Валер Кісель
Герб «Праўдзіц» роду Млоцкіх |
Гэтая справа [1: с. 378–380] вяртае нас да падзей у канцы самае разбуральнае ў гісторыі
Літвы-Беларусі вайны, якая для Пінскага павету пачалася ў 1648 з паўстаньня
Хмяльніцкага і закончылася з Андрусаўскім пагадненьнем з Масковіяй у 1667. У
час гэтае вайны мястэчка Гарадная пасьпела неяк падтрымаць казакоў у 1648, быць
пакараным за гэта войскам Януша Радзівіла ў 1649, быць амаль што зьнішчанай хаўрусьнікамі Хмяльніцкага татарамі ў 1653, адрадзіцца з попелу ў 1654–1660. Па
гэтым часе Гарадная ўпершыню згадваецца ў 1660, калі казацкі аддзел з
Давыд-Гарадку вывеў з Гарадной і Століна ўсю свойскую жывёлу. [1: с. 172] Улетку 1664 вялікі літоўскі гетман Павал Ян Сапега абвясьціў паспалітае рушаньне
супраць чарговага ўварваньня Масковіі і казакоў з Украіны. Шматлікія войскі
літвінаў і іншаземцаў-наймітаў разьмясьціліся на зімоўку па мястэчках і вёсках
Пінскага павету.
У Гарадной кватаравалі 4 драгунскія харугвы палку обэрштэра (палкоўніка) Кальштына. Прыведзеная тут справа красамоўна сьведчыць, як абыходзіліся іншаземныя жаўнеры з гарадэнцамі. Пра тое, што дысцыпліна ў літоўскім войску, мякка кажучы, кульгала не адно ў Гарадной, сьведчаць, напрыклад, скаргі ўніяцкага Пінскага і Тураўскага епіскапа Марцыяна Белазора на рабунак ягоных пінскіх уладаньняў (вёска Варатычы). [1: с. 385–387] Нягледзячы на лісты літоўскага польнага гетмана Міхала Казіміра Паца, падначаленыя асобных палкоўнікаў, як Кальштына, Ярмаловіча, Цеханавецкага, Дольскага, працягвалі незаконныя рэквізыцыі маёмасьці, прадуктаў і зьбіцьцё сваіх суграмадзян незалежна ад станавае прыналежнасьці. Нарэсьце, у пачатку 1666 полк Кальштына быў расфармаваны, а сам Кальштын і іншыя афіцэры меліся быць аддадзеныя пад суд польнага гетмана. Невядома аднак, ці было зьдзейсьненае правасудзьдзе, бо зь Пінскага павету жаўнеры-рабаўнікі падаліся на Валынь. [1: с. 424–425]
У Гарадной кватаравалі 4 драгунскія харугвы палку обэрштэра (палкоўніка) Кальштына. Прыведзеная тут справа красамоўна сьведчыць, як абыходзіліся іншаземныя жаўнеры з гарадэнцамі. Пра тое, што дысцыпліна ў літоўскім войску, мякка кажучы, кульгала не адно ў Гарадной, сьведчаць, напрыклад, скаргі ўніяцкага Пінскага і Тураўскага епіскапа Марцыяна Белазора на рабунак ягоных пінскіх уладаньняў (вёска Варатычы). [1: с. 385–387] Нягледзячы на лісты літоўскага польнага гетмана Міхала Казіміра Паца, падначаленыя асобных палкоўнікаў, як Кальштына, Ярмаловіча, Цеханавецкага, Дольскага, працягвалі незаконныя рэквізыцыі маёмасьці, прадуктаў і зьбіцьцё сваіх суграмадзян незалежна ад станавае прыналежнасьці. Нарэсьце, у пачатку 1666 полк Кальштына быў расфармаваны, а сам Кальштын і іншыя афіцэры меліся быць аддадзеныя пад суд польнага гетмана. Невядома аднак, ці было зьдзейсьненае правасудзьдзе, бо зь Пінскага павету жаўнеры-рабаўнікі падаліся на Валынь. [1: с. 424–425]
Справа 1665 року для нас таксама важная як
сьведчаньне хуткага адраджэньня Гарадной пасьля катастрофы на Каляды 1653. 9 верасьня
1654 войт Гарадной Самойла Васьковіч складае прысягу пра немагчымасьць сплаты
падымнага “праз спаленьне і ўбоства праз татар […] таксама і
забраньне людзей”. [4] У той самы дзень, з прычыны страты прывілеяў
на майдэборскае права, Гарадная фактычна далучаецца да структуры Пінскае
эканоміі (стараства). Пінскі чашнік і скарбовы дваранін Арнольф Гедройць выдае
канцлерынай Ганне Крыстыне зь Любамірскіх Альбрэхтавай Станіслававай Радзівілавай
уводны ліст на Пінскую эканомію. У ім Гарадная пазначана ў складзе Кігіраўскага
войтаўства. [2: арк. 58 адв.] 30 верасьня 1654
Гарадная зьмяшчаецца ў інвэнтарнае апісаньне Пінскае эканоміі [5] (ці было каго там апісваць?).
Празь нейкі дзясятак гадоў мяшчане маглі ўжо прыняць
на пастой і пракорм 4 харугвы драгунаў (каля 400 жаўнераў), адбудавалася
карчма, зноў пасяліліся жыды. Такое хуткае адраджэньне ў час вялікае вайны не
магло адбыцца натуральным шляхам з тых лічаных гарадэнцаў, што цудам
уратаваліся (былі ў той дзень у ад’езьдзе?) ад татараў, і засталі па вяртаньні
цалкам спаленае і бязьлюднае мястэчка. На маю думку, наўрад ці магла Гарадная засяліцца
выпадковым чынам, бо гэтая зямля была ўласнасьцю Пінскае каралеўскае эканоміі,
якая ў 1592 року і засноўвала мястэчка. Улічваючы, што ў Пінскім павеце за час
вайны 1648–1667 і так загінуў ці памёр амаль кожны другі [3: с. 140, табл. 4], то новае засяленьне Гарадной хутчэй за
ўсё адбылося зь нейкае іншае, больш густанаселенае тэрыторыі (дарэчы, сучасныя
прозьвішчы гарадэнцаў унікальныя ня толькі для былога Пінскага павету, але многія і для ўсяе Беларусі).
І тут зьвяртаюць на сябе ўвагу асобы тагачаснага
пінскага старасты Яна Кароля Млоцкага
і ягонае жонкі Яны Млоцкае. У судовай
справе 1803 гарадэнцы неаднаразова з удзячнасьцю згадваюць гэтых людзей, якія
баранілі іх ад прэтэнзій суседзкіх абшарнікаў. Вось як тады прамаўляў адвакат мястэчка Гарадной Фэлікс Абрамоўскі
(тагачасны пераклад на расейскую, у арыгінале прамова гучала па-польску):
«Млоцкий – староста, экономии владелец – сам ходатайствовал у короля Михайлы за местечком Городною, сам старался о выдачу для того ж местечка Городны привилегии и сам засвидетельствовал о пропаже чрез напад неприятелей прежних с надачею земель и разных вольностей привилегиев, сам исследовал и донес королю, что местечко Городно ни до каких повинностей и работ, кроме уплаты казенных повинностей не обязано…» [2: арк. 4 адв.]
«… мещане затем городенские, получив таковое благодеяние Млоцкого, всегда от наступчивости завистливых соседов находили у него помощь и покровительство. По смерти же его, когда Роман Борх, владелец Муткович и Хведоров, к Застружу тоже прочих земель городенских и сам, и крестьяне хведоровские, в его владении в то время состоящие, вдирались, сено забирали и разные делали обиды, затем мещане городенские равно и старостиной, как и у покойного ея мужа, находя снисходительность, и будучи не в состоянии противиться насильству Борха, который (как суд удостоверается из того ж определения) так был дерзновенным, что даже напоминальных писем от суда, несколько раз выдаваемых, не слушал. Искали старостиной Млоцкой покровительства, и тем то поводом сказанная Млоцкая, осланивая их от насильства Борха и давая их делу повышение, себя в прозыв уместила…» [2: арк. 16, 16 адв.]
Асабліва важная роля Яна Кароля Млоцкага адзначаецца
ў парадзе і дапамозе гарадэнцам аднавіць майдэборскае права ў 1670. Пан Млоцкі
нават асабіста сьведчыў перад каралём, што стары гарадэнскі прывілей згарэў у
полымі татарскага набегу:
«Имело местечко Городна предуниовые привилегии на землю, тоже на разные свободы и вольности, те во время мятежов козацких и нападов татарских загибли. Иван Карл Млоцкий, староста пинский и владелец экономии, близ того века жительствуя, совершенно будучи того сведущ, засвидетельствовал пред престолом истинное существование помененных, местечку Городной служащих, привилегий и в оных наданных тому ж местечку вольностей, и сим представил королю и просил выдачи мещанам городенским привилегии по причине пропавших прежних. Король Михаил на просьбу Млоцкого старосты выдал в 1670 году местечку Городной привилегию…» [2: арк. 5, 5 адв.]
Неўзабаве пасьля трагічных падзеяў 1653, у канцы 1655
– пачатку 1656 року Ян Кароль Млоцкі атрымаў ад свайго шэфа (доўгія гады быў у
яго сакратаром), «стража права», літоўскага канцлера Альбрэхта Станіслава Радзівіла
Пінскае стараства, хоць права ўласнасьці
на эканомію яшчэ пэўны час належала жонцы, а праз год удаве Радзівіла Крыстыне
зь Любамірскіх. У 1659 паня Крыстына пералічае ў Літоўскі Скарб падатак з усяго
Пінскага стараства (800 фл.), а пан Ян Кароль Млоцкі толькі з Кігіраўскага
войтаўства (80 фл.) [1: с. 505], да якога фармальна належала
Гарадная пасьля страты прывілеяў на вольнасьці. То бок выглядае, што менавіта
Кігіраўскае войтаўства было першым поўным уладаньнем Млоцкіх на Піншчыне.
Ян Кароль Млоцкі валодаў яшчэ
Гельмецкім стараствам (цяпер Эстонія), быў падстолім цеханоўскім (Мазовія,
1649–1656). Ягоны брат ашмянскі падстолі (1659) Андрэй Казімір Млоцкі быў старастам
тлумацкім (Галіччына). Разам з братам Ян Кароль Млоцкі падпісаў элекцыю 1648 з
Кракаўскім ваяводзтвам. Старадаўні род Млоцкіх герба Праўдзіц паходзіў з
Мазовіі і валодаў шматлікімі землямі па ўсёй Рэчы Паспалітай. Цікава, што
дзядзька Яна Кароля гельмецкі і аршанскі стараста (1589) Андрэй Млоцкі першы з
гэтага роду пасяліўся на Літве, праявіў сябе адным з самых здольных палкоўнікаў
у бітве пад Кірхгольмам 1605, у маскоўскіх паходах 1607–1612, бараніў Маскву ад
паўстанцаў у 1611, фундаваў у 1636 аршанскі бэрнардынскі кляштар разам з сваёю
жонкаю Крыстынаю з Масальскіх. [6]
У сувязі з гэтым, выглядае натуральным меркаваньне,
што атрымаўшы зямлю зьнішчанага мястэчка Гарадной ва ўласнасьць, менавіта
Млоцкі прапанаваў падданым з сваіх далёкіх уладаньняў ці ўладаньняў сваёй жонкі
або іншых сваякоў перасяліцца ў Гарадную. Цалкам лягічна, што перасяленьне
адбылося зь нейкае мяйсцовасьці, дзе займаліся ганчарствам. Разам з умельствам
рабіць гаршкі перасяленцы маглі ўзяць з сабою рысы цяперашняе гарадэнскае
гаворкі, што да нашага часу вылучаецца сярод гаворак Берасьцейшчыны сваімі
архаічнымі рысамі, якія адсутныя ў навакольных вёсках. Засталося цяпер толькі
адшукаць гэтую мяйсцовасьць, а для гэтага мае сэнс прааналізаваць:
1.
Геаграфію ўладаньняў Яна Кароля і Яны Млоцкіх.
2.
Асноўныя фанэтычныя і лексычныя рысы гаворак па
гэтых уладаньнях.
3.
Прозьвішчы жыхароў гэтых мяйсцовасьцяў.
4.
Наяўнасьць там ганчарных традыцый.
Такім чынам, нягледзячы на адсутнасьць майдэборскіх
архіваў самой Гарадной, мы зможам ушчыльную падыйсьці да разьвязкі гэтых немалаважных
пытаньняў: адкуль паходзяць продкі сёньняшніх гарадэнцаў (Шэлесты, Пешкі,
Вярохі, Кісялі, Вячоркі ды інш.) і чаму іх прыгожая адметная мікрамова з паўмяккімі
зычнымі і старажытным гукам «яць» так вылучаецца сярод гаворак гістарычнае
Піншчыны.
Крыніцы:
1.
Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора
древних актов. Т. XXXIV. Вильна, 1909.
2.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Менску
(НГАБ). Фонд 535, вопіс 1, справа 1.
3.
Сагановіч Г. Невядомая вайна. Мінск, 1995.
4.
НГАБ. Ф. 1733, воп. 1, спр. 168, арк. 34,
прысяга №30.
5.
НГАБ. Ф. 120, воп. 1, спр. 2921, арк. 4 адв.
6. Uruski S. i inne. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. XI. Warszawa, 1914. S. 157.
6. Uruski S. i inne. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. XI. Warszawa, 1914. S. 157.
No comments:
Post a Comment