Валер Кісель
Герб «Праўдзіц» роду Млоцкіх |
Гэтая справа [1: с. 378–380] вяртае нас да падзей у канцы самае разбуральнае ў гісторыі
Літвы-Беларусі вайны, якая для Пінскага павету пачалася ў 1648 з паўстаньня
Хмяльніцкага і закончылася з Андрусаўскім пагадненьнем з Масковіяй у 1667. У
час гэтае вайны мястэчка Гарадная пасьпела неяк падтрымаць казакоў у 1648, быць
пакараным за гэта войскам Януша Радзівіла ў 1649, быць амаль што зьнішчанай хаўрусьнікамі Хмяльніцкага татарамі ў 1653, адрадзіцца з попелу ў 1654–1660. Па
гэтым часе Гарадная ўпершыню згадваецца ў 1660, калі казацкі аддзел з
Давыд-Гарадку вывеў з Гарадной і Століна ўсю свойскую жывёлу. [1: с. 172] Улетку 1664 вялікі літоўскі гетман Павал Ян Сапега абвясьціў паспалітае рушаньне
супраць чарговага ўварваньня Масковіі і казакоў з Украіны. Шматлікія войскі
літвінаў і іншаземцаў-наймітаў разьмясьціліся на зімоўку па мястэчках і вёсках
Пінскага павету.