішча ХІ-ХІІІ ст[9]. Таксама археолягам варта зьвярнуць увагу на поле Гарадное на ўсход ад Замкавішча, дзе паводле паданьняў, напэўна да зьнішчэньня татарамі ў 1527 року, была “першая Гарадная”. “Княжы” або “сьвяты” камень каля поля Гараднога можа стаць адным зь цікавых аб’ектаў турыстычных маршрутаў у Гарадную, калі яго належным чынам падаць, магчыма, часткова або цалкам адкапаўшы.
"Княжы" камень, урослы ў зямлю


Аўтар: Валер Кісель
У якасьці загалоўнае ілюстрацыі  – карціна Сергіенкі Ю.П. "Выгляд на Замкавішча".


[1] Климчук Ф. Д. Отголоски праславянщины в Столинском районе Брестской области // Язык культуры: Семантика и грамматика. Москва, 2004. С. 459-462.
[2] Описание церквей и приходов Минской епархии: составлено по официально затребованным от причтов сведениям.  6: [Пинский уезд]. Минск: Типолитография Б. И. Соломонова, 1879. С. 43.
[3] Труды Девятого Археологического съезда в Вильне 1893 [года] : [в 2 т.] / под редакцией П. С. Уваровой и С. С. Слуцкого. Т. 2 : [сборник научных статей и протоколы], 1897. С. 62-64.
[4] Jakimowicz R. Dawidgródek. Pińsk, 1939. S. 28.
[5] Atlas historyczny Rzeczypospolitej Polskiej wydany z zasiłkiem Akademii Umiejętności w Krakowie , [T. 1] , Epoka przełomu z wieku XVI-ego na XVII-sty. Dział II-gi. "Ziemie Ruskie" Rzeczypospolitej , Dział opracowany przez Aleksandra Jabłonowskiego [...]. Warszawa—Wiedeń, 1899—1904. S. 5.
[6] Кухаренко Ю. Средневековые памятники Полесья. // Археология СССР. Свод археологических источников. Выпуск Е1-57. Москва, 1961. С. 20.
[7] Назаренко А. В. Городенское княжество и городенские князья в ХІІ в. // Древнейшие государства Восточной Европы. — Москва, 2000. — С. 176.
[8] Климчук Ф.Д. Некоторые дискуссионные вопросы средневековой истории Надъясельдья и Погорынья // Palaeoslavica, XII/2004, No 1. Cambridge - Massachusetts [USA]. С. 20; 1,7 арк.
[9] Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Мінск, БелТА, 2009. С. 107.

No comments:

Post a Comment