1) У 1579 г. Гарадная атрымала магдэбургскае права, якое было пацверджана ў 1670, потым у 1753 гг. Магдэбургскае права з’яўлялася юрыдычным замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе за самастойнасць. Яно давала правы гораду на самакіраванне. Адзначым, што ў ХІV–ХVІ стст. ў Беларусі атрымалі магдэбургскае права 29 гарадоў, у тым ліку на тэрыторыі Брэсцкае вобласці – 8. Гарадная атрымала магдэбургскае права чацвертым па ліку горадам на Берасцейшчыне (пасля Берасця – 1390 г., Высокага – 1494 г., Каменца – 1518 г.). З гэтага вынікае, што Гарадная да таго часу мела багатыя гарадскія традыцыі, паколькі на пустым месцы нічога ўзнікнуць не можа.
2) У Гарадной захавалася архаічная гаворка, многія рысы якое былі тыповыя для кніжнае старажытнарускае мовы часоў Кіеўскае Русі: “паўмяккая” вымова зычных перад галоснымі, якія ўтварыліся са старажытных *е(э), *и, захаванне старажытнага галоснага ѣ (яць) ды інш.[1] Асабліва адметная першая рыса. “Паўмяккія” зычныя – гэта фактычна цвёрдыя зычныя, але невелярызаваныя. Яны были характэрныя для праславянскае і кніжнае старажытнарускае моваў. У далейшым у большасці славянскіх гаворак яны набылі або поўную мяккасць, або велярызацыю. Захаванне такое старажытнае рысы няможна лічыць адно глухасцю рэгіёна. Ён не такі ўжо глухі, паколькі тут праходзіў старадаўні тракт з Пінска да Гарыні ў раёне Століна і далей уздоўж Гарыні на Валынь. Захаванне моўнае архаікі ў значнай ступені звязана з гонарам жыхароў Гарадное за сваё мінулае і за прыналежнасць да мяшчанскага стану.
3) Гарадная да сярэдзіны ХХ ст. з’яўлялася буйным рамесніцкім цэнтрам, які забяспечваў ганчарным посудам значную частку Палесся і Панямоння.
4) Даволі ранняя першая згадка пра Гарадную ў пісьмовых крыніцах эпохі Вялікага княства Літоўскага – 1448 г.
5) За 2 км на паўночны ўсход ад сяла (мястэчка), ва ўрочышчы Замкавіска (мясц. Зáмковісько, Зáмковішче) знаходзіцца гарадзішча, якое датуецца часам ад VI да XIII стст.[2] Знаходзіцца яно на мысападобным канцы пясчанае грады. Пляцоўка гарадзішча з напольнага боку ўмацаваная двума дугападобнымі землянымі валамі на адлегласці прыблізна за 30 м адзін ад аднаго.
6) Гарадная, магчыма, мае дачыненне да Гарадзенскага княства…
Аўтар: Хведар Клімчук (на фота), апублікавана: http://zagorodde.na.by/istor1_2.html
[1] Ф.Д.Климчук. «Отголоски праславянщины в Столинском районе Брестской области” // Язык культуры: Семантика и грамматика. К 80-летию со дня рождения академика Никиты Ильича Толстого (1923—1996). М., 2004. С. 454—465.
[2] Ю.В.Кухаренко. Средневековые памятники Полесья / Археология СССР. Свод археологических источников. Выпуск Е1-57. М., 1961. С. 20.
…20. Гарадзенскае княства.
Адна з загадак часоў Кіеўскае Русі – гэта праблема Гарадзенскага княства. Сутнасць загадкі заключаецца ў тым, што старажытны тапонім Городен (Городно) з'яўляецца агульнаю назваю не менш як двух населеных пунктаў. Адзін з іх цяперашняе сяло (раней мястэчка) Гарадная ў Столінскім раёне Брэсцкае вобласці, другі – цяперашні абласны цэнтр Беларусі, г. Гродна. У сувязі з гэтым думкі даследчыкаў што да лакалізацыі княства падзяліліся. Адны лічаць яго сталіцай Городен на Століншчыне, іншыя – населены пункт з такою ж назваю ў Панямонні. Існуе яшчэ адзін пункт гледжання, згодна з якім цэнтрам Гарадзенскага княства з'яўляўся Давыд-Гарадок у нізоўях Гарыні[1]. Праблема застаецца неразвязанаю.
Першым вядомым Гарадзенскі князем з'яўляецца Усеваладка Гарадзенскі. Большасць даследчыкаў лічыць яго сынам Давіда Ігаравіча. На думку некаторых даследчыкаў, яго бацькам быў Яраслаў Яраполкавіч[2]. У 1117 годзе Усеваладка ажаніўся з дачкою Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. У 1127 г. вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч (сын Уладзіміра Манамаха) арганізаваў агульнарускі паход на Полацкую зямлю. У паходзе ўзялі ўдзел князі: Андрэй з Уладзіміра-Валынскага, Вячаслаў з Турава (браты Мсціслава Уладзіміравіча), Вячаслаў Яраславіч з Клецка, Усеваладка з Гародна і іншыя. У 1131 годзе Усеваладка Гарадзенскі бярэ ўдзел у паходзе Мсціслава Кіеўскага на Літву. У 1141/2 г. Усеваладка Гарадзенскі памёр.
Ва Усеваладкі Гарадзенскага было тры сыны і дзве дачкі (імёны дачок невядомыя). Дочкі былі выдадзеныя замуж у 1144/5 г.: адна за Уладзіміра Давідавіча, князя чарнігаўскага, які пасля стаў яшчэ і князем берасцейскім і дарагічынскім, другая - за Юрыя Яраславіча, князя тураўскага і пінскага.
У 1144 г. вялікі князь кіеўскі Усевалад Ольгавіч арганізаваў паход на Галіцкую зямлю. У ім узялі ўдзел шматлікія князі, у тым ліку Барыс і Глеб Усеваладкавічы. У 1151 г. князь Барыс Усеваладкавіч Гарадзенскі на баку Ізяслава Мсціславіча Валынскага браў удзел у барацьбе за Кіеў супраць суздальскага князя Юрыя Уладзіміравіча Даўгарукага. На чале сваёй дружыны ён хадзіў да Дарагабужа, абараняў Кіеў, пераследаваў суздальцаў. У 1166 Глеб Усеваладавіч Гарадзенскі на заклік вялікага князя кіеўскага Расціслава Мсціславіча ўдзельнічаў у барацьбе рускіх войскаў з полаўцамі. У 1167 валынскі князь Мсціслаў Ізяславіч, плануючы паход на Кіеў, паслаў паслоў да князёў Усеваладкавічаў Гарадзенскіх. У 1168 Мсціслаў Усеваладкавіч падтрымаў вялікага князя Мсціслава Ізяславіча. У 1170 г. два Усеваладкавічы Гарадзенскія (відавочна, Мсціслаў і Глеб) удзельнічалі ў паходзе Мсціслава Ізяславіча на Кіеў, якім авалодаў Андрэй Багалюбскі. У 1170 годзе Мсціслаў Ізяславіч заключыў дамову з многімі князямі, у тым ліку з Усеваладкавічам (відавочна, Мсціславам). У 1173 г. Андрэй Багалюбскі загадаў узяць удзел у паходзе на Кіеў шматлікім князям, у тым ліку полацкім, тураўскім, пінскім і гарадзенскім. У 1183 быў арганізаваны агульнарускі паход супраць полаўцаў. У ім узялі ўдзел князі Мсціслаў Гарадзенскі, Яраслаў Юр'евіч, князь пінскі, яго брат Глеб, князь дубровіцкі.
Даследчыкі, якія лакалізуюць Гарадзенскае княства ў Пагарынні, звычайна ўключаюць у яго склад раён Гарадное, Століна, Дубровіцы, Сцяпані. Калі прыняць такое становішча, нельга выключаць, што ў склад княства мог часова ўваходзіць Давыд-Гарадок, што «стольным» горадам яго князёў мог быць некаторы час Столін. Тыя ж, хто лакалізуе гэтае княства ў Панямонні, ўключаюць у яго склад, акрамя Горадна (Гродна), гарады Новагародак (Наваградак), Ваўкавыск, Слонім.
Праблема лакалізацыі Гарадзенскага княства застаецца адкрытай. У студэнцкія гады я ставіўся адмоўна да лакалізацыі Гарадзенскага княства ў Пагарынні. Я разважаў так: навошта было вылучаць (вылучацца) княству дзесьці ў глыбінным Палессі, у глухіх лясіста-балоцістых мясцінах. Але калі фактаў у мяне назапасілася болей, я пачаў думаць інакш. Сярэдняе Пагарынне, дзе магло лакалізавацца Гарадзенскае княства, - гэта свайго роду буферная зона паміж здаўна беспасярэднімі ўладаннямі вялікага князя кіеўскага ў Пагарынні і ўладаннямі князёў тураўскіх і пінскіх. А буферныя зоны – гэта дабрадайныя месцы для існавання невялікіх дзяржаўных утварэнняў. Акрамя таго, раён Гарадное не такі ўжо глухі: побач праходзіў старажытны шлях з Пінска ў Пагарынне і далей на Валынь. Заслугоўвае ўвагі пункт гледжання даследчыкаў, якія мяркуюць, што княстваў, цэнтрамі якіх з'яўляўся горад, званы Гораднам, было не менш як два[3]…
Аўтар: Хведар Клімчук. Крыніца: http://zagorodde.na.by/istor1_3.html
[1] М.У.Шэлехаў. Давыд-Гарадок. Час і людзі. Брэст, 2000. С. 80—81.
[2] А.В.Назаренко. Городенское княжество и городенские князья в XII в. // Древнейшие государства Восточной Европы. Москва, 2000. С. 169—188.
[3] М.І.Ермаловіч. Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды. Мінск, 1990. С. 186, 188, 189, 231, 257—259.
No comments:
Post a Comment